Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Як мы выратавалі птушаня драпежнай птушкі
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 5 чэрвеня 2018 года
У канцы траўня ў Мінску спрабавалі незаконна прадаць птушаня шуляка-галубятніка. Спроба засталася спробай: нелегальных гандляроў злавілі на гарачым учынку, распачаты адміністратыўны працэс. Чым пагражае такі “бізнес” і што рабіць, калі вы ўбачылі ў сеціве аб’яву аб продажы дзікай жывёлы?
Напрыканцы красавіка супрацоўніца АПБ пабачыла ў сацсетках аб’яву аб продажы птушанятаў шуляка. Удаўшы з сябе патэнцыйнага пакупніка, наша супрацоўніца пачала перапіску з прадаўцом.
Вельмі хутка высветлілася, што купіць прапаноўваюць птушанятаў шуляка-галубятніка і шуляка-карагольчыка, што яны пакуль не вылупіліся, а дакументаў на іх няма. У канцы траўня, калі птушаняты вылупіліся і крыху падраслі, прадавец прапанаваў выкупіць шуляка-галубятніка і дамовіўся на сустрэчу. Супрацоўніца прыехала туды разам з трыма інспектарамі Мінскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
На месцы выявілася, што двое людзей узялі з гнязда пад Мінскам птушаня і сапраўды папрабавалі яго прадаць. Узрост шулячка на той момант быў усяго каля двух тыдняў, і яно мусіла б яшчэ тыдні тры гадавацца ў гняздзе. Птушаня канфіскавалі, яно вернецца ў дзікую прыроду, але ўжо да іншых бацькоў: яго новы дом будзе ў заказніку “Чырвоны Бор”. А “бізнесменаў” чакае разбіральніцтва: супраць старэйшага з іх пачаты адміністратыўны працэс.
Дырэктар Міжнароднага фонда падтрымкі дзікай прыроды “Чырвоны Бор” Сяргей Плыткевіч даставіў шуляка на месца выпуску, у заказнік “Чырвоны Бор”.
Ігар Башкіраў, егер паляўнічай гаспадаркі “Чырвоны Бор”, паведаміў, што птушаня акальцуюць і хутка падсадзяць у вядомае гняздо пары шулякоў-галубятнікаў. Ён запэўніў, што новыя бацькі прымуць “пасынка”. Спадзяемся, што так і будзе: на выгляд птушаня здаровае і моцнае, а ў Чырвоным Бары для драпежных птушак розных відаў ёсць добрыя ўмовы.
Вымаць дзікіх звяроў і птушак з прыроды забаронена законам, але часам людзі ідуць на гэта дзеля нажывы ці проста праз глупства. Штрафы за гэта прадугледжаныя немалыя. Напрыклад, толькі шкода ад незаконнага выняцця з дзікай прыроды шуляка ацэньваецца ў 70 базавых велічынь. Прычым няважна, яйка, птушаня гэта ці дарослая птушка.
Як дзейнічаць, калі вы ўбачылі аб’яву аб продажы дзікай жывёлы?
У студзені на з’ездзе АПБ пра праблему продажу жывых дзікіх птушак і іх чучалаў расказвала ў сваім дакладзе спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях Украінскага таварыства аховы птушак (“ТОП Украіна“) Таццяна Кузьменка. Яна адмыслова адсочвае і блакуе такія абвесткі ў інтэрнэце – а за год іх збіраецца каля тысячы! Сярод 99 відаў птушак, якіх прапаноўвалі ва Украіне да продажу, 17 відаў былі чырвонакніжнымі, а 51 від быў ўключаны ў дадаткі да Бернскай канвенцыі.
Мы папрасілі Таццяну расказаць пра маштабы праблемы ў яе краіне і пра тое, як “ТОП Украіна“ дамагаецца ўзмацнення кантролю нелегальнага продажу дзікіх птушак.
Спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Мінскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вольга Грамовіч расказала, што ў Беларусі рэгіструюцца адзінкавыя спробы нелегальнага продажу дзікіх жывёл, і гэтыя выпадкі без кантролю не застаюцца і служаць важным прэцэдэнтам для будучых разбіральніцтваў.
Заўважым, што Дзяржінспекцыя пры Прэзідэнце займаецца толькі выпадкамі, якія датычацца драпежных птушак і паляўнічых жывёл.
АПБ выказвае падзяку Мінскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь за аператыўнае рэагаванне, а таксама Міжнароднаму фонду падтрымкі дзікай прыроды “Чырвоны Бор” за тое, што адгукнуліся і знайшлі новую сям’ю для птушаняці ў дзікай прыродзе.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: