Вестка з першай вандроўкі маладога арла

ад 13 сакавіка 2018 года

Дадалося відэа!

Мы атрымалі з Ізраіля “прывітанне” ад акальцаванага намі летась вялікага арляца. Гэты малады арол зімуе недалёка ад кібуца Цірат-Цві, дзе яго заўважыў і сфатаграфаваў арнітолаг Аўнэр Рынот.

 

Вялікі арлец з Беларусі на зімоўцы ў Ізраілі. Фота: Аўнэр Рынот

Нашыя спецыялісты Дзяніс Кіцель і Дзмітрый Шамовіч пад кіраўніцтвам Валерыя Дамброўскага акальцавалі гэтага арляца ў ліпені на Палессі, калі ён быў птушаняткам.

Ужо тады арляня атачалі незвычайнасці. Яго бацькі аказаліся рыбаловамі! Падчас кальцавання спецыялісты знайшлі ў гняздзе галаву шчупака – атрымліваецца, бацькі-арляцы змаглі яе вылавіць і прынесці малому.

Але яшчэ цікавей тое, што жыла гэтая сям’я, можна сказаць, у камуналцы. Сценка ў сценку з імі пасяліўся маленькі крапіўнік, які звіў гняздо ў “падмурку” гнязда арлоў. І не проста звіў, але і вывеў птушанятак і актыўна іх карміў.

Тут заўважылі акальцаванага намі вялікага арляца (месца з чырвонай пазнакай)

Прыемна, што акцыя “Выратуй арляня!” дае свой плён, і мы бачым, што наш малады арлец, якому няма яшчэ года, добра справіўся са сваім першым падарожжам. Спадзяемся, што ў Ізраілі ён зімуе з камфортам і яго пералёт дадому будзе бяспечны.

На відэа ў самым пачатку мы можам назіраць гэтага маладога вялікага арляца ў кампаніі двух іншых некальцаваных арляцоў. Магчыма, яны таксама з Беларусі, але дакладна мы гэтага не ведаем.

Нагадаем, што раней мы ўжо атрымлівалі фота іншага нашага арляца з Ізраіля.

Убачыў птушку з кальцом – паведамі

Дзякуючы кальцу мы даведаліся пра зімоўку нашага маладога арла. А ці заўважаў ты акальцаваных птушак побач з сабой?

Акальцаваны вялікі арлец з Беларусі на зімоўцы ў Ізраілі. Фота: Аўнэр Рынот

Вакол нас многа птушак з розных краін, пазначаных кольцамі – звычайнымі ці каляровымі. Калі зрабіць здымак, можна лёгка расчытаць надпіс на кольцы. Па ім можна даведацца, адкуль прыляцела гэтая птушка і дзе яе бачылі раней.

Акальцаваны лебедзь. Фота: Максім Чарноў

Паведамі нумар кальца, а таксама дату і месца назірання птушкі ў Беларускі цэнтр кальцавання птушак — навукоўцы будуць удзячныя за гэтую інфармацыю:

Можа быць, тваё паведамленне пра гэтую птушку будзе першым. А можа быць, у гэтай птушкі ўжо ёсць свой летапіс жыцця!



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: