Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Птушкі на эмблемах футбольных каманд. Частка 2 — ляцім у Брытанію
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 26 чэрвеня 2018 года
Птушыны і футбольны прыхільнік Арцём Сізінцаў працягвае аповед пра крылатыя талісманы футбольных клубаў свету.
У першай частцы нашага агляду мы вывучалі футбольныя эмблемы з птушкамі ў розных краінах Еўропы. А цяпер дабраліся да Вялікабрытаніі, дзе такіх лагатыпаў больш за ўсё.
Чайка лагічна займае сваё месца на лагатыпе «Брайтан энд Хоўв Альбіён», бо каманда прадстаўляе партовы горад. А самыя прынцыповыя матчы ў брайтанцаў з лонданскай камандай «Крыстал Пэлас», у якой на эмблеме… арол. Каманда была заснаваная ў 1905 годзе, калі ў Лондане праходзіла буйная выстава і стаяў Крыштальны палац. І першыя амаль 70 гадоў існавання клуба ніякага арла на гербе не было, каманду праз палац называлі мянушкай «Шкляры». З’явіўся арол толькі пасля 1973 года калі ў каманду трэнерам прыйшоў Малкальм Элісан. Звычайна ў футбольным свеце ўсё пазычалі ў англічан, але тут адбыўся рэдкі выпадак, калі ангельская каманда пазычыла нешта з-за мяжы. Элісану вельмі падабаўся сімвал партугальскай «Бенфікі», пра якую пісалася ўжо раней, і той са згоды кіраўніцтва клуба распарадзіўся змяніць эмблему, памясціўшы туды арла. Дарэчы, пасля 2010 года «Крыстал Пэлас» пазычыў і традыцыю запуску арла па-над стадыёнам. Гэтую функцыю выконвае белая лысая арліца Кайла.
Сярод птушак сябрамі піратаў можна назваць, бадай, папугаяў. Можа, гэтым абумоўлена моцнае супрацьстаянне паміж двума клубамі ў Брысталі. «Роверз» — піраты, а сімвалам «Сіці» — птушка, ды не папугай, а малінаўка.
Скрампі забаўляе дзяцей і дарослых на хатніх матчах «Брысталь Сіці». Раней птушка была і на эмблеме клуба, але затым кіраўнікі чамусьці аддалі перавагу грувасткай геральдычнай канструкцыі з двума адзінарогамі са шчытом. Але каманду ўся Англія ўсё адно называе «малінаўкамі», а палымяныя прыхільнікі клуба мараць аб вяртанні старой эмблемы.
Не толькі Англія, але і Уэльс мае клубы, якія выкарыстоўваюць птушак на эмблемах. Безумоўна, гэта легендарны клуб «Кардыф Сіці», які шмат сезонаў выступаў у наймацнейшым дывізіёне чэмпіянату Англіі. Сімвал клуба — сіняя птушка. Сіялія. Проста як у песні. У кампазіцыю клубнага герба ўваходзяць таксама традыцыйныя для Уэльса нарцыс і чырвоны цмок. Але гэта як сімвал прыналежнасці «Кардыфа», яго повязь з каранямі, бо клуб не выступае ў даволі слабым чэмпіянаце Уэльса, а ўвесь час гуляе ў Англіі. Сімвалам менавіта клуба ёсць сіняя птушка. І прыхільнікам «сініх» выпала няпростае выпрабаванне — адстаяць свой талісман у супрацьстаянні з алігархам з Малайзіі Вінсэнтам Танам, які па прыездзе ў Кардыф замяніў колеры клуба з сіня-белых на чырвоныя, а чырвонага цмока зрабіў адзіным сімвалам каманды, «выкінуўшы» сінюю птушку. Шмат прыхільнікаў адразу ўсчалі пратэсты супраць такіх захадаў і адмовіліся прыходзіць на матчы, пакуль сінюю птушку не вернуць. Змаганне зацягнулася на тры гады, але мужнасць прыхільнікаў зрабіла ўплыў – сіялія вярнулася на герб, і колеры аднавіліся. Адкуль на герб «Кардыфа» прыляцела гэтая птушка? А з бельгійскай п’есы, напісанай драматургам Морысам Метэрлінкам у 1909 годзе. Сіняя птушка там пераследвалася дзецьмі, якія жадалі пасадзіць яе ў клетку, але птушка не давалася. Яна зрабілася сімвалам свабоды.
Яшчэ адна каманда з Уэльса «Суонсі» мае на эмблеме лебедзя. Але тут і легенд не трэба, усё прыдумана лёсам. Swan – лебедзь, адпаведна, назва горада і клуба перакладаецца як «лебядзінае мора». Хіба мелі іншыя жывёлы шанец стаць талісманам клуба?!
А вось лебедзь са срэбраным ланцугом на шыі на гербе клуба «Уікамб Уондэрэрз» быў сімвалам, які насіў на сабе граф Хамфры з графства Букінгемшыр. Гэта быў сімвал старажытнага радавітага сямейства. Гісторыя сімвала сягае ажно ХІІІ стагоддзя, калі шэрыф Эсэкса Генры атрымаў герб у спадчыну ад свайго продка з Даніі Свэйна. Навукоўцы лічаць, што Свэйн заўважыў у ангельскай мове слова «сван», якое абазначае лебедзя, а гэта вельмі блізка да ягонага імя. Адтуль, верагодна, і ўзяўся лебедзь як сімвал. А ў XIX стагоддзі ганарлівая птушка стане сімвалам і футбольнага клуба з гэтай мясцовасці.
«Ліверпуль» — адзін з найпапулярнейшых клубаў свету. Яго сімвал Liver bird — ліверпульская птушка, сімвал горада. Баклан, які трымае ў дзюбе лаўровую галінку. Першую выяву птушкі ў Ліверпулі адносяць да 1352 года. У Брытанскім музеі захоўваецца манета з адбітай на ёй птушкай. Лічыцца, што гэта можа быць адсылкай да евангеліста Яна. Прычым спачатку выяву баклана выкарыстоўваў іншы ліверпульскі клуб — «Эвертан», але ў 1930 годзе там вырашылі змясціць на эмблему мясцовую фартэцыю, а тады землякі забралі птушку сабе.
Сарока сімвалізуе «Ньюкасл Юнайтэд», каманду з поўначы Англіі. Сітуацыя з гербам нечым нагадвае гісторыю «Брысталь Сіці», дзе на сучаснай эмблеме няма гістарычнага сімвала, а ёсць марскія канькі. Затое ён ёсць паўсюль у іншых праявах і на старых эмблемах, адну з якіх і прыводзім.
А яшчэ, каліствараўся ўнікальны Newcastle Brown Ale, яго заснавальнік прыйшоў на прэзентацыю напою з сарокай на плячы. Бровар шмат гадоў падтрымліваў клуб у якасці спонсара. Вызначыць, чаму «Ньюкасл» завуць менавіта The Magpies (сарокі), складана. Верагодней за ўсё, проста праз чорна-белыя колеры. Сароку не трэба апранаць у колеры клуба, яна і так іх заўжды носіць.
«Норвіч Сіці» сімвалізуе канарэйка. І гэта гісторыя пра тое, як сімвал змяніў колеры клуба. Першыя некалькі гадоў пасля заснавання каманда гуляла ў сіня-белай форме і не мела талісмана, але затым запрасіла трэніраваць Джона Боўмэна. І той у першым інтэрв`ю ў новай якасці газеце «Істэрн Дэйлі Экспрэс» сказаў, што да прыезду ў Норвіч ведаў толькі пра мясцовых канарэек. Да Прамысловай рэвалюцыі горад наогул быў другім найбуйнейшым у Англіі пасля Лондана. І фламандскія купцы, вяртаючыся з калоній на Карыбах, часта везлі з сабой экзатычных птушак, у тым ліку праз графства Норфалк, у якім і знаходзіцца Норвіч. Было гэта ў ХV–ХVІ стагоддзях, але слава пра птушак дажыла і да пачатку ХХ стагоддзя, у якім Боўмэн і даваў гэтае інтэрв`ю. Босы клуба ўважліва прачыталі, што сказаў трэнер і вырашылі: а чаму б не?! Так канарэйка стала сімвалам каманды, а праз некалькі гадоў пад яе колеры зрабілі і футболкі, у якіх «Норвіч» гуляе дагэтуль. Дадамо, што канарэйкамі завуць і французскі «Нант», і турэцкі «Фенэрбахчэ», але там ужо колеры справакавалі такую мянушку.
Сава на эмблеме «Олдхэм Атлетык» апынулася ў выніку каламбуру з назвай горада. Раней ён называўся не Oldham, а Owldham, атрымаўшы герб старажытнага сямейства. Owl — сава. Тут усё проста. Час выкінуў літару «w» з назвы горада, а сава так і засталася яго сімвалам, адкуль лагічна пачала сімвалізаваць і мясцовы футбольны клуб.
Ёсць у Англіі і яшчэ адны совы. Гэта «Шэфілд Уэнсдэй». Іх мянушку таксама нарадзіла тапаніміка. Каманда пераехала з аднаго стадыёна на другі, які знаходзіўся ў раёне Owlerton. Зноў жа – першая частка назвы, сава, робіцца сімвалам.
Ну і скончым драздамі. Дрозд — сімвал клуба «Вэст Бромвіч Альбіён», заснаванага яшчэ ў 1878 годзе. У Англіі каманду называюць The Trostles.
А назва з’явілася пасля таго, як клуб пераехаў на новы стадыён. Гісторык «Вэст Бромвіча» Тоні Мэцьюз знайшоў сведчанні, што ў 1900 годзе, калі гэта адбылося, на стадыёне, куды пераехаў клуб, над тунэлем, з якога выходзяць футбалісты, раслі кусты глогу, у якіх харчаваліся дразды-спевуны. Адсюль каманду і празвалі «драздамі».
Арцём Сізінцаў для АПБ
Падзяліся артыкулам у сацсетках: