“Мы ўсе мусім зрабіцца актыўнымі прыродаахоўнікамі” – інтэрв’ю з Джэйн Аляксандар

ад 30 ліпеня 2018 года

Ад захаплення птушкамі — да аховы прыроды. Гутарка з вядомай амерыканскай акторкай Джэйн Аляксандар.

Джэйн Аляксандар – знаная акторка, літаратарка і гарачая аматарка птушак, сябар глабальнай кансультатыўнай групы міжнароднай арганізацыі BirdLife. Сёння яна апавяла нам, як акторская дзейнасць прывяла яе да захаплення птушкамі і чаму маладое пакаленне дае ёй надзею.

Джейн Александр защитница природы

Вашае дзяцінства прайшло ў Бостане. Наколькі цяжка людзям, якія нарадзіліся і выраслі ў гарадскіх умовах, знайсці кантакт з прыродай?

Сёння гэта значна лягчэй, чым тады, калі я была дзіцём.  Існавалі філіялы Audubon [BirdLife у ЗША], але ніхто ніколі не казаў мне пра іх. Я ведаю, што сёння для гарадской моладзі сітуацыя ў параўнанні з 1940-мі і 1950-мі, калі я была  маленькай, змянілася. Сёння Цэнтральны парк – вельмі папулярнае месца для назірання за птушкамі.

Ці зрабіла развіццё тэхналогій назіранне за птушкамі лягчэйшым?

Безумоўна. Нядаўна двое маіх унукаў вызірнулі ў акно і ўбачылі чырвонахвостага канюка, які проста сядзеў звонку! Яны сфатаграфавалі яго на тэлефон і тут жа ідэнтыфікавалі яго праз спецыяльную праграму. Такія праграмы на маім тэлефоне мне вельмі падабаюцца, таму што кнігі, якія мы раней насілі з сабой на назіранні, былі вельмі цяжкія…

Што прымусіла Вас у сталым веку захапіцца птушкамі?

Увогуле, гэта адбылося яшчэ ў пачатку 1970-х гадоў у Лос-Анджэлесе, калі падчас здымкаў фільмаў мы шмат працавалі ў студыйных умовах. І чаго многія людзі не разумеюць – гэта што акруга Лос-Анджэлес ёсць найлепшай ва ўсёй Паўночнай Амерыцы для назірання за птушкамі. Там больш за 450 відаў птушак – некаторыя стала там жывуць, але шмат тых, што мігруюць.

Вы шмат падарожнічалі па ўсім свеце. Якое Ваша ўлюбёнае месца для назірання за птушкамі?

Бадай, нельга абмінуць Індыю. Там працягваецца дэмаграфічны выбух, але ў гэтай краіне і самыя незвычайныя птушкі.

Як ад захаплення птушкамі Вы прыйшлі да актыўнай аховы прыроды?

Я пачала падарожнічаць з палявымі біёлагамі і бачыла, як са звычайных навукоўцаў яны ператвараліся ў актыўных прыродаахоўнікаў, бо змяншэнне відавой разнастайнасці ішло вельмі хуткімі тэмпамі. Я, шчыра кажучы, не магу згадаць сёння ніводнага значнага біёлага, які б не быў заўзятым ахоўнікам прыроды. Мы ўсе мусім зрабіцца актыўнымі прыродаахоўнікамі, інакш нічога не зменіцца.

Далучайся да АПБ — найбуйнейшай прыродаахоўнай арганізацыі Беларусі!

Аднак пакуль што да гэтага далёка. На Вашую думку, чаму заклікі навукоўцаў не заўсёды даходзяць да свядомасці шырокіх масаў?

Я мяркую, што людзям цяжка ўспрымаць такія канцэпцыі, як, напрыклад, змена клімату. Існуе тэорыя, што калі мы бачым аднаго, двух ці трох чалавек  у небяспецы, то можам заняць актыўную пазіцыю і паспрабаваць выратаваць іх. Калі бачым дзесяць і болей, мы застаемся бяздзейнымі, мы не можам нічога зрабіць, таму што наш мозг не ў стане пралічыць, якім чынам магчыма выратаваць такую колькасць.

Зрабі ахвяраванне на ахову прыроды

Якім Вы бачыце будучае аховы прыроды?

Я ўскладаю вялікія надзеі на маладое пакаленне. Юнакі, з якімі я размаўляю, на інстыктыўным узроўні разумеюць патрэбу ратаваць планету. Яны яшчэ не цалкам усведамляюць, як гэта ажыццявіць. Але яны дойдуць да гэтага, таму што ў іх ёсць тэхналогіі і навука таксама, і ім стае духу дзейнічаць.

Алекс Дэйл, birdlife.org

Пераклад Алены Раманоўскай



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: