Хочаш умець “расшыфроўваць” птушак? Пачні з дыстанцыйнага курса АПБ!

ад 19 снежня 2018 года

У лістападзе АПБ запусціла бясплатны дыстанцыйны курс па асновах бёрдвочынгу, які паспяхова скончылі ўжо больш за 100 чалавек. Мы распыталі некаторых выпускнікоў пра іх уражанні.

Большие синицы едят сало

Вялікія сініцы. Фота Ганны Еўдакіменка

Ганна Еўдакіменка: “Я заўсёды цікавілася прыродай і цяпер працую выкладчыкам геаграфіі ў школе. Заўсёды звяртала ўвагу на цікавыя расліны, жучкоў і птушак. Канчаткова я разам са сваімі вучнямі “захварэла” на птушак, калі ў канцы мінулай зімы яны заўважылі каля школы дзвюх вушатых соваў, а потом у шыбку акна ў класе стукнуўся сыч-сіпель. Але я з адукацыі не біёлаг, ад арніталогіі зусім далёкая, таму пачала цікавіцца інфармацыяй пра птушак, вучыцца іх вызначаць, шукала вызначальнікі.

І, нарэшце, заўважыла ў стужцы навін АПБ аб’яўку пра дыстанцыйны курс. Я ж ніяк не магла прамінуць яго, і з задавальненнем прайшла ўвесь курс.

Ён мне вельмі спадабаўся, і я хачу паказаць яго вучням, але пакуль няма магчымасці. У школе існуе праблема з камп’ютарамі, а мабільныя тэлефоны ёсць толькі ў адзінкавых вучняў (якраз у тых, якія птушкамі аніяк не хочуць цікавіцца).

Матэрыял курса добра структурыраваны, блокі не занадта вялікія для вывучэння. Цудоўна, што кожная птушка апісаная з усіх бакоў: і знешні выгляд, і голас і цікавыя відэа. На момант праходжання курса я ўжо ведала, як вызначыць больш за палову прадстаўленых у ім птушак, таму прайшла яго даволі лёгка. Але па многіх птушках курс дазволіў зняць пытанні і сумненні.

На мой погляд, аб’ём матэрыялу дастатковы, каб замацаваць веды бёрдвочара-пачаткоўца і зацікавіць на далейшае вывучэнне таго, хто ўпершыню сутыкнуўся з арніталогіяй.

Веды на практыцы даводзіцца прымяняць амаль кожны дзень. Проста перад вакном школьнага калідора ў нас расце вялікая рабіна, якая вабіць да сябе самых разнастайных птушак. Раней дзеці не звярталі на іх асаблівай увагі, але цяпер кожны раз, як толькі заўважаць нейкую новую птушку, адразу звяртаюцца да мяне па дапамогу. Цяпер у мяне ўжо ёсць кніга-вызначальнік, і я спампавала мабільны дадатак-вызначальнік. “Расшыфроўваць” птушак зрабілася яшчэ цікавей”.

Александр Дорошевич

Аляксандр Дарашэвіч

Аляксандр Дарашэвіч: “Спасылку на курс убачыу у ВК. Птушкамi — i не толькi — цiкаўлюся, бо мы жывем у лесе на хутары. У нас аграэкасядзiба «Хутар Камарышкi». Калi ёсць вольны час, падабаецца прайсцiся з фотаапаратам. 

Мне цiкавая розная iнфармацыя, якая дапамагае вывучаць навакольнае асяроддзе. Курс не складаны для мяне, бо амаль усiх птушак з яго я назiраю ў наваколлі, але для меня складаныя дробныя птушкi, якiя да таго ж не маюць выразных адрозненняў, што i паказаў вынiковы тэст”.

 

Наталля Фурманава: “Натыкнулася на пост у інтэрнэце пра тое, што ёсць такі курс, і вырашыла прайсці. Хаця я цікаўлюся птушкамі, але ніколі іх не вывучала, таму было цікава заглыбіцца ў тэму. Курс добры і вельмі інфарматыўны, з выдатнымі здымкамі. Прайсці было не складана: амаль усіх птушак я ведала “ў твар”. Бало цікава даведацца пра іх падрабязней. Але тыя, якіх не ведала, мяне азадачылі: кепска разбіраюся ў драпежніках! Ну і лескі мяне заблыталі)
Практыкую назіранне за птушкамі кожны дзень: вельмі яны мне імпануюць. Жыву ў вёсцы – тут можна атрымліваць асалоду ад іх таварыства ў непасрэднай блізкасці. Зімой у нас кармушка, а ўлетку і без кармушкі вельмі ажыўлена”.

Птенец белой трясогузки

Птушаня белай пліскі. Фота Наталлі Фурманавай

Яўген Акаеў: “Птушкамі мы з жонкаю зацікавіліся некалькі гадоў таму. Проста пачалі падчас прагулак сустракаць раней незнаёмыя віды, захацелася даведацца, што за птушкі жывуць побач з намі. Інфармацыю знайсці было няцяжка дзякуючы інтэрнэту. А тое, што мы жывем у вельмі «птушыным» раёне Мінска (Серабранка), толькі ўзмацняла нашае агульнае захапленне. Мая жонка — вельмі ўважлівы і назіральны чалавек, дзякуючы ёй я і сам пачаў лепей прыглядацца да наваколля, заўважаць тое, міма чаго раней проста праходзіў, не звярнуўшы ўвагі. Дарэчы было і тое, што ў нас была фотакамера з даволі вялікім зумам, якая дазваляла здымаць птушак на добрай адлегласці. А меней за год таму мы зрабіліся сябрамі АПБ. І калі з’явілася магчымасць прайсці курс, я ёю скарыстаўся, каб паглыбіць свае — як думаў, вельмі павярхнёвыя — веды.

Для птушкара-пачаткоўца гэты курс – сапраўдная знаходка. Адрозненні і прыкметы кожнага віду падаюцца настолькі ясна і зразумела, што не навучыцца проста немагчыма. Праходзіць яго мне была даволі лёгка, бо гаворка ішла галоўным чынам пра ўжо добра знаёмыя мне віды. Але ўсё роўна даведаўся шмат чаго новага: пра дадатковыя адрозненні ў знешнім выглядзе, галасах і паводзінах, пра «гендэрныя асаблівасці» птушак. Вельмі спрыяе засваенню матэрыялу тое, што тэкставая інфармацыя падмацаваная аўдыа- і відэаматэрыяламі «з натуры». Як прафесійны педагог, магу сказаць — заўваг да курса ў мяне амаль няма, хіба што тэсты можна было зрабіць і трошачкі складанейшымі. Але, зважаючы на тое, што курс усё ж для пачаткоўцаў, магчыма, гэта і правільна — даць чалавеку, які толькі пачынае птушкарскі шлях, адчуць «смак перамогі».

Ушастая сова и ее птенец в Минске

Дарослая вушатая сава і яе птушаня. Фота Яўгена Акаева

За птушкамі мы назіраем заўсёды, калі толькі выпадае магчымасць, і таму новыя веды — набытыя і на курсе, і з іншых крыніц — прымяняем на практыцы рэгулярна. Адна з найцікавейшых сустрэч апошняга сезона — вушатая сава з птушанятамі у парку Грэкавай, каля скрыжавання вуліцы Малініна і праспекта Ракасоўскага. Сустрэлі яе даволі выпадкова — звярнулі ўвагу на незвычайныя крыкі, якія несліся з елкі каля дарожкі. Праз густую хвою пабачыць нічога не здолелі, але заўважылі, што паблізу, пад дрэвамі, носяцца і трывожна вішчаць зелянушкі. Пайшлі за імі і натыкнуліся на мамку-саву, якая сядзела на бярозе і круціла галавою. А побач, на яліне, сядзела яе старэйшае птушаня. (Каля дарогі крычэла, як потым высветлілася, малодшае, якое так і не змаглі ні сфатаграфаваць, ні нават разгледзець як трэба)”.

 

Большой крохаль

Лізавета Гурыновіч са сваім гадаванцам і яе фота вялікага савука, зробленае ў Маладзечанскім раёне на рацэ Ушы

Лізавета Гурыновіч: “У дзяцінстве я шмат часу бавіла на дачы – магчыма, таму яшчэ тады ў мяне з’явілася цікавасць да дзікай прыроды. Я стараюся пашыраць свае веды, таму ваш курс прыйшоўся вельмі дарэчы! Асабліва ўзімку, калі на кармушку хто толькі не прылятае 🙂

Курс мне вельмі спадабаўся! Ён не занадта складаны і вельмі добра складзены, было цікава чытаць нават пра ўжо знаёмых птушак. Асабліва спадабаліся пазнакі пра асаблівасці птушак на фотаздымках. Адразу ясна, на што глядзець і якія прыкметы шукаць пры сустрэчы. Відэа і запісы з галасамі таксама вельмі дапамаглі.

У мяне ўжо атрымалася трохі прымяніць атрыманыя веды: цяпер каля кармушкі на працы я магу горда заявіць, што большасць нашых наведвальнікаў — гэта вялікія сініцы і палявыя вераб’і, а не проста сінічкі і верабейчыкі :)”

Дыстанцыйны курс па асновах бёрдвочынгу – частка ініцыятывы “Будзь здаровы з птушкамі!”, якая рэалізуецца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у парнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Телеграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: