Дзве скульптуры беларускіх ласосяў адкрылі ў адзін дзень

ад 28 жніўня 2018 года

25 жніўня АПБ удзельнічала ў адкрыцці дзвюх скульптур ласосяў на Астравеччыне. Менавіта ў тутэйшых рачулках нерастуюць гэтыя рэдкія ў Беларусі рыбы.

Астравец, на гербе якога прысутнічае стронга, святкаваў у гэты дзень 550-годдзе. Да гэтай даты прымеркавалі адкрыццё скульптурнай кампазіцыі “Ласось”, якую стварыў Аляксадр Шомаў.

Скульптор Александр Шомов

Скульптар Аляксандр Шомаў

Ганаровае права адкрыць кампазіцыю далі старшыні АПБ Васілю Грычыку, старшыні Астравецкага райвыканкама Ігару Шалудзіну, дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Адаму Кавальку, намесніку старшыні Гродзенскага аблвыканкама Івану Жуку і, вядома, скульптару.

Открытие скульптуры лосося в Островце

Скульптуру адкрылі старшыня АПБ Васіль Грычык, старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін, дэпутат ПП Нацыянальнага сходу Адам Кавалька, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Іван Жук, скульптар Аляксандр Шомаў

Намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Свіла сказаў: “Каб прыйсці на Астравецкую зямлю, гэтая рыба пераадольвае больш за 500 кіламетраў, праходзіць складаныя лабірынты. На жаль, у нашай рацэ Лошы – а яе назва паходзіць ад балцкай назвы ласося – яе на сёння няма. І я вельмі спадзяюся, што да наступнага юбілея горада мы прыкладзем усе намаганні, каб сюды вярнулася гэтая гордая і прыгожая рыба – ласось”.

Виктор Свилло

Віктар Свіла

Другая скульптурная кампазіцыя чакала адкрыцця ў двары школы ў Варнянах.

открытие скульптуры лосося в Ворнянах

Адкрыццё скульптуры кумжы ў Варнянах

Менавіта тут у верасні 2017 года АПБ стварыла Інфармацыйны цэнтр па захаванні ласосевых рыб, або проста – Ласосевы цэнтр.

Лососевый центр в Ворнянах

Ласосевы цэнтр у Варнянах

Вакол Варнянаў бягуць чыстыя, халодныя ручаі і рачулкі, дзе жывуць стронгі і куды прыплывае на нераст з Балтыйскага мора сёмга і кумжа.

Скульптура кумжи в Ворнянах

Таямнічая кумжа

Вучні школы падрыхтавалі кранальны выступ з вершамі, прысвечаны ласосям.

Ученики Ворнянской средней школы

Дзеці чытаюць вершы ў гонар кумжы

Тут сапраўды шануюць гэтыя рэдкія для нашай краіны віды. Школьнікі нават робяць па ім даследчыя працы і самі праводзяць экскурсіі па Ласосевым цэнтры.

Елена Юркойть

Алена Юркойць

Дырэктар Варнянскіх ясляў-сада-сярэдняй школы Алена Юркойць расказала, што валанцёрская дзейнасць па ахове кумжы ў іх вельмі развітая: настаўнікі і бацькі выходзяць рэйдамі на месцы нерасту, асабліва ў снежні. Адкрываючы скульптурную кампазіцыю “Кумжа”, яна сказала: “Наша ўстанова адукацыі нарэшце атрымала сваё аблічча. Мы і далей будзем працаваць па захаванні гэтых ласосевых рыб”. 

Валентин Борздый

Валянцін Борзды

Скульптар Валянцін Борзды некалькі сезонаў валанцёрыў і нават каардынаваў ахову ласосяў у камандзе АПБ, удзельнічаў у маніторынгу гэтых рыб. Пра свой твор ён кажа: “Гэта добры матывацыйны сімвал для школы, сімвал імкнення. Дарэчы, валун для скульптуры мы знайшлі ўсяго за паўтара кіламетра адсюль. Ён вельмі арганічна ўвайшоў у кампазіцыю”.

Скульптурная композиция "Кумжа" в Ворнянах

Скульптурная кампазіцыя «Кумжа»

Скульптура паказвае пару кумжаў у натуральную велічыню. Гэта сімвалічна, бо як жа без пары ласосі маглі б размнажацца і павялічваць папуляцыю?

Василий Гричик

Васіль Грычык

Старшыня АПБ Васіль Грычык расказаў, якой сенсацыяй зрабілася вестка пра тое, што ў Беларусі захаваліся ласосі: “Лічылася, што пасля будаўніцтва каскаду гідраэлектрастанцый на Нёмане віды ласосевых рыб перасталі сустракацца ў нашай фаўне. У 1990-я даведаліся, што гэта не так. Месцы нераставання гэтых рыб захаваліся ў трох рачулках на тэрыторыі Астравецкага раёна. Гэтая навіна хутка абляцела кругі заолагаў і падала надзею, што ўдасца аднавіць папуляцыю. На той момант яна была пад пагрозай знікнення, гнёзды кумжы былі адзінкавыя. Каб прапусцілі яшчэ гадоў 5-7, магчыма, мы б і сапраўды страцілі яе папуляцыю. Але дзякуючы ўкладзеным сродкам і вялікім намаганням валанцёраў, шырокай грамадскасці,прыродаахоўных і дзяржаўных арганізацый сёння мы маем пад сотню гнёзд кумжы. Калі так пойдзе далей, то мы зможам выкрасліць кумжу з Чырвонай кнігі. А пакуль яна патрабуе самай пільнай увагі і аховы”.

Александр Винчевский, Василий Гричик, Валентин Борздый, Елена Юркойть

Аляксандр Вінчэўскі, Васіль Грычык, Валянцін Борзды, Алена Юркойць

Што ж пагражае беларускім ласосям? Дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі тлумачыць: “Каля 10 гадоў таму грамадскія арганізацыі і валанцёры пачалі штогадова рабіць асеннія летнікі, калі нерастуе ласось, каб змагацца з браканьерствам. З часам мясцовыя людзі даведаліся, што рыба ахоўваецца, пачаў з’яўляцца гонар, што яны жывуць ва ўнікальнай мясцовасці. Калі маніторынг зрабіўся больш масавы, выявіліся праблемы з забруджваннем вады. У Варнянах ёсць фермы, якія спускаюць сцёкі ў рачулку Газоўку. Ёсць рэчка, дзе некалі былі ласосі, — цяпер там, напэўна, ніякай рыбы не жыве.

На будучыню яшчэ працы многа, бо нават ў беларускай частцы Віліі многа прытокаў, але не ўсе яны на сёння прыдатныя для ласосяў. Ручай Тартак каля Варнян дзякуючы ахове мае найбольшую ў Беларусі групоўку ласосяў, для рыб ужо не хапае месца, дзе нераставаць. А ісці далей на нераст яны не могуць, бо вышнявіны Тартака перагароджаныя.

Калі Астравецкая АЭС пасля запуску будзе награваць раку за кошт скіду цёплай вады, то ласосі могуць знікнуць і нішто ім не дапаможа, бо ім трэба прахалодная вада: там больш кіслароду. Пацяпленне клімату таксама не спрыяе іх выжыванню: перапады тэмпературы для маладых ласосяў, якія мігруюць праз Вілію ў мора, могуць быць забойчыя”.

Елена Юркойть проводит экскурсию по Лососевому центру в Ворнянах

Алена Юркойць правяла экскурсію па Ласосевым цэнтры

Пасля адкрыцця скульптуры Алена Юркойць правяла цікавую эксурсію па Ласосевым цэнтры. Яна патлумачыла, што інтэрактыўныя стэнды выкарыстоўваюцца на розных прадметах: гісторыі, геаграфіі, біялогіі, матэматыцы.

Ученики Ворнянской школы делают бумажных рыбок со стразами

Школьнікі робяць папяровых рыбак. Замест лускі — стразы.

Дзецям падабаецца знаходзіць цікавую інфармацыю пра ласосяў у інтэрнэце, расфарбоўваць абрысы рыб на ўроках малявання або ствараць ласосікаў сваімі рукамі на ўроках працы. Вучні атрымліваюць рознабаковае развіццё.

Ученики Ворнянской школы

Вучні

Сюды прыязджаюць і з мясцовых школ, і з іншых абласцей Беларусі, і з замежжа: Літвы ды Расіі. За год тут пабывала 600 наведнікаў. Гэта адзіны ў Беларусі і, бадай, у свеце візіт-цэнтр, прысвечаны ласосям.

Ласосевы цэнтр і скульптура кумжы з’явіліся ў межах праекта “Развіццё і ўмацаванне сеткі захавальнікаў вакол значных водна-балотных угоддзяў”, які фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве (SIDA) і ажыццяўляецца пры падтрымцы Кааліцыі “Чыстая Балтыка” (ССВ). 

Табличка на скульптуре кумжи в Ворнянах

АПБ запрашае ўсіх наведаць Ласосевы цэнтр у Варнянах і зрабіць сэлфі са скульптурай кумжы!

Адрас Ласосевага цэнтра: вул. Піянерская, 2, а/г Варняны, Астравецкі р-н, Гродзенская вобласць.

Тэлефон: +375159179829

Фота Алесі Башарымавай і Аляксандра Вінчэўскага



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: