10 невядомых фактаў пра марскіх птушак

ад 24 верасня 2018 года

Электронныя прылады адсочвання змянілі наша бачанне жыцця птушак у моры. Арнітолаг доктар Майкл Брук, які вандруе вакол свету, апісвае некаторыя з самых уражвальных адкрыццяў пра марскіх птушак у кнізе “Далёка ад сушы – загадкавае жыццё марскіх птушак”.

Вандроўны альбатрос

Вандроўны альбатрос.  Фота Олі Прынс

Назіраць за марскімі птушкамі заўсёды было надзвычай складана. Большую частку жыцця яны бавяць у адкрытым моры альбо гняздуюцца на аддаленых выспах, далёка ад людскіх вачэй. Але, дзякуючы сучасным інавацыям, прылады, якія робяцца ўсё меншыя па памеры і лягчэйшыя па вазе, можна чапляць да птушак самых розных відаў. Так мы можам зусім па-новаму паглядзець на іх пералёты і паводзіны. Вось падборка самых цікавых фактаў.

Большой фрегат

Вялікі фрэгат. Фота: Maxpixel

  1. Вялікі фрэгат можа лётаць у сне

Вялікі фрэгат Fregata minor можа заставацца ў паветры над трапічным морам больш за тыдзень: ён трымаецца ў вышыні на цёплых струменях паветра, паволі зніжаючыся і затым зноў уздымаючыся ў вышыню.

Прымацаваны электронны энцэфалограф дазволіў высветліць, што вялікі фрэгат спіць у паветры, але толькі 42 хвіліны за ноч, прытым што на беразе ён спіць 12 гадзін. На працягу трох чвэрцяў такога сну ў паветры ў птушкі задзейнічана толькі палова мозга. Тое, што падчас адной чвэрці сну адначасова задзейнічаныя абодва паўшар’і мозга, сведчыць аб тым, што сон можа сумяшчацца з кантраляваннем палёту.

Вандроўны альбатрос

Вандроўны альбатрос, фота Стэфа Вінарда

Вандроўны альбатрос, фота Стэфа Вінарда

 

  1. Вандроўны альбатрос першыя пяць дзён плавае ў моры

Як сведчыць назва гэтай птушкі, вандроўны альбатрос Diomedea exulans славіцца сваімі марафонскімі пералётамі. Але яму трэба месца, адкуль можна пачаць гэты марафон. Як сведчыць Ільс Крозэт, які сочыць за маладымі альбатросамі ў Паўднёвым акіяне, калі птушкі пакідаюць гнёзды, яны праводзяць першыя пяць дзён, пераважна плаваючы ў моры. Аднак ім трэба набываць досвед палётаў, і неўзабаве яны ўжо пралятаюць 600 км за дзень і за першы год у моры пралятаюць у сярэднім 184000 км. Гэта як чатыры разы абляцець вакол свету – і нават больш.

Пабудова шкілета дазваляе выпрастаным крылам быць “зафіксаванымі” ў гэтым становішчы, таму ў вандроўнага альбатроса, які лунае, сэрцабіццё (каля 80 у/хв) не нашмат часцейшае, чым у птушкі, якая адпачывае на вадзе (каля 60 у/хв). Такім чынам, вялізныя адлегласці ён можа пераадольваць з малымі энергетычнымі выдаткамі.

Таўстадзюбая кайра

Таўстадзюбая кайра. Фота Рычарда Крослі

 

  1. Бацька таўстадзюбай кайры суправаджае птушанят далёка ў мора

Калі птушаня таўстадзюбай кайры Uria lomvia аперылася і злятае з гнязда, яно ў тры разы меншае за дарослую птушку. У сваё першае плаванне яго суправаджае бацька. Птушыная пара з бацькі і птушаняці, якіх адсочвалі падчас іх вандроўкі ад заходняй Грэнландыі, адплыла на поўдзень на адлегласць у 3000 км.

Суправаджэнне з боку бацькоў таксама характэрнае для танкадзюбай кайры Uria aalge і гагаркі Alca torda, да таго ж мяркуюць, што гэта сустракалася і ў вымерлай бяскрылай гагаркі. Чаму гэтую функцыю бяруць на сябе самцы, а не самкі, пакуль невядома. Падчас вандроўкі, верагодна, паміж птушкамі падтрымліваецца аптычны і акустычны кантакт. Але, хутчэй за ўсё, здараюцца выпадкі, калі птушаня пужаецца, упершыню апынуўшыся ў бурлівым віры салёнай вады, і баіцца застацца без дапамогі бацькі.

Кроншнеп

Краншнэп. Фота Майка Бэрда

Краншнэп, Майк Бэрд

 

  1. Краншнэп можа праляцець праз цэнтр шторму

Падчас міграцыі на поўдзень уздоўж усходняга ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі ўвосень 2011 г. краншнэп Numenius phaeopus з мянушкай Хоўп трапіў у трапічны шторм Герт ля правінцыі Новая Шатландыя. Не спужаўшыся, птушка ўляцела ў шторм з хуткасцю 12 км/г. Прайшоўшы праз цэнтр шторму, птушка з’явілася – ці была выкінутая – праз 27 гадзін з хуткасцю 127 км/г. Яна імгненна змяніла курс і здзейсніла план Б, паляцеўшы ў кірунку мыса Кейп-Код на ўзбярэжжы штата Масачусэтс.

Сучасныя даследаванні шмат разоў сведчылі аб тым, што марскія птушкі не паддаюцца ветру. Замест гэтага яны могуць выкарыстоўваць умовы надвор’я на сваю карысць і пры неабходнасці паспяхова змагаюцца з кепскім надвор’ем. Нават калі штосьці ідзе не так, заўсёды ёсць план Б, што пацвердзіў Хоўп, змяніўшы кірунак палёту.

Паўночныя олушы

Паўночныя олушы. Фота: Wikicommons.

  1. Тэрыторыі харчавання паўночнай олушы не перасякаюцца, нават калі калоніі птушак знаходзяцца недалёка адна ад адной

Калоніі паўночнай олушы Morus bassanus раскіданыя па ўзбярэжжы Брытаніі і Ірландыі, але нават калі яны знаходзяцца на адлегласці 30 км адна ад адной, птушкі з суседніх калоній харчуюцца на асобных тэрыторыях.

Найбольш уражвае сітуацыя на захадзе Ірландыі. Там пражываюць дзве калоніі, Літл Скеліг (29700 пар) і на адлегласці 30 км на поўдзень – Бул Рок (3700 пар). Птушкі з калоніі Літл Скеліг кіруюць пераважна на паўночны захад, далей ад суседзяў з Бул Рок (і асноўнай тэрыторыі Ірландыі), а птушкі з Бул Рок кіруюць на поўдзень. Магчыма, прычыны такіх паводзінаў у тым, што олушы даведваюцца пра лепшыя зоны харчавання ад іншых птушак, а маладыя олушы заўсёды ляцяць за старэйшымі.

Вилохвостая чайка

Вілахвостая чайка. Фота: Грэгары Сміт

 

  1. Пара вілахвостай чайкі можа зноў уз’яднацца пасля расстання

Пара вілахвостай чайкі Xema sabini, якая гнездавалася ў канадскай Арктыцы, правяла зіму паасобку, яна – на плыні Гумбальта ля Перу, ён – на плыні Бенгела ля Паўднёвай Афрыкі. Птушкі ўз’ядналіся толькі ўвесну, пасля вяртання на поўнач.

Гэта незвычайнае адкрыццё, зробленае дзякуючы лёгкім геалакатарам, прымацаваным да птушыных лапак, уздымае пытанні наконт таго, як міграцыйныя звычкі маладой птушкі могуць пераходзіць у спадчыну ад бацькоў, асабліва калі ў перыяды паміж гадаваннем птушанят маці і бацька ляцяць у абсалютна розныя рэгіёны.

 

Императорский пингвин

Імператарскі пінгвін. Фота: Pixabay

 

  1. Імператарскі пінгвін – лідар у нырцаванні на глыбіню

Імператарскі пінгвін Aptenodytes forsteri – чэмпіён па апусканні ў ваду сярод марскіх птушак. Максімальная зафіксаваная глыбіня – 564 м, максімальная працягласць знаходжання пад вадой – 21.8 хвілін.

Няма нічога дзіўнага ў тым, што пінгвіны – найлепшыя нырцы сярод марскіх птушак. Аднак іншыя віды таксама могуць апускацца вельмі глыбока: кайры часам дасягаюць глыбіні ў 100 м, а буравеснікі – у 70 м.

Пингвин

Пінгвін. Фота: Wikicommons

 

  1. Пінгвіны выкарыстоўваюць пашырэнне паветра, каб выскачыць з мора

Толькі падумайце, як шкада імператарскага пінгвіна, які не ўмее скакаць настолькі высока, каб выбрацца з вады. Падымаючы пырскі, ён кідаецца на лёд і з’язджае назад у мора, дзе хаваюцца драпежныя марскія леапарды. Таму вельмі важна, што пінгвін прыстасоўвае хуткасць свайго выхаду з вады да вышыні лядовага ўцёса. Хуткасць для выхаду з вады набываецца пераважна дзякуючы бурбалкам паветра ў пер’і. Калі птушка падымаецца да паверхні і ціск вады падае, пашырэнне паветра стварае ўсё больш моцную сілу, якая выштурхоўвае птушку на паверхню, нібы корак. І чым большая глыбіня, з якой пачынаецца ўздым, тым вышэйшая хуткасць выхаду на паверхню.

Северная олуша

Паўночная олуша. Фота: Wikicommons

 

  1. Паўночная олуша падчас палявання рызыкуе сутыкнуцца з ветравой турбінай

Падчас пералёту з А у Б, олуша ляціць над морам на вышыні 11 м, але падымаецца да 26 м, каб знайсці найлепшую пазіцыю для нырцавання.

Гэта можа падацца неверагодным, але гэта так. У водах Вялікабрытаніі мінімальная дазволеная вышыня ветравой турбіны ў моры складае 22 м. Такім чынам, алушы не пагражае удар ляза турбіны падчас палёту, але сітуацыя робіцца смяротна небяспечнай, калі птушка пачынае шукаць рыбу на тэрыторыі ветравых усталёвак.

Тайфунник Мерфи

Тайфуннік Мэрфі. Фота: Wikicommons

 

  1. Тайфуннік Мэрфі ляціць у Паўднёвую Амерыку ў перапынках паміж выседжваннем птушанят

Тайфуннікі Мэрфі Pterodroma ultima выседжваюць яйкі па чарзе. У перапынку паміж выседжваннем яек, якое працягваецца каля 20 дзён, тайфуннікі Мэрфі з чарады на выспе Хендарсана ў паўднёвай частцы Ціхага акіяна могуць зрабіць вандроўку ў 15 000 км да Паўднёвай Амерыкі, аддаляючыся ад гнязда на максімальную адлегласць у 4500 км.

Увогуле марскія птушкі адлятаюць далей ад гнязда падчас выседжвання яек, чым падчас гадавання птушанят, проста з тае прычыны, што час у паветры абмежаваны неабходнасцю часта наведваць птушанят.

Тайфуннік Мэрфі – адзін са шматлікіх відаў марскіх птушак, якія знаходзяцца пад абаронай BirdLife у межах праекта Rapa Iti.

 

Як бачым, значэнне сучасных тэхналогій нашмат большае, чым проста паказаць нам месцы, дзе збіраюцца птушкі. Вельмі карысныя пры вызначэнні Ахоўных марскіх тэрыторый (Marine Protected Areas), прылады адсочвання таксама могуць расказаць нам пра звычкі птушкі, якія могуць стварыць для іх небяспеку, а таксама падказаць шляхі вырашэння гэтых праблем. Акрамя таго, адкрыццё ўнікальных і чароўных паводзін птушак узмацняе ўсведамленне таго, як важна захаваць такую цудоўную разнастайнасць прыроды.

 

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ
Ці можна сустрэць марскіх птушак у Беларусі? Можна, калі часцей паглядаць на неба!

У Беларусі сустракалі, напрыклад, пярэстую качку, гэтыя птушкі любяць гнездавацца на ўзбярэжжы Балтыйскана і Чорнага мораў, а аднойчы пара з птушанятамі была адзначаная і пад Гарадзеяй.

Нырок-плёсаўка па-руску нават завецца “морской чернетью” і на міграцыі сустракаецца звычайна над морам. Але і на глыбокіх вадаёмах Беларусі гэтую птушку можна сустрэць у кастрычніку-лістападзе, калі пашанцуе. 

Бачылі ў нас некалькі разоў і звычайную гагу, прыгожую марскую качку.

Нырок-маранка на міграцыі і зімоўцы таксама заўсёднік Балтыкі. Але аднойчы яго бачылі на Свіслачы, прычым пасярод Мінску ля Нямігі.

Нырок-сіньга і нырок-свірок вялікімі чародамі зімуюць у моры. Але невялічкія чародкі гэтых путшак часам можна сустрэць нават на Чыжоўскім вадасховішчы Мінска.

Паўночная олуша – тыпова марская птушка, пра яе факты № 5 і 9 вышэй. І тую знайшлі неяк пад Смалявічамі.

Людзям сустракаліся ў нас і марскія крычкі, чайкі і кулікі.

Углядвайцеся ўважліва, фатаграфуйце і, магчыма, калісьці зможаце далучыцца да пантэона арнітолагаў, якія адкрылі новы від для краіны.

 

Д-р Майкл Брук, birdlife.org

Пераклад Алены Раманоўскай

телеграм апб



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: