Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Незаконныя кар’еры на Альманскіх балотах: распачатая крымінальная справа (Удакладнена!)
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 28 лістапада 2018 года
Па факце незаконнай распрацоўкі кар’ераў у рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Альманскія балоты” распачатая крымінальная справа.
Як удакладнілі ў Брэсцкім абласным камітэце Мінпрыроды, крымінальную справу па незаконнай распрацоўцы трох кар’ераў распачалі яшчэ ў 2017 годзе – факты парушэння дзяржаўныя органы выявілі падчас планавай праверкі ў лістападзе мінулага года.
Валанцёры з Лясной рабочай групы АПБ знайшлі, што на тэрыторыі рэспубліканскага заказніка «Альманскія балоты» незаконна вядзецца здабыча пяску яшчэ ў 5 кар’ерах. А іншыя 5 кар’ераў распрацоўваюцца з парушэннем заканадаўства.
Сабраны экспертамі матэрыял па незаконных кар’ерах на Альманскіх балотах быў накіраваны для праверкі ў Мінпрыроды, Камітэт дзяржаўнага кантролю і Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету.
Несанкцыянаваная распрацоўка кар’ераў была заўважаная падчас маніторынгу месцаў пражывання рэдкіх відаў жывёл, а спадарожнікавыя здымкі дапамаглі дадаткова выявіць некаторыя кар’еры і лакалізаваць дакладныя месцы размяшчэння ўсіх участкаў, якіх аказалася каля дзесяці.
Адзін з незаконных кар’ераў на тэрыторыі рэспубліканскага заказніка «Альманскія балоты». Фота Андрэя Абрамчука
Як паведаміў у лісце Брэсцкі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у лістападзе 2018 года абследаваць месца распрацоўкі кар’ераў выехалі тры інспекцыі: Столінская гарадская і раённая інспекцыя Мінпрыроды, а таксама Брэсцкая абласная і Столінская міжраённая інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Абласны камітэт Мінпрыроды паведаміў, што інфармацыя АПБ пацвердзілася часткова.
Долгая дорога в дюнах: уникальный ландшафт Ольманских болот под угрозой
Працягваецца праверка астатніх фактаў прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю ў выніку несанкцыянаванай здабычы агульнараспаўсюджаных карысных выкапняў (пяску) і несанкцыянаванага правядзення земляных работ на тэрыторыі Альманскіх балотаў.
Камітэт дзяржаўнага кантролю таксама сочыць за гэтым пытаннем.
Вельмі важна захаваць Альманскія балоты ў максімальна некранутым выглядзе, таму да гаспадарчай дзейнасці ў заказніку заўсёды будзе прыкутая пільная ўвага!
Альманскія балоты разам з часткай украінскага Ровенскага запаведніка – гэта найбуйнейшае ў Еўропе лесабалотнае трансгранічнае Рамсарскае ўгоддзе, плошча якога складае больш за 100 000 га. Акрамя таго, Альманскія балоты маюць статус тэрыторыі еўрапейскай «Ізумруднай сеткі» і Тэрыторыі, важнай для птушак (ТВП).
Падзяліся артыкулам у сацсетках: