Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Колькі качак зімавала ў Беларусі?
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 13 сакавіка 2018 года
Ужо растаюць снег і лёд на вадаёмах, птушкі пачалі вяртацца да нас з выраю – ідзе вясна. Але некаторыя птушкі нават не адляталі ў цёплыя краіны, а заставаліся ў нас зімаваць. Штогод у Беларусі праходзіць “перапіс” вадаплаўных птушак на зімоўцы. Сёлета падчас улікаў налічылі 24897 птушак 27 відаў. Вялікі дзякуй усім удзельнікам!
У студзені ў многіх краінах свету традыцыйна праходзяць зімовыя улікі вадаплаўных і каляводных птушак. У гэты час птушкі канцэнтрыруюцца і іх можна больш-менш дакаладна палічыць і даведацца, у якім стане знаходзяцца розныя віды і папуляцыі. У Беларусі ўлікі ладзяцьі АПБ разам з НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі, да акцыі звычайна далучаюца дзясяткі валанцёраў.
Аксакаўшчына. Улікі вадаплаўных. Фота Святланы Ішчанка
Мы заклікалі ўсіх выйсці да найбліжэйшых незамерзлых вадаёмаў: рэчак, азёраў, ставоў – і пералічыць птушак. Той, хто аднойчы паспрабаваў займацца ўлікамі, звычайна далучаецца і на наступны год: такая птушыная прагулянка вельмі цікавая, а да таго ж дапамагае вучоным і прыродаахоўнікам сабраць патрэбную інфармацыю. Многім хочацца ўгледзець які-небудзь рэдкі від, і некаторым пашанцавала пабачыць зімародка, белую чаплю або вялікую коўру.
Юны арнітолаг Слава Злобіч вельмі пільны: пабачыў зімародка на другім баку Свіслачы! Фота Ірыны Бірынай-Паўлавай
А самымі цікавымі рэдкасцямі сёлета сталі невялічкі кулічок гаршнэп на Гродзеншчыне і марская чайка пасярэдзіне Мінска на Свіслачы.
Качка-крыжанка на лёдзе. Фота Ірыны Бірынай-Паўлавай
Лідар жа па колькасці на зімоўцы ў нас пастаянны – гэта качка-крыжанка.
Дзе было найбольш птушак на зімоўцы? Самымі багатымі як па колькасці, так і па відавым багацці сталі вадаёмы Мінска і Мінскага раёна, дзе адзначылі 17 відаў. Усяго на гэтых вадаёмах улічылі 7576 птушак. Другое па велічыні скопішча — вадаём-ахаладжальнік ЦЭЦ-5 у Пухавіцкім раёне: тут на адным вадаёме налічылі 5327 асобін чатырох відаў. А па відавым багацці на другім месцы апынулася возера Лукомльскае: тут налічылі 14 відаў (1326 птушак).
Вынікі зімовых улікаў вадаплаўных у Беларусі за 2018 год
Табліцу з вынікамі ўлікаў можна спампаваць тут.
Да кампаніі па ўліках вадаплаўных далучыўся 231 чалавек. Мы атрымалі 80 анкет ад 43 аўтараў.
Сярод сёлетніх удзельнікаў улікаў мы разыгралі карысныя і прыемныя падарункі – вызначальнікі гусяў і качак. Лёс паспрыяў Святлане Радзіонавай з Івацэвічаў і Таццяне Каржыцкай з Мінска – віншуем! Дарэчы, Таццяна была і летась, і сёлета самай актыўнай удзельніцай улікаў: яна даслала нам 9 і 14 анкет адпаведна.
Вызначальнік гусепадобных
Чым болей людзей з розных раёнаў краіны будзе далучацца да ўлікаў, тым больш дакладную інфармацыю аб птушках мы зможам сабраць. Таму, калі сёлета ў цябе не атрымалася далучыцца да акцыі, чакаем цябе ў наступным студзені сярод удзельнікаў “птушынага перапісу”!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: