Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Самы рэдкі кажан Еўропы пасяліўся на беларускіх балотах
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 3 жніўня 2018 года
У ліпені спецыялісты АПБ разам з валанцёрамі зладзілі экспедыцыю ў ненаселеныя часткі Палесся. Тут жыве самы рэдкі і самы вялікі кажан Еўропы – гіганцкая вячэрніца. На сёння Беларусь – паўночная мяжа яе арэалу.
Гэты від пераадкрыў у 2015 годзе заолаг Валер Дамброўскі на балоце Стары Жадзен, якое разам з Альманскімі балотамі ўтварае адзін з найвялікшых у Еўропе леса-балотных комплексаў. Гэта Рамсарскае ўгоддзе і Тэрыторыя, важная для птушак: тут гняздуецца, напрыклад, таксама і добрая папуляцыя вялікага арляца, віду, якому пагражае глабальнае знікненне.
Валер Дамброўскі ў экспедыцыі на Старым Жадзене
Пакуль вядома толькі пра гэтае месца пражывання гіганцкай вячэрніцы ў Беларусі. Дагэтуль у краіне гэты від назіралі толькі аднойчы ў 1930 годзе. Найбліжэйшыя месцы, дзе размнажаюцца гэтыя кажаны, — Венгрыя на захадзе і Уральскія горы на ўсходзе. Гэты від важыць 80 грамаў і можа паляваць нават на птушак!
Ужо чацвёрты год запар АПБ арганізуе адмысловыя экспедыцыі для вывучэння гэтых кажаноў.
Рака Убарць ля Старога Жадзена
Мэта апошняй экспедыцыі – узяць пробы для генетычнага аналізу розных відаў кажаноў, пазначыць іх і замацаваць перадатчыкі, каб вызначыць іх перасоўванні і месцы днёўкі калоній, даведацца пра важную для ніх мазаіку біятопаў.
Найперш шукаюць гіганцкую вячэрніцу – самага вялікага, але самага маладаследаванага кажана Беларусі. Актыўнасць кажаноў залежыць ад умоваў надвор’я. У дождж ды туман кажанам нязручна лётаць: мокнуць крылы. Таму часам кажаноў даводзіцца лавіць не толькі падчас іх палявання, але і наўпрост з дупла. Яго знайшлі з дапамогай бат-дэтэктараў.
Раман Шкабара ўзлазіць на сасну, каб замацаваць пастку
Раман Шкабара, валанцёр АПБ, са страхоўкай узлазіць па сасне на 10-метровую вышыню і мацуе на дупле самаробную пластыкавую пастку. Па чарзе са свайго жытла вылазяць чатыры кажаны. Тры з іх ужо былі раней акальцаваныя.
З сутоннем кажаны пачынаюць актыўнасць
У спрыяльнае надвор’е актыўнасць кажаноў пачынаецца з вечаровым сутоннем, працягваецца ўначы і дасягае піку на досвітку.
Над вадой расстаўляюць сетку на кажаноў
З вечара ўдзельнікі экспедыцыі ставяць сеткі на балотнай рацэ, куды кажаны прылятаюць на вадапой і паляванне.
Кажана вымаюць з сеткі
Прыродаахоўнікі па чарзе трымаюць вахту ў лодцы да глыбокай ночы.
Час кажаноў
Калі ў сеткі трапляецца кажан, яго дастаюць і кладуць у тканы мяшэчак.
Кажаны ў мяшэчках
У лагеры абмяраюць звяркоў, вызначаюць віды злоўленых кажаноў, робяць забор на генетычны аналіз.
У лагеры кажаноў абмяраюць і запісваюць дадзеныя
На рэдкіх гіганцкіх вячэрніц, паўночных і двухколерных кажанкоў прыляпляюць перадатчыкі з антэнамі, якія праз 3 дні самі адваляцца.
Кажаноў пазначаюць перадатчыкамі. Зверху — гіганцкая вячэрніца, знізу — двухколерны кажан.
Такія прыборы дазваляюць даведацца, дзе кажаны перасоўваюцца, і знайсці калоніі кажаноў, а пазней адлавіць і пазначыць больш рукакрылых.
Пазначэнне злоўленых асобін дазволіць лепш вывучыць папуляцыі кажаноў
Агулам за чатыры гады ў ваколіцах Старога Жадзена акальцавалі 11 гіганцкіх вячэрніц.
Акальцаваная вячэрніца
На сёння мы ведаем, што гіганцкая вячэрніца палюе тут на тэрыторыі да 30 кілямэтраў у дыямэтры. Таксама высветлілася, што кажанам цікавыя старыя пажарышчы: там яны праводзяць адносна шмат часу на начным паляванні.
Гіганцкая вячэрніца з перадатчыкам вяртаецца на волю
«Гіганцкая вячэрніца наўпрост звязаная з натуральным станам лясоў і балот, — кажа каардынатар прыродаахоўных праграм АПБ і Франкфурцкага заалагічнага таварыства Віктар Фянчук. — Для гэтых кажаноў важны натуральны стан прыроднай тэрыторыі, дзе не зменены ландшафт, шмат старых дрэваў».
Віктар Фянчук падчас экспедыцыі на гіганцкую вячэрніцу
Але створаныя на Старым Жадзене і на Альманскіх балотах заказнікі недастаткова абараняюць гэтыя тэрыторыі ад высякання лесу і асушэння. Якраз цяпер за 20 кіламетраў ад мясцін, дзе жыве гіганцкая вячэрніца, на Альманскіх балотах будуюць новую дарогу праз балотную неруш. З кожным годам у балоты прыязджае ўсё больш збіральнікаў ягад, якія нават разбіваюць тут лагеры. Прысутнасць людзей турбуе асцярожных жывёл.
Каб захаваць рэдкія мясцовыя біятопы, АПБ рыхтуе прапановы для ўраду па больш строгай ахове гэтых тэрыторый. Даследаванні паводзін рэдкіх відаў, такіх як гіганцкая вячэрніца, дазволяць удакладніць лепш іх патрабаванні да асяроддзя.
Фота Любы Дударэвіч і РС
Падзяліся артыкулам у сацсетках: