Птушыная сталоўка анлайн у Залессі развітваецца да наступнай зімы!

ад 13 сакавіка 2018 года

Гэтай зімой мы ўпершыню ў Беларусі стварылі магчымасць назіраць за птушкамі на сталоўцы з дапамогай анлайн трансляцыі. Праз тое, што яна знаходзілася на ўскрайку Белавежскай пушчы ў невялічкай вёсачцы Залессе, на яе прыляталі не зусім звычайныя для гарадскіх сталовак, да якіх усе мы прызвычаіліся, віды птушак.

За два з паловай месяцы трансляцыі (якая пачалася ў другой палове снежня), на яе заходзілі амаль 4500 чалавек з 62 краін, апошняй да назіранняў далучылася Коста Рыка.

Нам вельмі прыемна, што большая палова назіральнікаў усё ж была з Беларусі — амаль 2500 чалавек. Таксама найбольш папулярнымі назіранні птушак, што зімуюць у нас, былі ў нашых суседзяў: Расіі, Украіны, Польшчы і Літвы, але таксама ў ЗША і Заходняй Еўропе. Топ-25 краін з колькасцю назіральнікаў з іх выглядае наступным чынам:

А гэта — «наша геаграфія» (статыстыка і яе візуалізацыя ўзятыя з сайта http://s01.flagcounter.com ):

Усяго за час трансляцыі на сталоўцы былі адзначаныя 11 відаў птушак: вялікая і сіняя сініцы, сівая сініца і сініца-маскоўка, сойка, звычайны кавалік, палявы верабей, сярэдні і вялікі дзятлы, чорны дрозд і нават берасцянка! У ясныя і марозныя ночы выразна было чуваць шлюбныя крыкі шэрай кугакаўкі і, зрэдку, вераб’інага сычыка. Апошні часам таксама назіраў за сталоўкай для птушак, але без гаджэтаў.

Вераб’іны сычык назірае за птушынай сталоўкай. Здымак Сяргея Сідарука

Падчас трансляцыі змянілася і сама сталоўка, і размяшчэнне каля яе камеры. Атрыманы досвед мы выкарыстаем, каб зрабіць назіранні цікавейшымі ў наступныя зімы.

Дзякуем усім, хто арганізаваў сталоўку і магчымасць назіраць за яе гасцямі не выходзячы з хаты ці офісу: Сяргею Сідаруку і Насці Хмель, гаспадарам экааграсядзібы “Залессе”; сябрам Брэсцкага абласнога аддзялення АПБ; уладальніку польскага сервера http://stream360.pl і ўсім, хто назіраў за птушкамі разам з намі!

Аднак надоўга мы не развітваемся — неўзабаве мы зможам дзявяты сезон запар назіраць анлайн за прыватным жыццём сокала-пустальгі ў Брэсце – сачыце за банэрамі і абвесткамі сайце “Птушкі штодня”!

 

Дзмітры Вінчэўскі для birdwatch.by



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: