Слова валанцёрам: балотны рэлакс, ратаванне кажаноў і новыя далягляды

ад 5 снежня 2018 года

5 снежня — Міжнародны дзень валанцёра. Віншуем і дзякуем усім, хто па поклічы сэрца дапагамае нам ахоўваць дзікую прыроду! Разам з вамі мы робім больш.

Мы вырашылі падзяліцца ўражаннямі тых, хто сёлета шчыраваў на балоце, перакладаў артыкулы, дапамагаў ладзіць мерапрыемствы і ратаваць кажаноў.

Антон Мукавозчык, дапамагаў у падрыхтоўцы і падчас мерапрыемстваў, а таксама з офіснай працай.

Антон Муковозчик, волонтер АПБ

Я пачаў валанцёрыць у АПБ, ведаючы пра арганізацыю толькі назву (ну хіба мог я адмовіць у дапамозе тым, у каго ў назве ёсць слова «птушка»?)

А там мерапрыемства за мерапрыемствам, і вось я ўжо сумняюся, што можна апісаць тое, чым цяпер для мяне зрабілася «Ахова птушак». Тут я заўсёды ведаю, што мая дапамога будзе дарэчы, ды і сам пры патрэбе магу папрасіць дапамогі як у іншых валанцёраў, так і ў саміх супрацоўнікаў. Пра тое, наколькі прыемна і цікава дапамагаць АПБ у рэалізацыі іх задумак, можна гаварыць, на мой погляд, бясконца. Пачынаючы ад звычайнага выразання з паперы, заканчваючы выездамі ў іншыя гарады на фестывалі, пра якія раней і не здагадваўся.

Да таго ж, акрамя станоўчых эмоцый, валанцёрства ў АПБ прыносіць сапраўды велізарную колькасць ведаў пра беларускую прыроду, што вельмі каштоўна для мяне як студэнта біялагічнага факультэта.

Раман Хлебін, дапамагаў аднаўляць плаціны на балоце Жадзе.

Роман Хлебин, волонтер АПБ

Я езджу ў валанцёрскія летнікі ўжо гадоў пяць. Сёлета я валанцёрыў на балоце Жадзе. Гэта была магчымасць зрабіць перапынак у асноўнай працы, таму ўзяў выходныя і паехаў туды, каб правесці час на прыродзе і з карысцю для прыроды, у кампаніі блізкіх па духу людзей. Гэта новыя знаёмствы, новыя кантакты, там прадстаўнікі не толькі АПБ, але і іншых арганізацый, якія займаюцца аховай прыроды. Вельмі цікава, што ахоўваць прыроду едуць людзі зусім розных прафесій, ад праграмістаў да лекараў, або проста рабочы – яму гэта цікава, ён удзельнічае. Не першы раз заўважаю, што з валанцёрства нашмат больш адпачылым вяртаешся, чым са звычайнага адпачынку: са светлай галавой, з добрымі думкамі. Нібыта і фізічная праца цэлы дзень, і стамляешся даволі моцна, але пры гэтым па вяртанні адчуваеш сябе нашмат больш адпачылым, чым калі б ты пабыў недзе далёка на моры.

Наста Рэзнікава, займаецца дапамогай рукакрылым, удзельніца валанцёрскіх летнікаў

Наста Резникова, волонтер АПБ

Актыўнічаць у АПБ я пачала пасля таго, як трапіла на першыя курсы бёрдвочараў у 2015 годзе. Нашая цудоўная выкладчыца паспрыяла маёй вернай любові да розных відаў птушак і іх галасоў. Захацелася быць бліжэй да іх і дапамагаць захоўваць іх месцы жылля. Калі ты бачыш, колькі ўсяго арганізацыя робіць, рэальныя вынікі працы, то карціць стаць часткай гэтай вялікай добрай справы. Бо ў нас яшчэ так шмат усяго небароненага: тыя ж самыя кажаны. Вельмі стойкія ў грамадстве і абсалютна беспадстаўныя адмоўныя стэрэатыпы наконт рукакрылых, і нікому да іх няма справы. Мы ў „Кажанаполісе“ паспрабуем гэта змяніць:) Але крыўдна, што ў суседняй Украіне такі ж цэнтр функцыянуе шмат гадоў і мае некалькіх супрацоўнікаў. А ў нас даводзіцца тлумачыць ледзь не кожнаму, навошта захоўваць рукакрылых.

Алена Раманоўская, пераклала больш за дзясятак артыкулаў з ангельскай мовы для сайта ptushki.org і на ангельскую для сайта глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі BirdLife International, дзякуючы чаму пра самыя важныя навіны АПБ пачулі ў свеце.

Елена Романова, волонтер АПБ

Мяне заўсёды турбавалі праблемы аховы прыроды, але тое, што адбываецца цяпер, вельмі палохае. Нам, беларусам, пакуль шанцуе, мы яшчэ не ведаем, што такое выходзіць на вуліцу і задыхацца ад смогу, што такое мёртвыя рэкі, адсутнасць лясоў, звяроў, птушак, насякомых… Але ўсё гэта не толькі магчымыя, але непазбежныя наступствы таго, што эканамічныя інтарэсы з’яўляюцца галоўным прыярытэтам як на ўзроўні дзяржавы, так і ў свядомасці асобнага чалавека.

Апроч глабальных прыродаахоўных мэтаў ёсць шмат рэчаў, якія без вялікіх намаганняў можа рабіць кожны, – асобна збіраць смецце, саджаць дрэвы, падкормліваць птушак узімку… Птушкі – дзівосныя стварэнні (нездарма ў многіх старажытных народаў птушка лічылася ўвасабленнем душы чалавека), але сёння, на жаль, і яны маюць патрэбу ў нашай дапамозе. Я вельмі рада, што з гэтага года я ў ліку валанцёраў АПБ і цяпер магу хоць трошкі дапамагаць сваёй перакладчыцкай дзейнасцю яе супрацоўнікам, якія шчыра любяць прыроду і самааддана працуюць дзеля яе аховы. Яшчэ хачу выказаць вялікую падзяку Марыне Алавай, Юліі Шукала і Люку Болтан-Сміту за рэдактуру перакладаў.

Чым больш нас будзе, неабыякавых да лёсу нашага агульнага дома, тым больш шанцаў, што мы здолеем захаваць хараство і разнастайнасць яго жыхароў.

Падтрымаць дзейнасць АПБ вельмі проста – можна зрабіць ахвяраванне, стаць сябрам арганізацыі або валанцёрам. Далучайся да нас, разам мы зробім больш для дзікай прыроды Беларусі!

телеграм апб



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: