Топ-15 тэрыторый, важных для біяразнастайнасці Беларусі

ад 22 мая 2018 года

Да Міжнароднага дня біяразнастайнасці, які адзначаецца 22 траўня, мы актуалізавалі спіс 15 тэрыторый, якія маюць важнае значэнне для захавання відаў і экасістэм на еўрапейскім узроўні.

1. Белавежская пушча

Белавежская пушча – найбуйнейшы і адзіны з некалі тыповых ў Еўропе масіваў пярвічных лясоў, які захаваўся да сённяшніх дзён і ў якім больш за тысячу шматвекавых дрэў!

Асобныя ўчасткі лесу маюць сярэдні ўзрост 250 – 350 гадоў, нярэдка сустракаюцца 500-600-гадовыя дрэвы.

Тут гняздуюцца чорны бусел, барадатая кугакаўка, малы арлец і іншыя рэдкія птушкі. Усяго ў Белавежскай пушчы налічваеца больш за 250 відаў птушак.

Зубр. Фота М. Чэркаса

З рэдкіх звяроў тут можна пабачыць еўрапейскую рысь, барсука, паўночнага кажанка, а таксама зубра – гордасць пушчанскіх лясоў, самую буйную жывёліну на еўрапейскім кантыненце. Белавежская пушча – самая тытулаваная прыродная тэрыторыя Беларусі.

Дзе: Брэсцкая вобласць, Камянецкі, Пружанскі раёны; Гродзенская вобласць, Свіслацкі раён

Тытулы: Нацыянальны парк, Аб’ект сусветнай спадчыны, Біясферны рэзерват, Дыплом Савета Еўропы, Тэрыторыя, важная для птушак міжнароднай значнасці.

2. Балота Дзікое

Дзікое – адно з найбуйнейшых у Еўропе балотаў нізіннага і пераходнага тыпу, якое захавалася ў натуральным стане.

Цікавая асаблівасць балота – тут найбуйнейшыя зараснікі бярозы нізкай!

На балоце Дзікім сустракаецца больш за сто відаў птушак, з якіх каля 20 занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Гэта барадатая кугакаўка, пугач, чорны бусел, шэры журавель, балотная сава. Міжнародную значнасць балоту надае гнездаванне тут некалькіх відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення: вяртлявай чаротаўкі, вялікага арляца, дубальта, вялікага грыцука.

Болотная сова. Фото В. Юрко

На тэрыторыі балота адзначаныя рысь і воўк. Асаблівае значэнне Дзікое мае для захавання ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча» абарыгеннай папуляцыі лася.

На тэрыторыі выяўлена больш за 10 відаў насякомых і больш за 20 відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі.

Дзе: Брэсцкая вобласць, Пружанскі раён, Гродзенская вобласць, Свіслацкі раён.

Тытулы: Уваходзіць у Нацыянальны парк «Белавежская пушча», Тэрыторыя, важная для птушак міжнароднай значнасці.

3. Выганашчанскія балоты

Найбуйнейшы ў Беларусі комплекс дробналіставых забалочаных лясоў, балотаў, рачных поймаў і мелкаводных азёраў.

Гэта цяжкапраходныя тэрыторыі, таму тут шмат рэдкіх птушак. Менавіта тут захавалася адна з апошніх на Палессі папуляцый барадатай кугакаўкі (20-30 пар) і заходне-еўрапейскага падвіду глушца (15-25 самцоў), рэгулярна гняздуецца некалькі пар арлана-белахвоста. Выганашчанскія балоты – дом для многіх відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення: вяртлявай чаротаўкі, вялiкага арляца, дубальта, вялiкага кулёна, вялiкага грыцука.

Глушэц. Фота В. Казлоўскага

На тэрыторыі заказніка існуе адна з найбуйнейшых у Беларусі груповак лася. Заказнік мае вялікае значэнне для захавання фаўны рэптылій і амфібій: тут знаходзіцца адна з найбуйнейшых у Беларусі папуляцый гадзюкі.

Дзе: Брэсцкая вобласць, Івацэвіцскі, Ганцавіцкі, Ляхавіцкі раёны.

Тытулы: Рэспубліканскі ландшафтны заказнік, Рамсарскае ўгоддзе, Тэрыторыя, важная для птушак міжнароднай значнасці.

4. Балота Спораўскае

Адзін з найбуйнейшых у Еўропе комплексаў поймавых нізінных балот, які захаваўся ў натуральным стане.

Гэта другое па значнасці месца гняздавання вяртлявай чаротаўкі ў Беларусі: тут гняздуецца каля 9 % сусветнай папуляцыі і менавіта тут адзначана самая высокая ў свеце шчыльнасць гнездавання гэтага віду. Балота Спораўскае забяспечвае існаванне папуляцый цэлага шэрагу рэдкіх і знікаючых відаў птушак, сярод якіх два віды (драч і дубальт) знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення, а 20 занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Драч. Фота М. Вараб’я

Забалочаная пойма характарызуецца ўнікальным складам раслін, з якіх 18 відаў ахоўваюцца.

Дзе: Брэсцкая вобласць, Бярозаўскі, Драгічынскі, Іванаўскі, Івацэвіцкі раёны.

Тытулы: Рэспубліканскі біялагічны заказнік, Рамсарскае ўгоддзе, Тэрыторыя, важная для птушак міжнароднай значнасці.

5. Балота Званец

Званец – найбуйнейшае ў Еўропе нізіннае балота са шматлікімі мінеральнымі астравамі. Плошча балота – больш за 100 квадратных кіламетраў!

Асаблівую значнасць Званец мае для захавання найбуйнейшай у свеце папуляцыі вяртлявай чаротаўкі, адной з самых рэдкіх вераб’іных птушак Еўропы. На балоце Званец іх жыве каля 3 тысяч пар. Знікне Званец – і пад пагрозай знікненная апынецца цэлы біялагічны від. Таму захаванне Званца важнае ў сусветным маштабе.

Вяртлявая чаротаўка. Фота А. Казуліна

 

 

Акрамя вяртлявай чаротаўкі тут жывуць і шмат іншых рэдкіх і цікавых відаў птушак, такія як занесеныя ў Міжнародную чырвоную кнігу вялікі арлец, дубальт, вялікі кулён. Усяго 21 від птушак са 110, якія адзначаюцца на балоце Званец, занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

На Званцы шмат і рэдкіх раслін, у тым ліку – архідэй: тут растуць вянерын чаравічак, чырвоны пылкагалоўнiк і шмат іншых.

Што пагражае: Змяненне гідралагічнага рэжыму і спыненне кашэння тэрыторыі мясцовымі жыхарамі дзеля загатоўкі сена прывяло да зарастання балота хмызнякамі і трыснягом. Змяненне расліннасці вядзе да знікнення месцаў гнездавання вяртлявай чаротаўкі.

Дзе: Брэсцкая вобласць, Драгічынскі і Кобрынскі раёны.

Тытулы: Рэспубліканскі ландшафтны заказнік, Рамсарскае ўгоддзе, Тэрыторыя, важная для птушак міжнароднай значнасці.

6. Простыр

Адзін з найбольш дзікіх куточкаў Беларусі, які захаваўся сярод пераўтвораных ландшафтаў. Тэрыторыя моцна абводненая і таму нават у засушлівыя гады яна цяжкадаступная, а пры высокай вадзе і ўвогуле непраходная. На гэтай тэрыторыі дамінуюць поймавыя лугі, трысняговыя і асаковыя балоты.

У складзе арнітафаўны Простыра адзначана 133 віды птушак, з якіх 27 занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Найбольшае значэнне тэрыторыя мае для водна-балотных відаў. Тут гняздуюцца 4 віды, якім пагражае глабальнае знікненне: вялікі арлец, дубальт, вялікі грыцук, вяртлявая чаротаўка. Таксама, на тэрыторыі ўгоддзя гняздуецца шэраг іншых птушак, якія маюць ахоўны статус у Еўропе або ў Беларусі: чапля-бугай, чапля-лазянік, драч, малы і звычайны пагоніч.

Пагоніч звычайны. Фота Дз. Якубовіча

Дзякуючы цяжкай праходнасці тэрыторыі фактар неспакою ў пойме мінімальны, што спрыяе канцэнтрацыі ў заказніку розных відаў жывёл.

Дзе: Брэсцкая вобласць, Пінскі раён.

Тытулы: Рэспубліканскі ландшафтны заказнік, Рамсарскае ўгоддзе, Тэрыторыя, важная для птушак міжнароднай значнасці.

7. Сярэдняя Прыпяць

Найбуйнейшы ў Еўропе ўчастак рачной поймы, які захаваўся ў натуральным стане. Нездарма Прыпяць называюць беларускай Амазонкай – шырыня разліваў можа дасягаць 20 кіламетраў, а шматлікія пераплеценыя старарэчышчы нагадваюць павуцінне.

Прыпяць

 

 

Каштоўнасць заказніка – у захаванасці некранутых пойменных лясоў і лугоў. Пойма ракі Прыпяць у сярэдняй плыні – ключавы еўрапейскі пралётны шлях для водна-балотных птушак. Штогод сотні тысяч качак, гусяў, кулікоў спыняюцца на Прыпяцкіх паплавах на сваім шляху. Тут таксама гняздуюцца занесеныя ў Міжнародную чырвоную кнігу вялікі арлец, вялiкі грыцук, белавокі нырок.

Ёсць на гэтай тэрыторыі і рэдкія расліны: сальвінія плывучая, луннiк ажываючы, вадзяны арэх плывучы, фiялка багнавая, слiва калючая, аднацветка аднакветкавая і шмат іншых.

Што пагражае: сур’ёзную пагрозу ўсяму беларускаму Палессю нясуць планы будаўніцтва аб’ектаў транспартнага воднага шляху Е-40. Выкарыстанне Прыпяці як суднаходнай ракі сур’ёзна зменіць гідралагічны рэжым цэлага шэрагу рэкаў, нашкодзіць дзясяткам прыродных тэрыторыяў пад асаблівай аховай, будзе перашкаджаць нерасту рыбаў і створыць пагрозу тэхнагенных катастрофаў.

Дзе: Брэсцкая вобласць, Столінскі, Лунінецкі, Пінскі раёны; Гомельская вобласць, Жыткавіцкі раён.

Тытулы: Рэспубліканскі ландшафтны заказнік, Рамсарскае ўгоддзе, Тэрыторыя, важная для птушак міжнароднай значнасці.

8. Альманскія балоты

Найбуйнейшы ў Еўропе комплекс верхавых, пераходных і нізінных балот, які захаваўся да нашых дзён у натуральным стане. Плошча – амаль 100 тысяч гектараў. Захаванню тэрыторыі паспрыяла стварэнне тут вайсковага палігона, для чаго з тэрыторыі Альманскіх балот адсялілі нават хутары.

Альманскія балоты. Фота В. Дамброўскага

 

Праз маладаступнасць тэрыторыя стала ключавым месцам гнездавання самай асцярожнай драпежнай птушкі Беларусі — вялікага арляца. Акрамя таго, тут у значнай колькасці гняздуюцца вялiкi грыцук, вялiкi кулён, больш чым 100 пар шэрых журавоў. Aльманскія балоты забяспечваюць існаванне значнай часткі (да 20%) беларускай папуляцыі барадатай кугакаўкі, гняздуецца тут і глушэц, палеская папуляцыя якога цяпер знаходзіцца ў прыгнечаным становішчы.

Вялікі арлец. Фота В. Дамброўскага

Што пагражае: Пасля закрыцця палігона тэрыторыя пачала хутка асвойвацца: тут створаны Палескі лясгас, развіваецца паляўнічая гаспадарка, будуюцца дарогі. Пасля адпаведнага рашэння пра адкрыццё мяжы летам з украінскага боку дзеля збору грыбоў і ягад штодзень заходзіць некалькі тысяч чалавек.

Дзе: Брэсцкая вобласць, Столінскі раён.

Тытулы: Рэспубліканскі ландшафтны заказнік, Рамсарскае ўгоддзе, Тэрыторыя, важная для птушак міжнароднай значнасці.

9.  Нацыянальны парк “Прыпяцкі”

Унікальная частка поймы ракі Прыпяць, характэрнай рысай якой з’яўляюцца славутыя поймавыя дубровы, адкрытыя паплавы і забалочаныя лясы.

Прыпяцкія балоты маюць міжнароднае значэнне для захавання відаў, якія знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення: вялікі арлец, дубальт, вялiкi грыцук. На рэгіянальным узроўні гэтая тэрыторыя важная для захавання чорнага бусла, арла-вужаеда, шэрага жураўля, малой крычкі, пугача, шэрай кугакаўкі, сярэдняга дзятла і звычайнага ляляка.

Сярэдні дзяцел. Фота Дз. Якубовіча

Тут існуе стабільная папуляцыя зубра. Наяўнасць такой колькасці відаў нацыянальнай і міжнароднай значнасці падкрэслівае важнасць тэрыторыі для захавання біялагічнай разнастайнасці Палесся, Беларусі і Еўропы ў цэлым.

Што пагражае: Як ні дзіўна – сам Нацыянальны парк. Тэрыторыя парку знаходзіцца на ключавым еўрапейскім пралетным шляху водна-балотных птушак. Але прыярытэтам адміністрацыі парку тут абраная не іх ахова, а развіццё веснавога палявання. Тэрыторыі таксама пагражае знішчэнне поймы Прыпяці ад будаўніцтва воднага шляху Е-40.

Дзе: Гомельская вобласць, Жыткавіцкі, Лельчыцкі, Петрыкаўскі раёны.

Тытулы: Нацыянальны парк, Тэрыторыя, важная для птушак міжнароднай значнасці.

10. Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік

Адзіная тэрыторыя Беларусі, дзе гаворка ідзе не пра захаванасць дзікай прыроды, а пра яе вяртанне. Запаведнік дзейнічае ў межах 30-ці кіламетровай зоны адсялення, створанай пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. За 32 гады месца чалавечай трагедыі ператварылася ў рай для дзікай прыроды. І з кожным годам запаведнік становіцца ўсё больш значным для захавання біяразнастайнасці.

Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Фота Дз. Вінчэўскага

 

 

Тут ёсць папуляцыя зубра, вяртаецца мядзведзь, вяртаюцца многія віды драпежных птушак, якія раней там не гнездаваліся. Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік – адно з нешматлікіх месцаў, дзе ўсе працесы аднаўлення праходзяць абсалютна натуральна. На гнездаванні ў запаведніку мужна сустрэць такіх рэдкіх птушак як вялікі арлец, чорны бусел, арол-вужаед, малы арлец, арлан-белахвост, сокал-пустальга, барадатая кугакаўка.

Чорны бусел. Фота В. Дамброўскага

 

 

Гэтая тэрыторыя — унікальнае для Беларусі месца зімоўкі буйных драпежных птушак – арлана-белахвоста і арла-маркута. Запаведнік – адзінае месца ў Беларусі, дзе можна сустрэць каня Пржэвальскага і ляснога ката.

Што пагражае: Аднаўленне і развіццё гаспадарчай дзейнасці: лесакарыстанне, сельская гаспадарка, паляванне і іншае.

Дзе: Гомельская вобласць, Хойніцкі, Брагінскі і Нараўлянскі раёны.

Тытулы: Запаведнік, Тэрыторыя, важная для птушак міжнароднай значнасці.

11. Пойма Дняпра Лоеў-Жары

Пойма Дняпра – гэта адзін з ключавых шляхоў для пералётных водна-балотных птушак. Найбольш распаўсюджаныя тыпы экасістэм на гэтай тэрыторыі – паплавы. Менавіта яны займаюць больш за палову плошчы тэрыторыі і ствараюць выдатныя ўмовы для гнездавання такіх рэдкіх відаў, як дубальт, драч, малая крычка, белакрылая рыбачка, звычайны пагоніч. Крутыя берагі спрыяюць гнездаванню ластаўкі-зямлянкі. Арнітафаўна тэрыторыі слаба вывучаная і таму патрабуе далейшых даследаванняў. Для поймы Дняпра было адзначана каля 200 відаў птушак.

Ластаўка-зямлянка. Фота М. Гулінскага

 


Тут растуць некаторыя рэдкія расліны, а таксама тыя, якім пагражае знікненне. Гэта, напрыклад, званок лiлеялiсты, кураслеп лясны, асака ценявая, лiлея кучаравая, касач сібірскі, наяда вялікая, шалфей лугавы, вадзяны арэх плывучы, фiялка багнавая, падвей стройны.

Дзе: Гомельская вобласць, Лоеўскі і Брагінскі раёны.
Тытулы: Тэрыторыя, важная для птушак міжнароднай значнасці.

12. Налібоцкая пушча

Гэта адзіная цэласная тэрыторыя, размешчаная ў басейне Нёмана ў заходняй частцы Цэнтральнай Беларусі, на якой практычна ў натуральным стане захаваліся вялікія лясныя масівы са спецыфічным прыродным комплексам.

У заказніку маляўнічыя натуральныя ландшафты, шмат лясоў (каля 80 %) і мала сельскай гаспадаркі. Тэрыторыя мае выключнае значэнне для захавання месцаў гнездавання малога арляца (уваходзіць пяцёрку найбольш значных месцаў для Еўропы), звычайнага зімародка і чорнага бусла. Таксама тут адзначаны ў невялікай колькасці дубальт, вялiкi грыцук і вялiкi кулён.

Зімародак. Фота Дз. Якубовіча

 

Сярод рэдкіх звяроў тут можна пабачыць еўрапейскага зубра, еўрапейскую рысь, барсука, арэшнікавую соню. Ёсць і рэдкія расліны: баранец звычайны, лiлея кучаравая, цыбуля мядзведжая і шмат іншых.

Дзе: Гродзенская вобласць, Іўеўскі, Навагруцкі раёны; Мінская вобласць, Валожынскі, Стаўбцоўскі раёны.

Тытулы: Ландшафтны заказнік, Тэрыторыя, важная для птушак міжнароднай значнасці.

13. Бярэзінскі біясферны запаведнік

Найбуйнейшы комплекс хваёвых лясоў, якія перамяжаюцца з верхавымі і нізіннымі балотамі і поймамі рэк, з некранутым абліччам лясоў і вялікіх сфагнавых балот. Запаведнік быў створаны ў 1925 годзе дзеля захавання папуляцыі бабра, але цяпер тэрыторыя мае іншае значэнне. Гэта адно з самых бяспечных месцаў у Беларусі для бурага мядзведзя, які цяпер вельмі пакутуе ад актывізацыі лясной гаспадаркі і загоннага палявання.

Бярэзінскі запаведнік. Фота І. Бышнёва

 

Тут не вядзецца падкормка і санітарныя рубкі, не палююць на ваўка, што робіць запаведнік

аднім з нешматлікіх месцаў у краіне з натуральным ходам прыродных працэсаў.

Тут жыве папуляцыя зубра, можна пабачыць сажалкавую начніцу, паўночнага кажанка, садовую соню, рысь, барсука. Сучасная флора запаведніка ўключае больш за 2000 відаў раслін. Сярод іх рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай: граздоўнiк рамонкалiсты, мнаганожка звычайная, бяроза карлікавая, венерын чаравічак сапраўдны і шмат іншых.

Мядзведзь буры. Фота І. Бышнёва


Дзе: Віцебская вобласць, Лепельскі і Докшыцкі раёны; Мінская вобласць, Барысаўскі раён.

Тытулы: Запаведнік, Біясферны рэзерват, Дыплом Савета Еўропы, Рамсарскае ўгоддзе, Тэрыторыя, важная для птушак міжнароднай значнасці.

14. Балота Ельня

Найбуйнейшае ў Беларусі верхавое балота са шматлікімі азёрамі, якія надаюць разнастайнасць аднатоннаму ландшафту. У сувязі з цяжкай даступнасцю і спецыфікай ландшафтаў тэрыторыя выкарыстоўваецца чалавекам вельмі абмежавана.

Ельня. Фота М. Чэркаса

 

На тэрыторыі заказніка сустракаецца 117 відаў птушак, 25 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Характэрная рыса балотнага масіву Ельня – наяўнасць калоній кулікоў на балоце і калоній чайкавых на азёрах. Гэта месца гнездавання птушак, тыповых для комплексаў верхавых балот: чорнаваллёвага гагача, пардвы, залацістай сеўкі, сярэдняга кулёна і куліка-селянца. Рэдкія для Беларусі, яны сустракаюцца тут у значнай колькасці. Акрамя іх на балоце гняздуюцца сокал-дрымлюк і арол-вужаед.

Пардва. Фота з архіву АПБ

Ельня мае вялікае значэнне як месца прыпынку мігрыруючых гусей, качак і жураўлёў на вясновых і восеньскіх пралётах. З рэдкіх жывёлін тут сустракаецца барсук.
Дзе: Віцебская вобласць, Міёрскі і Шаркаўшчынскі раёны.
Тытулы: Ландшафтны заказнік, Рамсарскае ўгоддзе, Тэрыторыя, важная для птушак міжнароднай значнасці.

15. Казьяны

Заказнік уяўляе сабой складаны мазаічны комплекс верхавых балот, лясоў, паплавоў, азёр і сельскагаспадарчых зямель. Тэрыторыя адметная разнастайнасцю і кантраснасцю экалагічных умоваў, наяўнасцю ўнікальных прыродных комплексаў: буйных масіваў верхавых і пераходных балот, адкрытых нізінных балот, шматлікіх рэк і азёр, пясчаных дзюн, а таксама малапарушаных лясоў, у тым ліку і фрагментарных дуброваў.

Казьяны. Фота Сямёна Левага

На гнездаванні ў заказніку адзначана 175 відаў птушак, 44 віды занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Тэрыторыя мае рэгіянальнае значэнне для захавання чорнага бусла, палявога луня, скапы, шэрага жураўля, вялiкага кулёна. Казьяны маюць вялікае значэнне для птушак верхавых і пераходных балот: тут гняздуюцца сокал-шулёнак, залацістая сеўка, сярэднi кулён, кулiк-селянец, звычайны гогаль.

Сокал-шулёнак. Фота з архіву АПБ

Сутракаюцца бурыя мядзведзі, барсукі, рысі.
Дзе: Віцебская вобласць, Шумілінскі і Полацкі раёны.
Тытулы: Ландшафтны заказнік, Рамсарскае ўгоддзе, Тэрыторыя, важная для птушак міжнароднай значнасці.

Метадалогія

Пры складанні спіса былі ўзяты пад увагу наступныя параметры:
а) колькасць відаў і памер папуляцый звяроў, што маюць высокі міжнародны статус аховы (Катэгорыя Уразлівы (VU) IUCN);
б) колькасць відаў і асобінаў птушак з высокім міжнародным статусам аховы (Катэгорыі Пагражаемы (EN), Уразлівы (VU) IUCN);
в) плошча біятопаў, што ахоўваюцца на еўрапейскім узроўні (згодна з Бернскай канвенцыяй);
г) наяўнасць нацыянальнага ці міжнароднага статуса ў тэрыторыі.

Падчас аналізу выкарыстаны матэрыялы з баз дадзеных грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і матэрыялы Інстытута экспрыментальнай батанікі НАН Беларусі.

 



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: