Небяспечная абарона: чаму сеткі ўздоўж трас не ратуюць ад сутыкненняў з жывёламі?

ад 29 мая 2018 года

Нядаўна ў інтэрнэце з’явілася відэа, дзе ўздоўж трасы бяжыць буры мядзведзь. Злева – шаша, а справа – лес, аднак ён за металічнай агароджай, і трапіць у свой звыклы асяродак звер не можа.

Сеткі, якімі агароджваюць лес уздоўж трасаў, каб абараніць людзей і дзікіх звяроў ад сутыкнення на дарогах, на практыцы нясуць пагрозу.

Многіх пацешыла гэтае відэа, знятае пад Вячай на аўтамабільны відэарэгістратар, бо мядзведзя ў дзікай прыродзе пабачыць складана: у Беларусі жыве ўсяго каля 100 асобінаў гэтага віду. Але насамрэч гэты эпізод паказвае, у якой небяспецы знаходзяцца і звяры, і аўтамабілісты. І тут зусім не да смеху.

 

Як абарончая сетка ператвараецца ў пастку?

Штогод у Беларусі адбываюцца дзясяткі аварый, дзе гінуць або калечацца як людзі, так і жывёлы. Прычым сутыкненні здараюцца і на ўчастках, “абароненых” сеткай. Рэч у тым, што ў гэтых агароджах праходы ёсць толькі ў месцах другарадных дарог, з аднаго боку трасы. Або там, дзе грыбнікі ці зборшчыкі ягад робяць пашкодзілі сетку, каб трапіць лес. Праз такі праход на трасу выходзяць звяры, якія не могуць перайсці на другім баку ў лес: там паўсюль агароджа. Звяры трапляюць у пастку, яны ў паніцы носяцца па дарозе і правакуюць аварыі.

 

Як зрабіць дарогі бяспечнымі для аўтамабілістаў і для звяроў? У многіх краінах для гэтага робяць экадукі – адмысловыя шырокія пераходы для звяроў над трасай, з глебай, дрэвамі і кустамі. Кошт такой канструкцыі высокі, але і эфектыўнасць таксама. Трубы-тунелі, якія могуць размяшчацца пад дарогай, звычайна не падыходзяць для капытных, таму гэты варыянт не гарантуе сапраўднай бяспекі на дарогах.

 

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ
Агароджы павінны скіроўваць жывёл да экадукаў, спецыяльных экалагічных мастоў, але ў Беларусі агароджу ставяць, а на экадукі грошай няма. Алень ці мядзведзь, вядомы міграцыйным інстынктам, ідзе ўздоўж металічнага плота, пакуль не знойдзе дзірку ці праход для другараднай дарогі на скрыжаванні, праз які трапляе на трасу і ўжо не можа з яе вылезці.

 

АПБ звярнулася ў Мінпрыроды з лістом, у якім просіць паспрыяць таму, каб сеткі без магчымасці ўсталявання экадукаў не выкарыстоўваліся, а там, дзе ўжо ёсць агароджа, сетку пакінулі толькі на самых небяспечных участках. “У выпадку наяўнасці тэхналагічных разрываў у сетцы, аналагічны разрыў павінен быць і на супрацьлеглым баку агароджы”, — гаворыцца ў лісце.



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: