Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Як валанцёры ратавалі Жаду
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 31 жніўня 2018 года
З 17 па 26 жніўня АПБ правяла валанцёрскі летнік па аднаўленні балота Жады. Плаціны, пабудаваныя 7 гадоў таму, патрабавалі рамонту.
Падтрымай арганізацыю валанцёрскага летніка на Талацэ!
У свой час палову балота перакапалі асушальнымі каналамі. У 2011 годзе АПБ пачала яго аднаўленне. На каналах паставілі сотню плацін. Але з гадамі яны псуюцца і разбураюцца, прапускаюць ваду.
Жада. Фота Надзеі Бяляўскай
Даведка. Рэспубліканскі водна-балотны заказнік “Жада” плошчай 7118 га месціцца ў Шаркаўшчынскім і Мёрскім раёнах Віцебскай вобласці. Жада – частка вялікай балотнай сістэмы, куды ўваходзіць і знакамітае балота Ельня.
Удзельнікі летніка. Фота Надзеі Бяляўскай
У летніку ўдзельнічалі 16 валанцёраў з розных куткоў: з Мінска ды Жодзіна, з Гародні ды Ліды, з Гомеля і нават з замежжа, з Германіі.
Элені Вендрас
Элені Вендрас, валанцёрка, спецыяліст АПБ: «Я сама з Германіі, і працавала ў галіне аховы прыроды шмат дзе па ўсім свеце, але я ніколі не была на верхавым балоце, як Жада: багацце сфагнавага слою і ягад, а таксама колькасць драпежных раслін мяне ўразіла! Праца валанцёраў патрэбная для захавання жыцця гэтага дзівоснага свету, і гэтыя людзі цудоўныя і захопленыя справай. Я вельмі радая, што цяпер працую над праектамі разам з АПБ і дазнаюся больш пра цікавую і добрую працу арганізацыі«.
Плаціна. Фота Надзеі Бяляўскай
Удзельнікі летніка адрамантавалі 7 плацін на паўночным магістральным канале, прычым дзве з іх давялося амаль цалкам перабудоўваць.
Валанцёрам пашанцавала з надвор’ем – дождж замінаў працы ўсяго адзін дзень. Гнюсу амаль не было, гэта спрыяла настрою, а значыць — і справе.
Валанцёры за працай. Фота Любы Дударэвіч
Праца на прыродзе дорыць прыемныя моманты. Па-над лагерам з палёў на балота ляталі жураўлі, чаплі — да возера, круціліся вакол зборныя чародкі сініц з дзятламі «на чале». Над палямі і лесам валанцёры назіралі драпежных птушак: асаедаў, канюкоў, шулякоў. А ў канале часам плюхаў хвастом бабёр.
Жураўлі. Фота Надзеі Бяляўскай
На балоце была процьма ягад – і журавіны, і чарніцы, і брусніцы. Елі і свежымі, і варэнне рабілі. Ды і грыбоў трохі пазбіралі.
Світанак на возеры Ілаве. Фота Надзеі Бяляўскай
Часам уставалі на досвітку, каб сабраць журавінаў на сняданак і сустрэць узыход сонца.
Балотныя СПА-працэдуры. Фота Любы Дударэвіч
Папрацаваўшы з рання да вечара, удзельнікі летніка выпраўляліся купацца ў «балотны басейн» — на возера Ілава.
Перапынак у працы. Фота Любы Дударэвіч
Што ні кажы, а пабыць сам-насам з прыродай, гэта — ужо скарб!
Дарэчы, бываюць і прыгоды. Люба Дударэвіч ужо не першы раз удзельнічае ў валанцёрскіх праектах АПБ. Рамонт плацін быў для яе новай цікавай задачай: хацелася даведацца, як спраўляцца з цяжкасцямі, а заадно паглядзець новыя мясціны.
«У апошні дзень працы, калі мы вярталіся ў лагер, мяне чакаў яшчэ адзін выклік. Я ішла апошняй, збірала журавіны і брусніцы, не турбавалася, бо ўжо вярталася ў лагер адна. Але гэтым разам не прайшло, я трохі заблукала… Звярнула да лагера раней, чым трэба, і пару разоў выйшла не на тыя месцы. Вярнулася да галоўнай дарогі, зрабіла яшчэ пару спробаў і зразумела, што лепш варта вярнуцца зноў на галоўную і пазваніць астатнім. Да таго ж, было ўжо досыць цёмна. Добра, што тэлефон быў зараджаны (слава паўэрбэнку кіраўніка лагера!). Я патэлефанавала і мы зладзілі пераклічку. Крычалі з лагера, я іх пачула: значыць, я не вельмі далёка. Міша і Надзя выйшлі мяне шукаць, мы часам стэлефаноўваліся і перагукваліся, я ўжо рыхтавалася, як варыянт, пераночыць у лесе. Церусіў дождж, лес быў напоўнены гукамі, і мне ўвесь час здавалася, што нашы ўжо падыходзяць. Мы дамовіліся, што я буду стаяць на дарозе, каб яшчэ больш не згубіцца. У выніку ўсё абышлося і яны мяне хутка знайшлі, напэўна, хвілін за 15. Мы вярнуліся ў лагер, дзе нас чакала ўтульная святочная вячэра з блінцоў з яблыкамі і цёплая сяброўская атмасфера!»
Лагер. Фота Надзеі Бяляўскай
Надзея Бяляўская валанцёрыць пачала нядаўна: гэтым летам была ў археалагічным летніку ў Міры, а цяпер выбралася, як і марыла, на балоты. «Ад летніка ў мяне толькі пазітыўныя ўражанні, — дзеліцца яна. – Хоць я нячаста хаджу ў паходы, мне гэта вельмі падабаецца. Кіраўнік летніка Максім – вельмі адукаваны чалавек, ён столькі нам расказаў і паказаў! Я першы раз на свае вочы пабачыла расянку, даўгахвостую сініцу – я б у жыцці не падумала, што гэта сініца! Працаваць было нескладана. Нават калі да месца было даволі далёка, ісці па лесе было прыемна, і тых, хто адставаў, заўсёды чакалі. Ніхто не адчуваў сябе пакінутым – усе былі разам«.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: