Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Гарады захапіліся птушкамі: як прайшлі 10 Школ бёрдвочараў на поўдні Беларусі
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 19 чэрвеня 2018 года
Цягам вясны ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях АПБ правяла 10 Школ бёрдвочараў. Птушкі ўварваліся ў жыццё гарадскіх жыхароў і зрабілі яго больш цікавым і насычаным.
Нездарма заняткі праходзілі ў межах ініцыятывы “Будзь здаровы з птушкамі!”: бёрдвочынг выцягвае людзей на прыроду, прымушае быць актыўнымі і нясе ім радасць.
Мы папрасілі выкладчыкаў птушыных курсаў прыгадаць самыя яркія моманты з заняткаў і расказаць, да якіх птушыных актыўнасцяў можна далучыцца жыхарам іх гарадоў.
Юра Янкевіч, Школа бёрдвочара ў Брэсце:
Школу бёрдвочара ў Брэсце прайшло 46 чалавек. Кожны з іх імкнуўся не прапусціць ніводнага занятку, асабліва практычнага. Адна з маіх выпускніц падчас правядзення Школы трапіла ў бальніцу. Але нават гэта не спыніла яе: яна прыязджала на заняткі і экскурсіі, а потым вярталася ў бальніцу. Добра, што ў хуткім часе яна паправілася і яе адпусцілі дадому.
На адным з нашым занятку мы вырашылі, што створым сваю групу ў адной з сацыяльных сетак. Там людзі паміж сабой камунікуюць, дзеляцца сваімі назіраннямі і ўражаннямі. Там заўсёды можна ім нешта важнае падказаць. А мне, як выкладчыку, вельмі радасна сачыць за іх назіраннямі, якімі яны там дзеляцца.
Да мяне і цяпер паступаюць званкі, людзі пішуць, пытаюцца, ці будзе яшчэ адна школа. Вельмі прыемна, што ў жыхароў нашага горада з’явілася такая жывая цікавасць да птушак.
У Мазыры “вынайшлі” новыя віды птушак.
Андрэй Шэўчык, Школа бёрдвочара ў Мазыры:
Было цікава, як некаторыя вучні прыгожа памыляліся ў назвах птушак. Напрыклад, «турухтан» (рус.) быў і «бурухтанам», і «курухтанам».
А «широконоску» (рус.) амаль ніхто не запомніў на рускай мове, затое адсоткаў каля дзевяноста з вялікім задавальненнем называлі яе «лапаноскай».
Што датычыцца актыўнасцяў, то акрамя выхадаў на птушак, мы плануем з актыўнымі грамадзянамі рабіць і развешваць штучныя гнёзды.
Усе ахвочыя могуць шукаць чырвонакніжныя віды і затым разам са мной і акрэдытаванымі арганізацыямі перадаваць месцы іх гнездавання пад ахову.
Пасля выпуску школы мы працягваем хадзіць «на птушак» невялікімі групамі. Для камунікацыі акрамя асабістых цыдулак/званкоў/кансультацый выкарыстоўваем групу «Школа бёрдвочынга. Мазыр.» у адной з сацыяльных сетак.
У Гомелі заняткі праходзілі ў нядзелі, і людзі прыходзілі на курсы цэлымі сем’ямі.
Зінаіда Гарошка, Школа бёрдвочара ў Гомелі:
Перад пачаткам школы я хвалявалася за тое, што група складам 30 вучняў-бёрдвочараў, якую планавалася сабраць, – гэта зашмат. Я раней працавала выкладчыкам для абітурыентаў і ведаю, наколькі складана ўтрымліваць групу нават тых вучняў, якім гэта трэба і якія аплацілі навучанне. А тут іду на першы занятак, а там – больш за 50, а на другім – больш за 60 чалавек! Таму многіх памянаю візуальна, а не па імёнах. Пасля заняткаў слухачы заўсёды прыносілі запісы галасоў, фотаздымкі птушак, задавалі пытанні.
На заняткі прыходзіла цяжарная жанчына, усё пыталася – ці паспее скончыць школу? Ганна была з намі на двух экскурсіях (другая экскурсія была вялікая – у пойму ракі Сож, і я хвалявалася, ці адолее яна гэты маршрут). Яна не прапусціла ніводнага занятку, акрамя апошняга – у пятніцу нарадзіла хлопчыка. А ў нядзелю, пасля правядзення школы пазваніла сяброўцы са школы, і папрасіла пераслаць матэрыялы апошняга занятку. Прыемна, што большасць слухачоў – каля 80 %, прайшлі курсы да канца. Выпуснікі працягваюць актыўнае жыццё: бёрдвочаць, дасылаюць фотаздымкі і галасы птушак для вызначэння. Малыя вучні збіраюць матэрыял для работ і удзельнічаюць у конкурсах.. Некаторыя з выпускнікоў удзельнічалі ў сплаве STOP_E40, а Максім Шастакоў рыхтуе выставу фотоздымкаў «Детское время» ў бібліятэцы — філіяле № 2.
Мы плануем арніталагічную экскурсію ў Чырвоны кастрычнік (Рэчыцкі раён).
Збіраемся праводзіць мерапрыемствы раз на месяц на базе філіялаў гарадской бібліятэкі імя Герцэна. А ў кастрычніку будзем удзельнічаць у асенніх назіраннях за птушкамі.
У Тураве і ваколіцах можна будзе паваланцёрыць.
Анастасія Блоцкая, Школа бёрдвочара ў Тураве
Мы змаглі ўбачыць неверагодна шмат відаў птушак, у тым ліку рэдкіх. Хадулачнік, жоўтагаловая пліска, кралька, валасяніца-белашыйка. Самы смешны момант на тэарытычных занятках быў у раздзеле пра птушак балотаў. Усе нарэшце даведаліся, што сэкс-сімвал Беларусі – вяртлявая чаротаўка. Смяяліся ўсе!
У нас на занятках і на кожнай экскурсі была дзяўчына з ДЦП, Паўліна. Ёй 20, яна атрымала сярэднюю адукацыю. Цяпер, на жаль, нідзе не вучыцца, бо з цяжкасцю размаўляе і ходзіць. Я заўсёды брала яе да сябе ў машыну і падвозіла да месца экскурсіі, а далей яна сама – наш маленькі баец.
Паўліна ў захапленні ад заняткаў. Асабліва ёй спадабаліся экскурсіі. Да яе ўсе ставяцца на роўных, таму яна не заўважае сваіх “хібаў”. Калі я бачу, як гараць вочы Паўліны, я магу смела сказаць, што школа прайшла не дарма! Яна ні разу не прапусціла экскурсію, заўсёды дабіралася сваім ходам, хаця дапамогу ёй прапаноўвалі. У вёсцы мала забаваў, а тут яна пазнаёмілася з такім класным хобі, атрымала веды і азарт весці свой спіс птушак. А раптам самую рэдкую птушку ўбачыць акурат яна! Спадзяюся, мы сустрэнем Паўліну яшчэ не раз на нашых мерапрыемствах.
Усе выпускнікі Тураўскай школы бёрдвочара знаёмыя, бо горад невялікі. Я дзялюся цікавай інфармацыяй у інстаграме Жыткавіцкага аддзялення АПБ, мы падтрымліваем жывую сувязь і камунікуем праз сацсеткі. Многія пасля курсаў задумаліся пра пакупку фотаапарата.
Улетку аматары птушак могуць далучыцца да расчысткі Тураўскага балоння ад зараснікаў, да прыборкі тэрыторыі ля Прыпяці ў вёсцы Запясочча і аграгарадку Верасніца, дапамагаць на станцыі кальцавання. Увосень і ўлетку можна ўдзельнічаць у назіраннях за птушкамі.
У Маларыце бёрдвочары сядлаюць ровары.
Дзяніс Кіцель, Школа бёрдвочара ў Маларыце
Смешны момант быў, калі я арганізоўваў першую экскурсію. Я загадзя выбраў дату ў пачатку вясны з разлікам на тое, што ўжо прыляцяць качкі, будзе шмат птушак. Але вясна надарылася позняя, доўга ляжаў снег і трымаўся мароз. Пераносіць экскурсію на іншую дату магчымасці не было, і тым не менш людзі прыйшлі і нават у такіх умовах – на снезе, на лёдзе – мы змаглі пабачыць 30 відаў птушак.
Бёрдвочары-выпускнікі працягваюць тэлефанаваць і пісаць мне, і мы заўсёды знаходзім актыўнасці: пераправяраем гнёзды соваў або высочваем арланаў. Збіраемся зладзіць дзіцячы летнік па птушках, паваланцёрыць на поўначы Беларусі – будзем кальцаваць птушак на станцыі “Сасновы бор”. А яшчэ нядаўна прыдумалі новы фармат назірання за птушкамі – велабёрдвочынг.
«Школьнік» з Пружанаў сваім прыкладам паказаў, што вучыцца ніколі не позна!
Аляксандр Сербун, Школы бёрдвочара ў Кобрыні і Пружанах
Вельмі цікава бачыць уражанні людзей на экскурсіях, якія бачаць нешта ў прыродзе ўпершыню. Напрыклад, запомнілася, як у Пружанах удзельнікі школы пабачылі гняздо-“рукавічку” рэмеза і самога будаўніка з пухам у дзюбе. Дарэчы, найстарэйшаму вучню школы ў Пружанах – за 90 гадоў!
У Кобрыні запомніліся 3,5-гадзінныя назіранні ў парку за папаўзнямі, якія поўзалі на адлегласці выцягнутай рукі, за дзятламі, што кармілі птушанят, за крыжанкай-альбіносам і іншымі птушкамі, спробамі падысці бліжэй і сфоткаць таўстадзюба, які карміўся ў траве.
Мы стварылі групы ў “Кантакце” і працягваем камунікаваць там. Выпускнікі выкладваюць спасылкі, відэа і фоткі.
Госці з тундры парадавалі перад адлётам баранавіцкіх бёрдвочараў.
Дзмітрый Вінчэўскі, Школа бёрдвочара ў Баранавічах
У нас былі запамінальныя экскурсіі. Падчас першай нам зусім нечакана пашчасціла паразглядаць групку звычайных чачотак у самім горадзе. Птушкі яўна не спяшаліся яшчэ на поўнач, у родную тундру і здзівілі назіральнікаў з Баранавіцкай школы бёрдвочараў шэрагам відавых рысаў, якія атрымалася лёгка ўбачыць і запомніць: чырованай плямай на галаве, чорнай – пад галавой і шырокай выразкай на складзеным хвасце. Так мы апярэдзілі тэарэтычную праграму, але калі нарэшце дайшлі да чачотак у прэзентацыі, усе адразу пазналі від.
А на апошняй экcкурсіі, якая адбывалася ўжо не толькі для наведвальнікаў школы, але і для ўсіх жыхароў Баранавіч, мае «вучні» хутка і самастойна знаходзілі птушак, і мы ўсе разам з захапленнем паглядзелі і на таўстадзюба, і на кольчатую туркаўку. А яшчэ больш прыемных хвілінаў з птушкамі ў іх будзе, без сумненняў, у будучыні.
Калі шукаеш птушак, яны самі знаходзяць цябе. Экскурсія бёрдвочараў у Камянцы — выдатны прыклад.
Вадзім Пракапчук, Школа бёрдвочара ў Бярозе
Экскурсіі — гэта рэальная магчымасць паказаць і навучыць вызначаць птушак у рэальным асяроддзі. Цікава назіраць за шэрагам эмоцый чалавека, які сам вызначае птушку і разумее чаму, што і як… У Камянцы — найлепшыя месцы для назіранняў за птушкамі — парк і пойма ракі Лясная, у Бярозе – парк, а ў ваколіцах горада пачынаеца заказнік «Спораўскі».
Калі былі на ўрочышчы Манастыр у Камянцы, быццам «пад заказ» прыляцелі тры шэрыя жураўлі і два белыя буслы і пакружыліся над намі, а праз хвілін дзесяць прыляцелі і літаральна над намі зрабілі паветраны карагод 3 балотныя луні, 5 канюхоў-мышаловаў і малы арлец.
АХВЯРУЙ НА ПАДТРЫМКУ ДЗІКАЙ ПРЫРОДЫ
А ты яшчэ не бёрдвочыш? Самы час пачаць!
Спадзяемся, што хутка птушкаванне прыйдзе і ў іншыя гарады Беларусі.
Ініцыятыва “Будзь здаровы з птушкамі!” рэалізуецца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у парнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Фота з архіваў выкладчыкаў
Падзяліся артыкулам у сацсетках: