Школа бёрдвочараў на прыродзе: каго пабачылі гомельскія птушкары?

ад 4 красавіка 2018 года

Першага красавіка, якраз у Міжнародны дзень птушак, у школе бёрдвочараў у горадзе Гомелі адбыўся чарговы, ужо трэці, занятак. Гэтым разам – асаблівы, на ўлонні прыроды.

Слухачы школы раздзяліліся на два патокі, заняткі для якіх пачыналіся ў 9 і 13 гадзін.

Школа бёрдвочара ў Гомелі. Палявы занятак. Фота Максіма Шастакова

Сабраліся ля пешаходнага моста праз раку Сож, дзе арнітолаг Зінаіда Гарошка і старшыня Гомельскага рэгіянальнага аддзялення АПБ Раман Хлебін правялі ўступную лекцыю і аб’явілі маршрут арніталагічнай экскурсіі. Было даволі многа слухачоў — у сярэднім 60 чалавек. Прычым сярод іх было шмат дзяцей розных узростаў. Узброеныя біноклямі, фотакамерамі, блакнотамі — усе былі ў нецярплівым чаканні выхаду ў падарожжа.

Гомельскія бёрдвочары-пачаткоўцы на птушынай экскурсіі. Фота Максіма Шастакова

Нарэшце, старт быў дадзены. І адразу ж усе атрымалі ўзнагароду – магчымасць адразу з моста назіраць за вялікай чарадой качак-крыжанак. Сышлі з моста – зноў прыпынак. На дрэве ля дупла завіхаецца сіняя сініца.

Сіняя сініца. Фота Максіма Шастакова

Да таго ж чутныя вясновыя гукі спеваў паўзунка. Зінаіда Гарошка добра разумее “мову птушак” і тлумачыць яе астатнім. Далей – болей… Высока над галовамі пралятае шэрая чапля, сярод крыжанак заўважана качка-свіцьва, дзятлы звяртаюць да сябе ўвагу стукам.

Слухачы школы расцягнуліся ў доўгую калону, якая даволі хутка рухалася ўверх па цячэннi ракі. Час ад часу хто-небудзь пакідаў агульную сцежку і па снезе збягаў да Сожа ці ў процілеглы бок – да лісцевага пойменнага лесу, дзе заўважалі штосьці цікавае. Дарэчы, былі заўважаныя дзве вялікія чаплі ў палёце, а таксама ключ шэрых жураўлёў.

Шэрыя жураўлі ў палёце. Максім Шастакоў

Агульны прыпынак быў зроблены аднойчы, яе вымусіла зрабіць сваім спевам стрынатка звычайная. Усе ўдзельнікі заняткаў змаглі добра разглядзець і паслухаць птушку.

Звычайная стрынатка. Фота Максіма Шастакова

Канцавым пунктам падарожжа было месца ўпадзення ракі Іпуць у Сож, так званае Валодзькава возера. Вадасховішча было пакрыта ільдом і рыбакамі. З птушак быў толькі шуляк-галубятнік, які не хацеў пазаваць і адразу зляцеў.

Удзельнікі Школы бёрдвочара ў Гомелі на птушынай экскурсіі. Фота Максіма Шастакова

На зваротным шляху атрымалі бонус. Высока ў небе кружылі некалькі белых буслоў, на чыстай вадзе Сожа красавалася пара лебядзёў-шыпуноў, а на дрэве весела спявала берасцянка.

Лебедзь-шыпун. Фота Максіма Шастакова

Школа бёрдвочараў у Гомелі — частка ініцыятывы «Будзь здаровы з птушкамі!» Ініцыятыва рэалізуецца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у парнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Яўген Шастакоў, фота Максіма Шастакова



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: