Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
У Мінску запрацаваў першы ў Беларусі зімовы “санаторый” для кажаноў
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 3 снежня 2018 года
Цэнтр рэабілітацыі рукакрылых “Кажанаполіс” з 3 снежня прымае кажаноў на зімоўку. Яго стварэнне ініцыявалі Мінскае гарадское аддзяленне АПБ і НПЦ па біярэсурсах.
Узімку некаторыя рукакрылыя застаюцца зімаваць у Беларусі і ўпадаюць у спячку. Рытм сэрца ў іх запавольваецца, а тэмпература паніжаецца. У гарадах кажаны могуць зімаваць на балконах, у пад’ездах і часцяком, патурбаваныя чалавекам або ад перападаў тэмператур, прачынаюцца. Гэта можа прывесці да іх гібелі, бо каб прачнуцца, кажаны трацяць амаль усю назапашаную энергію. Аднавіць яе няма чым: насякомых, якімі харчуюцца нашыя кажаны, узімку яны не знойдуць. Каб выратаваць рукакрылых, трэба знайсці для іх спальнае месца і ўвесці ў спячку.
Самка двухколернага кажана
„Аптымальная тэмпэратура для зімоўкі кажаноў – ад +4 да +8 градусаў. Гэта тэмпэратура ў звычайнай лядоўні,“ – кажа хіраптэролаг цэнтра Аляксей Шпак, супрацоўнік НПЦ па біярэсурсах.
Усе перададзеныя ў “Кажанаполіс” (поліс (грэч.) – горад) жывёлы будуць правярацца адмыслоўцамі, узважвацца, каб высветліць іх стан здароўя, і змяшчацца ў лядоўню на зімоўку. Калі ў звярка вага паніжаная – яго давядзецца падкарміць штучна выведзенымі насякомымі, інакш ён не дажыве да вясны. Вясной усіх выпусцяць у дзікую прыроду.
Ратаваць кажаноў важна, бо рукакрылыя размнажаюцца марудна (самкі могуць нарадзіць толькі 1-2 кажанятак у год). А гэта значыць, што на аднаўленне папуляцый многіх відаў патрэбныя дзесяцігоддзі. Дарэчы, з 19 відаў кажаноў Беларусі восем уключаныя ў нацыянальную Чырвоную кнігу.
Цэнтры рэабілітацыі рукакрылых існуюць у многіх краінах, але ў Беларусі ён з’явіўся ўпершыню. “Кажанаполіс” паўстаў з ініцыятывы Мінскага гарадскога аддзялення грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” сумесна з Навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах. Дзякуючы краўндфандынгавай платформе „МаеСэнс“ праект сабраў патрэбную суму для закупкі лядоўні для цэнтра і іншага абсталявання. Трэці партнёр ініцыятывы — Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства (РЦЭК) — падтрымаў прыродаахоўнікаў і вучоных і дазволіў размясціць лядоўню ў сваім жывым кутку. У Кажанаполісе працуюць валанцёры.
«Кажанаполіс» функцыянуе на базе РЦЭК: г. Мінск, вул. Макаёнка, 8.
Калі пабачыш кажана:
— тэлефануй +375292139257
— альбо пішы на старонку ў Фэйсбуку: facebook.com/kazhanapolis
Падзяліся артыкулам у сацсетках: