Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Пачынаецца сезон амаль неабмежаванага палявання
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 9 жніўня 2018 года
11 жніўня ў Беларусі пачынаецца летне-асенні сезон палявання. Адстрэл дзікіх птушак у нашай краіне не нармуецца паводле колькасці здабычы ні ўвесну, ні ўвосень. Ці патрэбныя такія ліміты?
Летась, калі абмяркоўвалі змены ў Правілы палявання, АПБ прапанавала ўвесці абмежаванні па здабычы птушак у дзень і нас падтрымала Мінпрыроды. Такія нормы здабычы дзейнічалі і ў савецкі час. Але з адкрыццём межаў у Беларусь пацягнуліся замежныя паляўнічыя, якія плацяць за кожную забітую птушку. За кампанію нормы адмянілі і для беларусаў, хаця яны плацяць фіксаваную суму незалежна ад таго, адну ці 20 качак асоба застрэліла.
Качкі-крыжанкі
Ва Украіне, напрыклад, штогод зацвярджаюцца ліміты па здабычы дзічыны паляўнічымі. Зусім нядаўна, у ліпені, Украіна зацвердзіла нормы адстрэлу паляўнічых відаў жывёл на 2018-2019 гады, якія рэгулююць, колькі асобін кожнага віду можа адстрэльваць паляўнічы за дзень палявання.
Напрыклад, за дзень дазваляецца адстраляць 2 вялікія коўры, 3 шэрыя курапаткі, 5 качак, 3 фазаны, 6 лысак, 15 перапёлак, па 10 кулікоў ды галубоў і 3 гусі. Звычайна паляўнічыя палююць 2-3 дні, так што маюць магчымасць здабыць шмат птушак.
Дзічына, узрошчаная пад адстрэл на фермах, не нармуецца.
Мы пацікавіліся ў паляўнічых, ці трэба, на іх думку, увесці такія нормы ў Беларусі – як у вясновы, так і ў асенні сезон палявання. Меркаванні пачулі розныя.
Карыстальнік форума “Трапны стрэл” паляўнічы Андрэй з 35-гадовым стажам лічыць, што ў гэтым няма сэнсу. Па-першае, таму што паляўнічых, на яго думку, засталося мала і шкода папуляцыям невялікая ў параўнанні “з антрапагенным фактарам ўздзеяння на месцы гнездавання”. Па-другое, даводзіць Андрэй, паляванне не кожны раз удалае: бывае, за сезон шанцуе толькі раз. Па-трэцяе, апантаных паляўнічых, якія б’юць вельмі шмат вальдшнэпаў і качароў, зусім мала, “нават не сотні”, і яны ўсё адно не будуць звяртаць увагі на нормы: “Якая праблема размеркаваць норму паміж удзельнікамі? – тлумачыць паляўнічы. – Ці яшчэ горш – скінуць лішняе. Разумная дастатковасць – у душы, а не ў абмежаваннях”.
Паляўнічыя са сваёй здабычай. Ілюстратыўнае фота
Аднак ёсць і паляўнічыя, якія ўвядзенне нормаў адстрэлу лічаць патрэбным. Напрыклад, сэнс у гэтым бачыць Уладзімір, паляўнічы з 16-гадовым стажам з Мінскай вобласці.
Ён нават прыводзіць лічбы магчымых лімітаў: “Дзве шэрыя гусі на паляўнічага ў адзін светлавы дзень, бо гэта мясцовы від. Большасць правільных гусятнікаў, у тым ліку я, не страляюць малаколькасную мясцовую папуляцыю, спадзеючыся на рост. Але хаця б дзве у норме павінна быць, каб абмежаваць паляўнічых ад выпадковай здабычы шэрых гусей. А таксама бывае, калі вяртацца з палявання пустым не хочацца, бо рэдка выбіраешся, і хаця б 1-2 шэрыя гусі закрыюць мінімальныя патрэбы паляўнічага, улічваючы, што падрыхтоўка да самога палявання на гусь дарагая. 8-10 гусей пералётных(белалобая, гусь-гуменніца, белашчокая казарка(хаця яна надзвычай рэдкая на прасторах Беларусі)) на аднаго паляўнічага ў светлавы дзень – больш чым дастаткова.І патлумачу, 8-10 дзікіх гусей на паляўнічага пры кампаніі 2-4 удзельнікі – не такая ўжо частая ўдача: добра, калі з 10 паездак у самых прафесіяналаў (а такіх 10 %) атрымліваецца так настраляцца на 3-4 паляваннях, а ў большасці такіх вынікаў не бывае ўвогуле. Рабіць ліміт на вясновага вальдшнэпа большы за 3-5 асобін не мае сэнсу, а калі раптам праз нейкія прыродныя катаклізмы вальдшнэп будзе цягнуць без асцярожнасці, гэты ліміт спыніць паляўнічых “без тармазоў” ад бяздумнай здабычы. Абмежаванне ў 10 птушак на вясновага качара будзе разумным, гэта больш чым трэба. Але ліміт па малаколькасных відах дзікіх качак мусіць быць 2-3 асобіны, астатняе – самец крыжанкі, бо толькі самец крыжанкі можа вясной актыўна разбураць кладкі качак.
Што датычна асенняга пралёту, 10 птушак любога віду і 5 вальдшнэпаў цалкам хопіць для патрэбаў любога паляўнічага. Большая колькасць ужо выклікае пытанні, ці будзе гэтая здабыча належным чынам апрацаваная і спажытая. Вясновага палявання як на пералётных гусей, так і на мясцовую шэрую гусь, практычна не бывае, хіба што прыемны выпадак. Здабыць увосень 2-5 гусей на 2-3 удзельнікаў лічыцца выдатным вынікам, але бывае такое вельмі рэдка”.
Смецце, пакінутае паляўнічымі. Фота В. Бабковай
Падзяліся артыкулам у сацсетках: