Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
VOUK.BY – у Топ-10 найлепшых сайтаў! Ці стане ён першым – вызначаеш ты.
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 15 чэрвеня 2018 года
Воўчы блог, які вядуць шэрыя драпежнікі Белавежскай пушчы, увайшоў у дзясятку найлепшых сайтаў байнэта. Які з іх самы-самы – вызначыць народнае галасаванне. Падтрымай vouk.by сваім голасам!
Воўк на слыху ў людзей, і яны думаюць, што ведаюць яго лад жыцця і звычкі. Але часта гэтыя веды аказваюцца стэрэатыпнымі і памылковымі. Мы вырашылі выправіць гэта і паказаць жыццё ваўкоў знутры. Iх уласнымі вачыма і вачыма вучоных-даследчыкаў, што сочаць за нашымі пушчанскімі героямі. Такое сабе воўчае “рэаліці-шоў” – каб было і цікава, і праўдзіва. Чытачы блога атрымліваюць свежыя навіны адразу з Белавежскай пушчы, у рэжыме анлайн.
Пяць тамтэйшых ваўкоў, пазначаныя спецыяльнымі ашыйнікамі з датчыкамі, бегаюць, палююць, ядуць, адпачываюць – жывуць сваім воўчым жыццём. Вучоныя атрымліваюць з ашыйнікаў сігналы пра іх перамяшчэнні, а чытачы блога бачаць трэкі ваўкоў на адмысловай карце. Даследчыкі ходзяць па слядах ваўкоў, фіксуюць, чым тыя харчуюцца, дзе адпачываюць, хто з іх адзіночка, а хто бегае ў зграі. Часам нехта з ваўкоў трапляе на камеры-фотапасткі і “посціць сэлфі” ў Воўчы блог.
Сачыць за перабежкамі ці дальнімі вандроўкамі ваўкоў неверагодна цікава. Напрыклад, двое шэрых, Руды і Міхась, збеглі за мяжу – у Польшчу і ва Украіну. Адзіная самка — Завея, імя якой далі нашыя чытачы, паказвае, як яе ватага жыве на балотах. Самотны воўк Алесь дае курс самастойнага выжывання ў пушчы. А зусім юны воўк Мікола запрашае паглядзець на сваё логава: ён цяпер зрабіўся старэйшым братам.
Лета – цікавы перыяд у жыцці ваўкоў: яны размнажаюцца, больш перасоўваюцца ўдзень, іх менш пераследуюць паляўнічыя. Табе спадабаецца за імі сачыць!
На Воўчым блогу мы простай мовай тлумачым, чаму больш ваўкоў – не значыць менш аленяў, чаму воўк не нападае на людзей або як распраўсюджваюцца страшылкі пра ваўкоў у СМІ. Многія здзівяцца, калі пачуюць, што гэта не такі страшны звер, як яго малююць, і што сам ён усё часцей робіцца ахвярай неўтаймоўнай прагі паляўнічых забіць “трафейнага” звера.
Сачэнне за гэтымі ваўкамі – частка міжнароднай прыродаахоўнай праграмы ў падтрымку запаведнасці Белавежскай пушчы, якую рэалізуюць грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і Нацыянальны парк «Белавежская пушча» пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства (Германія).
Падзяліся артыкулам у сацсетках: