Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Дзікая рака Дзітва: што будзе з лёгкімі Лідчыны?
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 24 жніўня 2018 года
Калі адкрыць Google Earth і знайсці маляўнічую рэчку Дзітву пад Лідай, то ўражваюць дзве рэчы: унікальныя аграмадныя дзікімі астравы ніжэй вёскі Парачаны – і 30 км спраставанай рэчкі вышэй вёскі, з асушанай поймай і залітымі тарфакар’ерамі побач.
Над Дзітвой. Фота Івана Мураўёва
17 жніўня 2018 года АПБ і Багна і выехалі на Лідчыну, каб паказаць эстонскім калегам-прыродаахоўнікам пойму Дзітвы, дзе плануюць пачаць торфараспрацоўку.
Прыродаахоўнікі на Дзітве. Фота Алесі Башарымавай
У Лідзе нас сустрэў былы егер Лідскага лясгаса Аляксей Якімчык. Пра сябе ён кажа: “Я, бы той вужака, аблазіў гэтыя мясціны за 10 гадоў. Гэта рай для жывёльнага свету!”
Сапраўды, на Лідчыне гэта, бадай, апошні куток жывой прыроды, дзе амаль не ходзяць людзі і шмат рэдкіх жывёл і раслін.
Пойма Дзітвы. Фота Івана Мураўёва
Але пойма Дзітвы ўключаныя ў план па торфараспрацоўцы. Гэты куток дзікай прыроды можа знікнуць.
Раскапаць Дзітву: Беларусь можа страціць унікальнае міжрэчча
Пойма Дзітвы знаходзіцца недалёка ад Ліды. Праехаўшы ўсяго 8 кіламетраў, да Ольжава, мы трапляем на месца.
Тут балоціста, людзі сюды амаль не ходзяць. Нядзіва, што тут абжылося шмат “чырвонакніжнікаў”.
Каромысел белавалосы — «чырвонакніжны» від страказы ў пойме Дзітвы. Фота Юрыя Квача
У пойме Дзітвы сустракаюцца наступныя рэдкасці: такуе дупель, гняздуецца арлан-белахвост і зімародак, гняздуюцца і спыняюцца падчас міграцыі шэрыя жураўлі. Яны так прыгожа і гучна спяваюць, што, як кажа Аляксей, тут як у філармоніі. Ля Шведскай гары бачылі свежую нару барсукоў. А яшчэ тут жыве многа баброў, ласёў і казуль.
Казуля ў пойме Дзітвы. Фота Юрыя Квача
На Гарадзеншчыне гэта апошняе месца, дзе яшчэ спявае глабальна пагражаны від — вяртлявая чаротаўка. Сёлета тут чулі двух самцоў. Птушка нядаўна знікла з заказніка “Гродзенская Свіслач” пад Індурай, а большасць яе біятопаў пад Лідай знішчана раней. Навошта марнаваць недзе мільёны еўра на стварэнне новых балот для чаротаўкі, не ведаючы дакладна, калі яны адновяцца і ці заселіць іх гэтая птушка, калі на Дзітве цяпер плануецца знішчыць месца, якое яна выбрала сама? Заўтра чаротаўка можа зрабіць Дзітву тэрыторыяй міжнароднай значнасці!
Але чырвонакніжныя віды афіцыйна пад ахову трапляюць толькі тады, калі на месцы іх пражывання аформленыя пашпарты. Пакуль пад ахову ўдалося аддаць толькі ўчастак, дзе расце рэдкая расліна сіела прамая, а таксама 2 рэдкія біятопы: павольную невялікую раку ды высокатраўныя прырэчныя паплавыГэта адбылося дзякуючы навукоўцам Алегу Созінаву з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Аляксандру Судніку з Інстытута эксперыментальнай батанікі імя Васіля Купрэвіча НАН Беларусі.
Сіела прамая
Пойма Дзітвы зрабілася чацвёртай тэрыторыяй у Беларусі, дзе зарэгістраваная блакітнаватая мнагавочка.
Блакітнаватая мнагавочка. Фота Юрыя Квача
Цікавы факт: Часам адкрыцці дапамагаюць рабіць аматары. У 2014 і 2015 гадах карыстальнікі florafauna.by Сяргей Саковіч і Таццяна Яварэц размясцілі фатаграфіі матылька на сайце, а супрацоўнікі НАН Беларусі вызначылі від. Так была знойдзеная трэцяя папуляцыя блакітнавокай мнагавочкі ў Беларусі – у заказніку “Гродзенская Свіслач”. Матылька назіралі абодва разы ў самым пачатку траўня. Будзьце ўважлівыя, назірайце за прыродай і публікуйце здымкі на florafauna.by!
Аляксей расказвае, што па вясне тут многа рыбакоў, асабліва на другім рэчышчы Дзітвы. Маўляў, рыбаляць па чарзе, бо на ўсіх не хапае месца.
На тым ручве, да якога мы падышлі, рыбы менш. Сюды ідуць сцёкі з Лідскіх ачышчальных збудаванняў. Насустрач нам выйшаў рыбак з вудою і вядром. Цікавімся, як бярэцца рыба.
Рыбак на Дзітве. Фота Алесі Башарымавай
“Дробязь адна ідзе: гусцяра, краснапёркі, — кажа Анатоль Сцяпанавіч. — Летась яшчэ падлешчык браў. Сёлета рыба, відаць, не зайшла. Трэба вырашаць праблему з ачышчальнымі, якія скідваюць усё сюды. Яны збіраюць у міксер – збаўталі і скінулі. Да рэчкі падыдзеш – смуродам нясе. Дамы новыя ў горадзе будуюць, а ачышчальныя – старыя”.
Улоў рыбака. Фота Алесі Башарымавай
Пад рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў ў канцы 2016 года былі вылучаныя інвестыцыі.
Кіраўнік аддзела дзікай прыроды Эстонскага агенцтва навакольнага асяроддзя Уда Цім: “Дзітва выконвае функцыю натуральнага прыроднага фільтру. Пойма зарасла крапівой і трыснягом – гэта індыкатар таго, што вельмі шмат нітратаў прыходзіць з ачышчальнага канала. Гэта сведчыць пра вялікую колькасць арганікі, фосфару ці нітратаў. Калі пачнуцца торфараспрацоўкі, уся арганіка пойдзе ўніз, у Нёман. Будзе вялікая нагрузка на буйную раку. Паплавы – гэта фільтры, яны стабілізуюць экасістэму”.
Згодна з нарматыўнымі прававымі актамі, у Беларусі тэрыторыі ў поймах рэк не могуць аддавацца пад распрацоўку. Тым не менш, пойму натуральнай ракі Дзітвы ўключылі ў план па торфаздабычы.
Хараство Дзітвы і яе біяразнастайнасць цяпер пад пагрозай.
Уда кажа, што ў Эстоніі тэрыторыі, якія не спазналі антрапагеннага ўздзеяння, нельга чапаць. “Мы разумеем, што тарфяны слой расце вельмі марудна, ён павялічваецца ў сярэднім на 1 міліметр у год,” – кажа ён.
Канстанцін Чыкалаў: “У нас таксама цяпер распрацоўваецца Закон “Аб ахове і выкарыстанні балот (тарфянікаў)”, і там таксама прапаноўваецца аддаваць пад распрацоўку асушаныя раней балоты або тэрыторыі, дзе была антрапагенная нагрузка”.
Прыродаахоўнікі на Дзітве. Фота Івана Мураўёва
Уда здзіўляецца, як пры такім узроўні вады гэтую тэрыторыю аддалі пад торфараспрацоўку. Вясной тут усё залівае вадой. “Трэба адпампоўваць ваду! Гэта марная праца,” – кажа навуковец. Улічваючы, што слой торфу тут невялікі – адзін-паўтара метры, гэта будзе эканамічна немэтазгодна. “У нас пачынаюць думаць, ці ёсць сэнс здабываць торф, калі слой хаця б 2,5 метры,” – дзеліцца Уда.
Канстанцін Чыкалаў гаворыць, што напярэдадні прыязджаў сюды і размаўляў з мясцовымі жыхарамі. Яны абураюцца планамі распрацоўваць торф: “Мы тут адпачываем, мы не хочам, каб Дзітву раскапалі!”
Былы егер Аляксей Якімчык паказвае эстонскім навукоўцам раздрукоўку дакумента: “Тут зона адпачынку, у Ольжава. Вось, глядзіце – пастанова аб зацвярджэнні і размяшчэнні зон аб’ектаў турызму і адпачынку”.
Чаму ж торфазавод хоча ўзяць гэтую тэрыторыю пад торфараспрацоўку? У радовішчах, дзе працуе завод, сканчваецца торф. Прадпраемству трэба шукаць новыя месцы пад распрацоўку торфу, а іх няшмат у Лідскім раёне. Пойма Дзітвы зручнае месца, сюды ідуць добрыя дарогі… Так завод зможа працягваць працу яшчэ некаторы час – коштам знішчэння багатай экасістэмы і аднаго з нямногіх куткоў дзікай прыроды на Лідчыне.
Гэта канфліктная і небяспечная сітуацыя: ААТ “Тарфабрыкетны завод Лідскі” выпрацаваў рэсурсы і хоча працягваць працу любой цаной. Ён ужо асушыў вялікую частку Дакудаўскага балота.
Асушэнне прывяло да пажараў. Вучоныя прапаноўвалі паставіць плаціны, падняць узровень вады, паўторна забалоціць гэтую тэрыторыю, але безвынікова.
Прыродаахоўнікі непакояцца, што торфазавод можа зацікавіцца распрацоўкай таго астраўка, які застаўся ад Дакудаўскага балота, нягледзячы на тое, што гэта рэспубліканскі заказнік.
Вядома, парушэнне гідрарэжыму вакол заказніка ўплывае на яго стан. У спалучэнні з цёплым і сухім надвор’ем яно рэзка павышае імавернасць пажараў.
Пажар на Дакудаўскім балоце. Фота Алесі Башарымавай
Дарогай мы пабачылі сівы дым зводдаль ад дарогі. Высветлілася, што гарыць Дакудаўскае балота, прычым ачаг загарання — акурат у заказніку.
Ужо на наступны дзень, 18 жніўня адкрыты агонь патушылі, супрацоўнікі МНС працягваюць дзяжурыць на ўчастку загарання.
Пажары, забруджванне Нёмана, знішчэнне ўнікальнага міжрэчча – дома для многіх рэдкіх відаў жывёл ды раслін – ці варта гэта таго, каб наладжваць на Дзітве нерэнтабельныя торфараспрацоўкі?
Не, лепш стварыць тут заказнік.
Відэа — Іван Мураўёў
Падзяліся артыкулам у сацсетках: