Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Скопы адклалі першае яйка – назірай анлайн!
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 24 красавіка 2018 года
Як жыве скапа? За гняздом гэтых птушак цяпер можна назіраць анлайн на сайце birdwatch.by.
Гняздо, за якім “падглядае” камера, пабудаваў у свой час выдатны арнітолаг Уладзімір Іваноўскі. Яно знаходзіцца ў Расонскім раёне на тэрыторыі, якая арандуецца паляўнічай гаспадаркай “Чырвоны Бор”. Ініцыяваў гэтую надзвычай захапляльную трансляцыю Навукова-практычны цэнтр па вядзенні палявання і кіраванні рэсурсамі дзікіх жывёл.
Пара скопаў на гняздзе
Скапа – рыбаедная птушка, гэты від мае нацыянальны і міжнародны статусы аховы. Скопы вяртаюцца з зімоўкі ў Афрыцы ў красавіку. Свае гнёзды яны будуюць на плоскіх вяршынях высокіх дрэвах ля верхавых балотаў ці азёраў, часта на астраўках або мысах. Кожнае яйка наседжваюць ад 35 да 40 дзён, а птушаняты гадуюцца на гняздзе ад 8 да 10 тыдняў. Таму, калі ўсё будзе добра, назіраць за гняздом можна будзе доўга – а заадно праверыць гэтыя «кніжныя» дадзеныя.
Гэта другі выпадак для Беларусі, калі вядзецца назіранне за драпежнымі птушкамі анлайн (першы — пустальга ў Брэсце) і першы з месцаў, дзе няма пастаяннай крыніцы харчавання.
З камеры вядзецца відэазапіс, самыя цікавыя і важныя моманты з жыцця скопаў загружаюцца ў каментарах пад акном трансляцыі.
Вось некаторыя з іх.
Незразумела, ці то адзін самец спарваўся з дзвюма рознымі самкамі, ці на гняздзе працягам роду займаліся дзве розныя пары. Самак на відэа адрозніць лёгка: адна з белым горлам, а другая з пярэстым. А вось адзін быў самец ці двое розных – вызначыць няпроста.
Калі ёсць добрыя суседзі — не прападзеш!
Вялікі грычун «папраўляе» гняздо скопам.
А вось і першае яйка, якое самка скапы адклала 23 красавіка!
Паводле Дзяніса Кіцеля і Дзмітрыя Вінчэўскага, birdwatch.by
Падзяліся артыкулам у сацсетках: