Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Палессе пад крылом АПБ
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 1 чэрвеня 2018 года
“Бязмежная некранутая прырода”. Гэта магло б стаць дэвізам Палесся, нізіннай тэрыторыі ва Усходняй Еўропе, зарослай лясамі і пакрытай балотамі.
Уражвае сам маштаб гэтага рэгіёна – больш за 186 000 км2 , – што адпавядае амаль палове плошчы Германіі. Палессе ў літаральным сэнсе не ведае межаў, бо знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, Польшчы, Расіі і Украіны. У сэрцы Палесся цячэ рака Прыпяць даўжынёй 650 км. Безліч яе лукавінаў, прытокаў і старыц надаюць вельмі адметную форму гэтаму рэгіёну, пераўтвараючы краявіды ў сапраўдныя лабірынты, утвораныя вадаёмамі, выспамі, балотамі і поймавымі лясамі.
Нягледзячы на моцнае ўздзеянне чалавека на прыроду ў савецкія часы, тут захаваліся вялізныя плошчы некранутай прыроды. Абшары лясоў даюць прытулак буйным сысунам: бураму мядзведзю, ваўку, рысі і зубру. Пойма Прыпяці – важнае месца адпачынку вадаплаўнай птушкі, чые міграцыйныя шляхі ўвесну і ўвосень праходзяць праз Палессе. На балотах жывуць шматлікія віды птушак, у тым ліку і тыя, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення: вяртлявая чаротаўка і вялікі арлец. Многія мясціны на Палессі маюць важнае значэнне для аховы прыроды на міжнародным узроўні і ўжо атрымалі статус біясфернага запаведніка альбо тэрыторыі, якая падпадае пад дзеянне Рамсарскай канвенцыі.
Чытай таксама: ЯК ДАПАМАГЧЫ ВЯЛІКАМУ АРЛЯЦУ?
Разам з тым, існуюць пагрозы гэтаму прыроднаму цуду. Найбольшая з іх – асушэнне балот, фрагментацыя прыроднага асяроддзя праз пашырэнне аб’ектаў інфраструктуры і лясных гаспадарак. У дадатак, разбуральныя наступствы можа мець пабудова воднага шляху Е40 з Чорнага да Балтыйскага мора даўжынёй 2 000 км. Каб пусціць па Прыпяці грузавыя караблі, якія б хадзілі на працягу ўсяго года, хочуць правесці маштабныя будаўнічыя работы: паглыбіць і выраўнаваць рэчышча, пабудаваць плаціны і дамбы. У выніку рэзка зменіцца рэжым паводкі, некалькі старыцаў будуць знішчаны.
Зважаючы на імавернасць такіх трывожных зменаў, Франкфурцкае заалагічнае таварыства (FZS) у 2015 годзе распачало працу ў Цэнтральным Палессі – Прыпяцкім нацыянальным парку – Альманы – Стары Жадзен, у самым сэрцы беларускага Палесся. Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” як партнёр FZS праводзіць навуковыя даследаванні жывёльнага і расліннага свету Палесся і ўплыву на яго дзейнасці чалавека. Гэта ўтварае базіс для развіцця канцэпцыі захавання прыроднага асяроддзя ў гэтым унікальным рэгіёне і для рэалізацыі гэтай канцэпцыі на палітычным і сацыяльным узроўнях.
Што менавіта мы робім?
Мэта праекта:
Ахова некранутай прыроды ў цэнтральных раёнах Палесся і прадухіленне непасрэдных пагроз прыроднаму свету гэтага рэгіёна.
Палескі рэгіён знаходзіцца на памежжы Беларусі, Польшчы, Расіі і Украіны. Яго працягласць з захаду на ўсход складае амаль 900 км, а ў шырыню дасягае 300 км. Агульная плошча складае прыблізна 186 000 км2 (на тэрыторыі Украіны 94 000 км2, Беларусі – 62 000 км2, Польшчы – 7 000 км2, Расіі – 23 000 км2).
Партнёры праекта:
Паводле fzs.org
Фота Віктара Малышчыца
Падзяліся артыкулам у сацсетках: