За пустальгой можна падглядаць анлайн

ад 13 красавіка 2018 года

Назірай за жыццём сокала-пустальгі анлайн! У Брэсце ўсталяваная камера, якая вядзе трансляцыю з гнязда сакалінай пары на шматпавярховіку.

Гэта ўжо дзявяты сезон анлайн-відэаназіранняў за сокалам-пустальгой. Сёлета якасць трансляцыі нашмат палепшылася.

Тым не менш, па першым часе магчымыя тэхнічныя праблемы, за што прыносім прабачэнні. У гэтым выпадку паспрабуйце зайсці на старонку са стрымам пазней.

Вось адны з першых партрэтаў пары.

Самка сокала-пустальгі

Самец сокала-пустальгі

Cамец актыўна капае гнездавую ямку — сокалы гнёздаў самі не робяць і займаюць або гатовыя (звычайна воранавых птушак: крумкачоў, гракоў, шэрых варон ці сарок), або вось такія гнездавыя нішы.

Самкі пасля выбару адпаведнага самца самі не палююць, бо ім трэба фармаваць будучыя яйкі – дый праверыць здольнасці самца. А праз прыкладна 1,5 месяца, калі вылупяцца птушаняты, яму давядзецца карміць не толькі сябе і самку, але і малых, што хутка растуць.

Ад таго, як часта і якой велічыні самец прыносіць здабычу самцы ў перыяд перад адкладкай яек, можа залежаць колькасць гэтых яек. Яна, праўда, не можа быць большай за 6-7 нават у найлепшым выпадку, але калі здабычы параўнальна мала, то можа быць меншай за звычайную для віду ў нас колькасць — 5-6 яек.

Вядома, на гэта могуць уздзейнічаць і іншыя фактары: фізічны стан і ўзрост самкі (маладыя і вельмі старыя самкі адкладваюць менш яек).

Самец прынёс чарговую палёўку.

Паводле Дзмітрыя Вінчэўскага

birdwatch.by



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: