Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Паселім сойку на фасадзе?
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 5 красавіка 2018 года
Упрыгожым Клічаў сойкай! Гэтая птушка была абраная крылатым сімвалам Клічаўскага раёна ў 2017 годзе. Разам мы можам зрабіць так, каб сойка заняла свой “пачэсны фасад” і на адным з дамоў горада з’явілася прыгожае птушынае графіці.
Такія графіці ўжо з’явіліся ў розных гарадах Беларусі – мы ўсе разам, талакой, збіралі на гэта сродкі. Насценныя роспісы з птушкамі з’явіліся не толькі ў Мінску, дзе на сценах будынкаў пасяліліся вушатая сава ды гогаль, але і ў малых гарадах, якім часта не хапае яркасці і фарбаў. У Валожыне на адным з дамоў цяпер красуецца зімародак, а ў Маларыце – жаўрук-смяцюх.
Дарэчы, кампанія па зборы сродкаў на графіці з жаўруком сабрала так шмат ахвяраванняў, што частка з іх пойдзе на графіці з сойкай. Засталося сабраць 1115 рублёў.
Хочаш дапамагчы Клічаву стаць ярчэйшым і ўшанаваць сваю абранніцу? Ты можаш “намаляваць пёрка” сойкі, зрабіўшы ўнёсак на краўфандынгавай платформе “Талака”. Хай прыгожая соечка аздобіць горад, а кожны жыхар запомніць, як яна выглядае, і з лёгкасцю пазнае сярод іншых птушак!
Маляваць сойку будзе мастак Алесь Kontra, ужо вядомы многім па згаданых вышэй птушыных графіці. Калі ўдасца назбіраць больш грошай, чым патрэбна для праекта, то сваю птушку на фасадзе атрымаюць яшчэ два гарады: у Карме з’явіцца шчыгел, а ў Івацэвічах – барадатая кугакаўка.
Таму не стрымлівай сябе, зрабі ахвяраванне дзеля птушак і мастацтва!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: