Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Воўчая зграя можа выратаваць нацыянальны парк
Апошнія навіны,Сусветная навіна ад 31 ліпеня 2018 года
Калі ўсё пойдзе добра, драпежнікаў даставяць у парк Айл-Раял.
На выспе Айл-Раял засталося толькі двое ваўкоў. Аднак неўзабаве колькасць ваўкоў тут павялічыцца.
Фота: Упраўленне нацыянальных паркаў/Ролф Пэтэрсан
Жыхар Чыкага прыехаў на рыбалку ў нацыянальны парк Айл-Раял, узяўшы з сабой свайго хворага сабаку. Гэта прывяло да выбуху віруснай хваробы, якая з часам вынішчыла ўсіх ваўкоў, што насялялі выспу. “Захворванне, выкліканае сабачым парвавірусам, ахапіла папуляцыю ваўкоў, нібы лясны пажар”, – гаворыць Філіс Грын, дырэктар парку, што знаходзіцца на тэрыторыі барэальных лясоў у заходняй частцы возера Верхняга, штат Мічыган. Ніводнае ваўчаня з новых вывадкаў не перажыло зіму. За два гады з усіх 50 ваўкоў памерлі 36. Гэта быў 1982 год. На сённяшні дзень толькі двое ваўкоў блукаюць па выспе. Гэтая пара знаходзіцца ў небяспечнай сітуацыі, выкліканай кровазмяшэннем: самец спарыўся з сваёй маці, а таму ягоная дачка адначасова ёсць і ягонай сястрой. Страціўшы магчымасці да размнажэння, драпежнікі былі вырачаныя на поўнае знікненне.
Такі стан рэчаў назіраўся яшчэ на пачатку гэтага месяца, тады ж Упраўленне нацыянальных паркаў ЗША абвясціла сваё канчатковае рашэнне: цягам наступных трох-пяці гадоў павялічыць колькасць ваўкоў у парку Айл-Раял на 20-30 асобінаў. Выкананне гэтага рашэння распачнецца ўжо ў верасні. “Гэта вельмі рашучыя захады, – кажа Лін МакКлур, кіраўнік рэгіянальнага ўпраўлення Асацыяцыі аховы нацыянальных паркаў. – І першы значны крок у кірунку вяртання ваўкоў.”
План вельмі доўга быў у распрацоўцы. “Прыняцце такіх рашэнняў не даецца лёгка”, – кажа Грын. Рэч у тым, што Айл-Раял – гэта выспа з некранутай прыродай, а таму асноўны прынцып палітыкі ўпраўлення паркаў – прынцып неўмяшання ў прыродныя працэсы. Аднак, хочам мы таго ці не, нават у такім аддаленым ад цывілізацыі месцы, як Айл-Раял, людзі працяглы час уплывалі на фармаванне экасістэмы.
“Дзікай прыродай лічацца раёны, пазбаўленыя ўздзеяння чалавека. Аднак ці магчыма такое сёння?” – гаворыць Гэры Пэтэрс, сенатар ад штата Мічыган, які з 2015 года заклікаў парк разгледзець пытанне аднаўлення колькасці ваўкоў.
Парк Айл-Раял мае найніжэйшы рэйтынг па наведваннях, але найвышэйшую даходнасць ад іх сярод усіх нацыянальных паркаў кантынентальнай часткі Злучаных Штатаў.
Фота: Упраўленне нацыянальных паркаў/Пол Браўн
Цягам апошніх ста гадоў першыя ваўкі траплялі на выспу па ледзяных “мастах”, якія ўтвараліся падчас моцных зімовых маразоў і цягнуліся на 15 міляў праз возера Верхняе ад узбярэжжа Мінесоты. Год за годам новыя ваўкі-мігранты адважваліся на пераход з мацерыковай часткі, і гэта падтрымлівала генафонд ізаляванай папуляцыі. Аднак цяпер возера замярзае рэдка і ненадоўга.
“У сувязі з кліматычнымі зменамі ўсё менш імаверна, што будуць утварацца ледзяныя “масты”. Ужо не выпадае чакаць такіх, як раней, падарожжаў ваўкоў, – кажа Пэтэрс. – Папуляцыя зрабілася замкнёнай, што прывяло да кровазмяшэння і паступовага яе вымірання”.
Змяншэнне колькасці ваўкоў парушыла хісткі баланс экасістэмы на Айл-Раял. Драпежнікі рэгулююць папуляцыю паўночных амерыканскіх ласёў на выспе, а гэта ў сваю чаргу спрыяе захаванню здароўя лясоў. У выніку знікнення натуральных ворагаў колькасць ласёў за апошняе дзесяцігоддзе рэзка ўзрасла. Калі ім нічога не будзе пагражаць, то, паводле прагнозаў біёлагаў, папуляцыя ў найбліжэйшыя пяць гадоў павялічыцца ўдвая – вынікае з дакладу, апублікаванага ў траўні Мічыганскім тэхналагічным універсітэтам.
Ласі кормяцца бальзамічнай піхтай, што расце на выспе, і актыўна знішчаюць сваю асноўную крыніцу харчавання. А калі пры ўсіх вышэйзгаданых фактарах дапусціць, што іх колькасць будзе хаця б нязначна большай, а зіма суворай, то папуляцыю чакае голад і паморак.
Самец амерыканскага паўночнага лася вышуквае, чым падсілкавацца. Каля 1500 ласёў насяляюць сёння Айл-Раял – гэта больш за сем асобінаў на адну квадратную мілю. Фота: Упраўленне нацыянальных паркаў/Пол Браўн
Біёлагі вывучалі ўзаемазалежнасць колькасці лася і ваўка на Айл-Раял цягам апошніх 60 гадоў. Гэтае даследваванне, праведзенае Мічыганскім універсітэтам, па часавым ахопе, бадай, самае вялікае ў свеце сярод тых, якія адлюстроўваюць дынаміку колькасці драпежнікаў і іх ахвяр. Штолета каманда навукоўцаў і валанцёраў аглядаюць лес, шукаючы парэшткі тушаў ласёў. Бактэрыі ў сківіцах памерлых жывёлін, косны мозг, памер чэрапу – усё гэта вядзе да разгадкі гісторыі іх хваробаў, апавядае пра голад і спробы адаптацыі да зменаў навакольнага асяроддзя. Невялікая група людзей вяртаецца сюды ў самы халодны час узімку, каб пасачыць за жывёламі з паветра. Сляды на снезе і адсутнасць зялёнага расліннага покрыва, якое робіць звяроў цяжкадаступнымі для назірання, дазваляюць біёлагам падлічыць колькасць ласёў і ваўкоў.
Паводле навукоўцаў, наяўнасць на Айл-Раял усяго толькі некалькіх відаў сысуноў і значная адмежаванасць выспы ад наўпроставага ўздзеяння чалавека стварылі ідэальную для назірання экасістэму. Разам з тым, такія асаблівасці экасістэмы сведчаць пра тое, што калі парушаецца нейкі адзін фактар, то пад удар трапляе цалкам уся сістэма.
Панаванне ласёў на Айл-Раял ставіць пад пагрозу здароўе лясоў.
Фота: Упраўленне нацыянальных паркаў/Пол Браўн
Як лічыць Лін МакКлур з Асацыяцыі аховы нацыянальных паркаў, план па аднаўленні папуляцыі ваўкоў атрымаў шырокую падтрымку дзякуючы сваёй патэнцыйнай магчымасці вярнуць страчаны баланс паміж ваўкамі, ласямі і дрэвамі. Гэтае рашэнне было абвешчана неўзабаве за падобным, прынятым у сакавіку, у дачыненні да ўзнаўлення мядзведзяў грызлі ў нацыянальным парку Норт-Каскейдс у штаце Вашынгтон.
Упраўленне паркаў ужо адрадзіла амаль зніклыя папуляцыі сысуноў на пэўных тэрыторыях: таўстарогіх бараноў у штаце Мантана, пумаў у Фларыдзе і ваўкоў у парку Елаўстан. Аднак кожнае з гэтых рашэнняў, перш чым было канчаткова зацверджана, вымагала гадоў падрыхтоўчых захадаў і працы з грамадскасцю. Бадай, упершыню, прымаючы рашэнне па ўмяшанні ў сістэму выспы Айл-Раял, упраўленне кіравалася ў тым ліку і фактарам змены клімату. Гэта, аднак, не мусіць паскорыць абмеркаванне сітуацый у іншых парках. “Кожны парк мае непаўторны набор пераменных, – гаворыць МакКлур. – І таму ў кожным новым выпадку неабходны асобны падыход”.
Для выканання задачы засталося толькі адлавіць і даставіць новых ваўкоў на выспу Айл-Раял. Са словаў Грына, гэта патрабуе не абы-якіх намаганняў. “Самае галоўнае – бяспечна для ваўкоў злавіць іх і выпусціць у месца цяжкадаступнае і вельмі аддаленае ад мясцінаў іх першапачатковага пражывання”. Цягам найбліжэйшых месяцаў парк мае завяршыць неабходныя працэдуры: атрымаць дазволы, ажыццявіць адлоў, правесці ветэрынарныя праверкі і генетычныя даследаванні, выканаць авіяперавозку. Нават калі ваўкі будуць падрыхтаваныя да падарожжа – паветрам ці па вадзе – да свайго канчатковага месцапрызначэння, магчыма, ім яшчэ давядзецца чакаць. “На выспе Айл-Раял усё залежыць ад надвор’я, – кажа Грын. – Ці будзе надвор’е спрыяць? Магчыма, што і не”.
Лексі Крап, popsci.com
Пераклад Алены Раманоўскай
Падзяліся артыкулам у сацсетках: