Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Не можаш вызначыць птушку? Спампуй мабільны дадатак!
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 26 лістапада 2018 года
Вызначыць птушку, якая табе сустрэлася ў прыродзе, цяпер будзе лягчэй. АПБ выпусціла першы мабільны вызначальнік птушак Беларусі!
Амялушка. Фота Вольгі Гурскай
Калі пабачаная птушка добра табе запомнілася або ў цябе атрымалася яе сфатаграфаваць – адкрывай мабільны вызначальнік і абірай з прапанаваных відавочныя параметры: месца і сезон назірання, адносныя памеры птушкі, колеры апярэння і ног, форму, памеры і колер дзюбы. Праграма адфільтруе віды па гэтых характарыстыках, і з некалькіх здымкаў ты зможаш выбраць пабачаную птушку.
Аплікацыя называецца “Ptushki – Определитель птиц Беларуси”.
Спампаваць вызначальнік птушак ад АПБ з Play Market
У спісе птушак 325 відаў, якіх можна сустрэць у нашай краіне. Спіс можна сартаваць па алфавіце (беларускім, рускім або лацінскім), а таксама па групах (атрадах): вераб’іныя асобна, гусі і качкі асобна і г.д.
Для кожнага віду даецца апісанне, розныя фота, запіс голасу, адзначаюцца асаблівасці: напрыклад, як адрозніць самца, самку і маладую птушку.
Гэты мабільны дадатак унікальны для Беларусі, аналагаў яму няма. Ён створаны на базе электроннага вызначальніка florafauna.by, распрацаванага Вольгай Янчурэвіч і Віталём Сахвонам. Фота птушак для яго зрабілі Дзмітры Якубовіч, Аляксандр Вінчэўскі, Дзмітры Вінчэўскі, Аляксей Падалякін і Валер Юрко.
Стварыць мабільны вызначальнік дапамагла кампанія EPAM. Адметна, што каардынаваў распрацоўку вызначальніка выпускнік Акадэміі бёрдвочынгу пры АПБ.
Дзяніс Каргін, распрацоўшчык мабільнага дадатку, Senior Experience Designer EPAM: “Я не быў да гэтага бёрдвочарам, але падчас распрацоўкі скончыў Школу бёрдворчара-пачаткоўца і Акадэмію бёрдвочынгу, што мне значна дапамагло: я зразумеў больш, як гэта ўсё працуе, што патрэбна людзям падчас пошуку птушак, як робяцца назіранні за птушкамі. Падчас распрацоўкі аплікацыі я адкрыў для сябе самую цікавую, яркую птушку – мандарынку, здымак якой выкарыстоўваўся для прататыпаў. Самае цікавае ў вызначальніку для мяне — гэта гукі, бо з іх дапамогай можна прывабліваць птушак. Калі ў нас нарэшце атрымалася прывязаць гукі да аплікацыі, самым займальным было паслухаць птушак, і цяпер я чакаю наступнай вясны, каб паспрабаваць зрабіць гэта ўжывую.”
Вызначальнік птушак можна бясплатна спампаваць у Play Market. Гэта адзін з першых рэлізаў мабільнага дадатку, таму цяпер асабліва важныя каментары і парады карыстальнікаў. А мы выказваем падзяку ўсім, хто спрычыніўся да таго, каб ён пабачыў свет.
Мабільны вызначальнік птушак Беларусі – частка ініцыятывы “Будзь здаровы з птушкамі!”, якая рэалізуецца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у парнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
У межах ініцыятывы АПБ таксама правяла школы бёрдвочараў у Брэсцкай і Гомельскай абласцях, якія скончылі больш за 300 чалавек, выпусціла кнігу-вызначальнік птушак, запусціла анлайн-курс па асновах бёрдвочынгу “Птушкі горада”.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: