Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Салаўі закрылі спеўны сезон
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 16 ліпеня 2018 года
Як прайшоў сёлета сезон салаўіных спеваў? Якая вобласць пачула найбольш салаўёў? Як зрабіць салаўя суседам? Адказваем!
На працягу амаль 2-х месяцаў мы прапаноўвалі пазначаць “сваіх” салаўёў на адмысловай карце.
Як і летась, сёлета салаўіныя слухачы адзначылі больш за 300 кропак на карце. У гэтым годзе іх было 302, а ў мінулым – 341. Дзякуй за актыўнасць.
Другі год запар рэй па назіраннях салаўёў вядзе Брэсцкая вобласць. Віншуем!
19-20 траўня ў Мінску адбыліся салаўіныя экскурсіі – на Птушыным востраве ў Парку Перамогі і ў Севастопальскім парку. Разам з арнітолагамі мы шукалі і слухалі салаўя ды іншых птушак. Салаўіныя экскурсіі таксама прайшлі ў Гомелі, Слуцку, у Магілёўскай вобласці, у Брэсце і Брэсцкай вобласці.
Калі табе сустрэцца з салаўём не давялося, раім паглядзець відэа Ігара Бышнёва і дакрануцца да лагодных спеваў.
Навошта заносіць назіранні на карту? АПБ прааналізуе дадзеныя “салаўіных” месцаў і напіша лісты землекарыстальнікам, каб яны ведалі, што ў іх жывуць салаўі, і не пагаршалі ўмовы для сваіх “суседзяў”.
Важна звяртаць увагу на стан гэтых тэрыторый не толькі на працягу акцыі. Мы заклікаем людзей паведамляць пра выпадкі, калі лісце збіраецца ў «салаўіных» месцах! Пачулі салаўя — праверце калі ласка: ці не збіраюць там лісце, ці не выкошваюць траву? Падрабязней пра апалае лісце можна прачытаць тут.
Да якога часу спяваюць салаўі?
Звычайна гэтыя птушкі спяваюць, пакуль сямейныя клопаты не пагрукаюцца ў дзверы: тут ужо не да спеваў, час карміць птушанят. Апошняе назіранне сёлета дададзена 30 чэрвеня. Пра што гэта сведчыць? Хутчэй за ўсё,,наш позні спявак не знайшоў сабе пару ці страціў гняздо, якое было створана.
Падчас акцыі адно з самых распаўсюджаных пытанняў – як пасябраваць з салаўём і заручыцца яго суседствам? Нагадаем не вельмі складаныя ўмовы, якія павялічваюць шанцы вясенне-летніх вечаровых канцэртаў.
Як прывабіць салаўя на сваю сядзібу ці побач?
Прадказаць з’яўленне гэтай птушкі на ўсе 100% нельга, але бясспрэчна, на ваш дзікі куток завітаюць і іншыя птушкі – малінаўкі, дразды, лескі, чаротаўкі. Магчыма ты станеш суседам не адной крылатай сям’і!
Дзякуй удзельнікам акцыі «Салаўіныя вечары з АПБ» за актыўнасць і любоў да прыроды і птушак. Да сустрэчы ў новым сезоне салаўіных канцэртаў!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: