Найстарэйшым заказнікам Беларусі – 50 гадоў!

ад 16 лістапада 2018 года

Найстарэйшыя і адны з найбуйнейшых  ахоўных прыродных тэрыторый Беларусі –  рэспубліканскія заказнікі “Ельня” і “Выганашчанскае” – 18 лістапада 2018 года святкуюць 50-годдзе.

Гэта ўнікальныя тэрыторыі, якія захаваліся амаль у некранутым стане. Яны маюць міжнародныя статусы Рамсарскіх водна-балотных угоддзяў, Тэрыторый, важных для птушак, міжнароднага значэння, аб’ектаў Смарагдавай сеткі Еўропы. На іх Захавальнікі АПБ вядуць актыўную працу па захаванні рэдкіх відаў і іх месцаў пражывання.

Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Выганашчанскае” плошчай 55047,4 гектараў – важнае месца для гнездавання рэдкай барадатай кугакаўкі, арлана-белахвоста, вялікага арляца, дубальта, пугача. Супрацоўнікі заказніка прапанавалі на прыродны сімвал раёна барадатую кугакаўку, яны прасоўвалі яе ў школах і на сустрэчах у Івацэвіцкім раёне. І кугакаўка не падвяла!

Бородатая неясыть

Барадатая кугакаўка — сімвал Выганашчанскіх балотаў. Фота Міколы Чэркаса

Дырэктар заказніка Сяргей Габец кажа: “Да 50-годдзя мы праводзім навукова-практычную канферэнцыю па ахове барадатай кугакаўкі і па арніталагічным турызме, ладзім святочную праграму, куды запрошана шырокае кола гасцей. Я лічу што экалагічнае свята – гэта свята ўсяго народа, а не толькі прыродаахоўнікаў. Вельмі многа страчваецца месцаў, каторыя засталіся яшчэ некранутымі на нашай зямлі. Магчыма, у перспектыве наш заказнік, які быў гідралагічным, а цяпер мае статус ландшафтнага, зробіцца запаведнікам.

Заказнік “Ельня” плошчай 25301 гектар – месца, куды прыязджае шмат экатурыстаў, каб прайсціся па экасцяжынках і паглядзець на прыгожыя краявіды, а таксама – на жураўлёў, якіх тут шмат спыняецца падчас восеньскай міграцыі. АПБ штогод ладзіць тут улікі жураўлёў і амаль 10 год праводзіла валанцёрскія летнікі па аднаўленні воднага рэжыму.

Болото Ельня

Астравок на Ельні. Фота Віктара Фянчука

Іван Барок, дырэктар Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Ельня” і каардынатар мясцовых захавальнікаў АПБ расказвае:  “Толькі на Ельні ў Беларусі ёсць вялікая верагоднасць пабачыць чорнаваллёвага гагача, пардву, залацістую сеўку, сокала-дрымлюка ў натуральных умовах. У час веснавой i асенняй міграцыі тут кормяцца i адпачываюць дзясяткі тысяч птушак. У заказніку зарэгістравана не менш за 150 відаў! Наш заказнік не выпадкова называюць лёгкімі Еўропы. Разлiкi сведчаць, што ён яшчэ i сапраўдная кладоўка чысцюткай прэснай вады. Ад «здароўя» Ельні залежыць стан рэк Дзісны i Дзвіны. Разам з тым ландшафтны заказнік — надзвычай тонка адладжаная экасістэма. Каб адрадзіць i захаваць у ёй існуючую на працягу стагоддзяў біяразнастайнасць, у наш час спатрэбілася пад эгідай Мінпрыроды аб’яднаць намаганні навукоўцаў Інстытута практычнай 6aтaнiкi i балотазнаўцаў, актывістаў i валанцёраў грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», эколагаў, мясцовых i прыезджых абаронцаў прыроды пры будаўніцтве плацін на каналах, якое пачалося ў 2007 годзе. Фінансавую дапамогу пры гэтым аказалі розныя міжнародныя арганізацыі i фонды, а таксама замежнае прадпрыемства «Кока-Кола Беврыджыс Беларусь”.

 

Максім Нямчынаў, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях
За 50 гадоў дрэва ў лесе вырастае з зерня і робіцца сталым, то бок гэта — адрэзак часу, за які можа натуральным чынам змяніцца тып лесу, адрэзак, заўважны ўжо ў прыродна-эвалюцыйных масштабах. Абедзве тэрыторыі — гэта даволі вялікія па плошчы заказнікі, дзе захаваліся рэдкія натуральныя і блізкія да натуральных (з невялікім умяшаннем чалавека) экасістэмы. Ельня — адно з найвялікшых верхавых балотаў Еўропы і самае вялікае ў Беларусі. Выганашчанскае — вельмі цікавы комплекс забалочаных тэрыторый на водападзеле Балтыкі і Чорнага мора, тут яшчэ можна ўбачыць натуральныя лясы, якіх засталіся лічаныя працэнты ва ўсім лясным покрыве краіны. І памер тут — важны! Бо многім відам патрэбныя даволі вялікія, нефрагментаваныя прасторы для жыцця. Птушкі-сімвалы заказнікаў — чорнаваллёвы гагач і барадатая кугакаўка — пацвярджаюць важнасць гэтых тэрыторый, па-за межамі якіх сустрэць іх зусім няпроста.

 

АПБ віншуе ўсіх з 50-годдзем заказнікаў “Ельня” і “Выганашчанскае”. Зычым супрацоўнікам заказнікаў, усім, хто дбае пра захаванне дзікай прыроды на гэтых асаблівых тэрыторыях моцнага здароўя і плёну ў іх годнай працы.

телеграм апб

 



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: