Птушкі на эмблемах футбольных каманд. Частка 1

ад 8 чэрвеня 2018 года

Вялікі аматар птушак і футболу Арцём Сізінцаў расказвае пра тое, як крылатыя натхняльніцы рабіліся талісманамі розных футбольных клубаў.

Ганарлівы від птушак, іхная прыгажосць заўсёды натхнялі людзей рабіць іх талісманамі сваіх таварыстваў, фірмаў, арганізацый, змяшчаць выявы птушак на гербы. Тое самае можна сказаць і пра футбол. У свеце існуюць дзясяткі клубаў, чый талісман – птушка. Зірнем на прыклады футбольных эмблемаў з птушкамі і паспрабуем даведацца, як яны з’явіліся.

 

Символ Японской футбольной ассоциации

Птушкі ёсць, напрыклад, на гербах федэрацый футболу. Адразу прыцягвае наш погляд сімвал Японскай футбольнай асацыяцыі. Зрэшты, японцы не былі б японцамі, калі б не ўклалі ў сімволіку глыбокага сэнсу, сваёй міфалогіі.

Згодна з паданнем, трохногі крумкач Ятагарасу — доказ чалавечай будучыні на Нябёсах і чарадзейнага ўмяшання найвышэйшых сілаў у чалавечыя стасункі. Ён правёў будучага імператара, нашчадка багіні сонца Аматэрасу Джымму з Кумана ў Ямата, дзе той неўзабаве заняў прызначаны для яго імператарскі трон. Але перад гэтым перамог у бітве атамана Нанівы (цяпер Осака) Нагасунэхіка, які раней забіў ягонага старэйшага брата Ітсузэ. Прычым тут крумкач адыграў важную ролю. Джымму зразумеў, што ў баі, дзе загінуў ягоны брат, была занятая няправільная пазіцыя на ўсход ад сонца. Трэба было стаць на захад, а дзеля гэтага Ятагарасу і перавёў яго ў іншую мясцовасць. Пасля перамогі правы Джымму на трон пацвердзіліся, і ён стаў імператарам.

Символ сборной Нигерии по футболу

На гербе нігерыйскай федэрацыі футболу мы бачым арла. Ён сядзіць зверху, трымаючы ў лапах зялёна-белую стужку, якая сімвалізуе багатую глебу краіны. А сам арол для нігерыйцаў сімвалізуе сілу. На лагатыпе федэрацыі футболу краіны арол трымае не стужку, а футбольны мяч, на якім ён сядзіць. Мянушка зборнай Нігерыі – «суперарлы».

 

Символ Кипрской футбольной ассоциации

Наступная птушка – голуб на эмблеме Кіпрскай футбольнай асацыяцыі. Гэта таксама неад’емны сімвал мясцовага жыцця. На гербе дзяржавы белы голуб ляціць і трымае ў дзюбцы аліўкавую галінку, унізе пазначаны 1960 год, калі Кіпр пазбавіўся брытанскага кіравання. На эмблеме футбольнай асацыяцыі голуб ужо нелятучы, ён быццам глядзіць на нас. На эмблеме таксама прысутнічае галінка.

 

Символ ФЕдерации футбола Франции

Адну з наймацнейшых зборных свету, Францыю, сімвалізуе гальскі певень. Гэта даўні французскі сімвал задору, настроенасці на змаганне. Яго адмянялі Напалеон І і Напалеон ІІІ, але певень затым вяртаўся на штандары баявых брыгад краіны. Яшчэ Шарль дэ Голь загадваў адбіць гальскага пеўня на медалях у якасці сімвалу баявой мужнасці французскіх ваяроў. Певень стаў сімвалам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Францыі, а затым і сімвалам Федэрацыі футболу Францыі.

 

Символ футбольного клуба АДО в Гааге

У Гаазе з 1905 года існуе мясцовы клуб АДО. Яго сімвал, выяўлены і на лагатыпе, – бусел. Сімвал, які пасаваў бы любому беларускаму клубу. Толькі вось дзіва: на Зямлі пад белымі крыламі няма ніводнай каманды, якая б мела талісманам бусла. А вось у Нідэрландах такая каманда ёсць.

 

Буслік Сторкі забаўляе публіку на ўсіх матчах АДО, а на святы раз’язджае па горадзе на адмысловым аўтобусе. Кожны маленькі жыхар Гаагі можа замовіць Сторкі падарунак, напрыклад, на Каляды. 

Сторки

Бусел стаў настолькі дарослым, што на адным з матчаў прэзентаваў публіцы сваю каханку, якая і працаваць уладкавалася ў адной арганізацыі з мілым. Яна апякуецца справамі жаночай каманды АДО.

Сторки с подружкой

 

Символ Атлетического союза КонстантинополяСимвол Панфесалонийского атлетического клуба константинопольцев

У Грэцыі два клубы маюць на эмблемах дзвюхгаловага арла, гэта АЕК з Афінаў і ПАОК з Салонік. Прыхільнікі гэтых клубаў чамусьці вельмі не любяць адно аднаго, хаця паходжанне і лёс камандаў падобныя. Старажытны візантыйскі сімвал прысутны на эмблемах нездарма. Як і літара «К» у абрэвіятурах.

Гэта пазнака Канстанцінопаля: абодва клубы прадстаўляюць грэкаў, якія збеглі ў Афіны і Салонікі адпаведна пасля таго, як іх родны горад трапіў пад уладу туркаў і стаў Стамбулам. «Атлетычны саюз Канстанцінопаля» і «Панфесаланійскі атлетычны клуб канстанцінопальцаў» маюць падобныя эмблемы і змагаюцца за права называцца найлепшай камандай Грэцыі.

 

Символ Палермо

Таксама ў Паўднёвай Еўропе ёсць некалькі клубаў, у якіх на эмблемах ужо не міфічны з дзвюма галовамі, а рэальны аднагаловы арол. Ён займае пачэснае месца ў гісторыі італьянскага Палерма, што на Сіцыліі. Стаў сімвалам Палерма яшчэ падчас Пунічных войнаў, калі горад быў на баку Рыма.

Символ футбольного клуба Лацио

А ў самым Рыме арол яшчэ раней зрабіўся сімвалам. Не дзіўна, што для найстарэйшага клуба італьянскай сталіцы «Лацыа» быў абраны менавіта такі талісман. Пазней на хатнім стадыёне «Лацыа» сталі запускаць арла з блакітнай і белай стужачкамі пад колеры клуба. Перад матчам ён аблятае стадыён, аглядаючы свае ўладанні. Гэта арліца Алімпія, белагаловы арлан. Але ўжо неаднаразова арліца была ў небяспечных сітуацыях. Аднойчы, калі на госці прыехаў клуб «К’ева» з Вероны, на Алімпію напалі вароны, адбіцца ўдалося дзякуючы моцным крылам.

 

На орлицу Олимпию напали вороны

 

Перад адным з матчаў арліца адмовілася вяртацца ў клетку і прагледзела матч з даху стадыёна.

А самы небяспечны эпізод здарыўся падчас гарадскога супрацьстаяння з «Ромай». Рэч у тым, што абедзве буйныя рымскія каманды дзеляць адзін стадыён, і прыхільнікі кожнай з каманд лічаць яго сваім. Таму на матчы, дзе намінальным гаспадаром быў «Лацыа», ультрас «Ромы» захацелі паказаць, што не жадаюць чужых рытуалаў на стадыёне, які яны лічаць сваім домам. Ды і сімвал іх чырвона-жоўтага клуба ваўчыца, а не птушка. Калі арліца са стужкамі чужых колераў пралятала па-над трыбунай самых гарачых прыхільнікаў «Ромы», у яе паляцелі бутэлькі, манеты і нават мабільныя тэлефоны. Падбітая Алімпія скончыла рытуал і пакрыўджаная здолела даляцець да свайго ашэстка. На наступны матч двух гарадскіх клубаў кіраўніцтва «Лацыа» вырашыла не рызыкаваць і арліцу не выпускала. Абаронцаў жывой прыроды такія паводзіны хуліганаў, вядома, абурылі.

 

Символ Бенфики из Лиссабона

Арол – сімвал яшчэ і «Бенфікі» з Лісабона. Самая тытулаваная каманда Партугаліі таксама мае рытуал запуску арла, які ўпершыню выкарыстала ў 2003 годзе на прэзентацыі новага стадыёна «Да Луш». Агвія Віторыя – так завуць талісмана «чырвона-белых», а яго функцыі спачатку выконваў лысы арол Віторыя, які ў 2006 быў заменены на цёзку. Цяпер жа па-над стадыёнам лунае арол Гларыёза. Прычым рытуал вельмі цікавы. На эмблеме «Бенфікі» арол сядзіць на самым версе. На поле перад матчам выносяць вялікую эмблему, але без выявы арла зверху. І калі жывая птушка з чырвонай і белай стужкамі на лапах абляціць увесь авал арэны, яны сядае акурат на герб, дапаўняючы яго сабой. Выглядае чароўна! Дарэчы, у «Лацыа» рытуал такі самы.

 

 

Символ футбольного клуба Айнтрахт

Перанясемся ў больш паўночную краіну, Нямеччыну. Тут птушкі чамусьці не займелі вялікай папулярнасці з выявах на гербах клубаў, аднак адзін калектыў усё ж актыўна выкарыстоўвае крылатага сябра. І гэта зноў арол. Гаворка пра «Айнтрахт», клуб з Франкфурта-на-Майне.

Сокал Аціла выносіцца на стадыён клуба з павязаным вакол шыі чорна-белым шалікам каманды. Ён быў прывезены з Кобургу, што ў федэральнай зямлі Баварыя. Жыве ён не ў Франкфурце, а ў Берліне, але на матчы прывозіцца, за што ад клуба сокалу прызначаецца ганарар у 215 еўра.

 

Сокол клуба Айнтрахт

 

Символ футбольного клуба Сокол

Сокал — назва і сімвал каманды з расейскага горада Саратава. Праўда, перад матчамі на мясцовым стадыёне сокала не запускаюць, але той прысутны на эмблеме клуба ў фігуральным выглядзе.

 

Символ футбольного клуба Скала из Стрыя

Арол — сімвал найстарэйшай існуючай каманды Украіны, «Скалы» з горада Стрыя. Каманда была заснаваная яшчэ ў 1911 годзе пад назвай «Січ», каб аб`яднаць для гульні ў футбол украінцаў горада і супрацьстаяць іншым камандам Стрыя — «Пагоні», за якую выступалі палякі, і «Хакааху», у якой гулялі габрэі. Назва «Січ» не падабалася польскай уладзе, бо нагадвала пра баі з казакамі.

На матчах з польскімі клубамі, у прыватнасці ў гарадскім дэрбі з «Пагоняй», нярэдка ўзнікалі кулачныя бойкі паміж украінцамі і палякамі. Тады было вырашана змяніць назву на «Скала» (цяпер унармаванае слова «скеля», але назву стрыйскай каманды не змянялі). Колерамі клуба сталі малінавы (сімвалізаваў казацкі спрыт) і зялёны (лясы Карпатаў). Арол стаў жывёлай-ахоўнікам каманды.

 

Символ футбольного клуба Крумкачы

Ёсць каманда з птушкай-талісманам і ў нашай Беларусі. Гэта ўжо добра вядомыя ўсім «Крумкачы». Энтузіясты, захопленыя футболам, прыдумалі такую назву сваёй камандзе, якая ўжо ўтрымлівала інфармацыю, хто ж будзе талісманам. Маленькі мяккі сувенірчык з імем Крумка можна набыць на хатніх матчах каманды ў Менску.

 

Мы «праляцелі» над рознымі краінамі і заўважылі, што ў шэрагу нават вельмі футбольных дзяржаваў няма вялікага культу птушак, толькі ў некаторых клубаў птушка — сімвал каманды. Затое на радзіме футболу, у Брытаніі, яны самы папулярны сімвал. Але пра гэта — ў другой частцы.

Спецыяльна для АПБ падрыхтаваў Арцём Сізінцаў



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: