Падлічым качак разам – далучайся да птушынага “перапісу”!

ад 27 снежня 2018 года

У студзені пройдуць штогадовыя зімовыя ўлікі вадаплаўных птушак. Дапамажы нам “перапісаць” кожную качку Беларусі!

Утки-кряквы зимой на льду

Навошта лічыць вадаплаўных?

Улікі праводзяцца, каб ацаніць колькі і якіх відаў гэтых птушак зімуюць у Беларусі. Гэта дазволіць лепш планаваць дзеянні па іх захаванні і на ўзроўні краіны, і на міжнародным узроўні. Зімовыя ўлікі вадаплаўных праводзяцца ў многіх краінах свету і даюць інфармацыю амаль пра 900 відаў птушак.

Улікі птушак – гэта яшчэ і нагода пагуляць на свежым паветры і зрабіць цікавыя назіранні. Праз пацяпленне клімату ўсё больш птушак сустракаюцца на зімоўцы. Самыя незвычайныя назіранні падчас папярэдніх зімовых улікаў – стучок і марская чайка.

Калі адбудзецца “птушыны перапіс”?

Да ўлікаў вадаплаўных можна далучыцца на працягу ўсяго студзеня. Найлепш гэта рабіць у марозныя дні, бо птушкі будуць гуртавацца на адкрытых участках вадаёмаў. Усе як на далоні!

Падрыхтуйся да самых актыўных дзён уліковай кампаніі: 18, 19 і 20 студзеня. Нам важна, каб у гэтыя дні на ўлікі выйшла як мага больш людзей. Гэта значна павысіць дакладнасць выніку.

Лебеди зимой

Як праводзіць улік?

Мы падрыхтавалі для цябе памятку па ўліку птушак: як выбраць месца і час для “перапісу”, як правільна запоўніць анкету – адказы на гэта знойдзеш у ёй. Спампуй і карыстайся!

Улікі вадаплаўных ідуць па ўсёй Беларусі. Наведай найбліжэйшы вадаём, палічы, колькі там якіх відаў вадаплаўных і каляводных птушак, ды занясі ўсе дадзеныя ў анкету.

Важна: не падкормлівай вадаплаўных падчас улікаў. Гэта не спрыяе дакладнасці падліку і можа нашкодзіць птушкам. Помні, што хлеб і батон для іх небяспечныя: стрававальная сістэма птушак для такой ежы не прызначаная. Такі корм дае адчуванне сытасці, але не дае дастатковай энергіі і вітамінаў. 

Лебедзі на зімоўцы: калі і як дапамагаць?

Карыстайся вызначальнікам птушак guide.florafauna.by або яго мабільнай версіяй. Калі ўсё ж пазнаць від не атрымліваецца, запішы агульную колькасць птушак, сфатаграфуй ці прынамсі апішы невядомыя табе віды і пазнач іх колькасць таксама. Фота можаш даслаць нам на info@ptushki.org або запампаваць на florafauna.by — спецыялісты дапамогуць вызначыць, птушку.

Памятай, што для кожнага ўліку запаўняецца асобная анкета! Напрыклад, калі ты ў адзін дзень будзеш улічваць птушак на рацэ і на возеры, а праз некаторы час правядзеш паўторны ўлік на тым жа возеры, то табе трэба будзе падаць тры анкеты.

Даслаць нам анкету можна ў электронным або папяровым выглядзе.

Дзе шукаць птушак?

  • участкі рэк, якія не замярзаюць;
  • месцы скіду вады з вадасховішчаў ды азёраў;
  • ставы гарадскіх ачышчальных збудаванняў;
  • ставы-ахаладжальнікі ДРЭС, ЦЭЦ.

Галоўнае, памятай пра бяспеку і заставайся на беразе, ні ў якім разе не выходзь на лёд!

Вызначыцца з месцам дапаможа анлайн-табліца. Калі ты абраў месца, або нават гатовы правесці на месцы экскурсію, калі ласка, напішы каментар у адпаведную ячэйку.

Табліца будзе абнаўляцца цягам акцыі. З яе будзе відаць, якія месцы ўжо маюць улікоўшчыкаў, а якія яшчэ не.

Найперш звяртай увагу на вылучаныя жоўтым колерам вадаёмы: звесткі па іх маюць найбольшую важнасць. Але калі ты хочаш зладзіць “перапіс” у месцы, якога няма ў спісе, — не праблема. Мы можам дадаць яго ў табліцу.

На што яшчэ звяртаць увагу?

Паўторныя ўлікі на адным і тым жа вадаёме даюць карысныя звесткі. Іх варта праводзіць не часцей, чым раз на дэкаду.

Калі птушак на вадаёме няма ці ён увесь пакрыўся лёдам, таксама пазначай гэта ў анкеце.

Звяртай увагу на акальцаваных птушак і пазначай іх від, нумар кольца, дату і дакладнае месца назірання. Выдатна, калі зможаш зрабіць фота, каб расчытваўся надпіс на кольцы.

Куды дасылаць анкеты?

Анкеты ўліку дасылай у Сакратарыят АПБ не пазней за 9 лютага 2019 года:

  • у электронным выглядзе — на адрас: info@ptushki.org;
  • у папяровым выглядзе — на адрас: ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», вул. Парніковая, д. 11, пам. 4, 220114, г.Мінск.

Усе ўдзельнікі “птушынага перапісу” атрымаюць поўную інфармацыю пра яго вынікі.

Улікі водна-балотных птушак ладзяць АПБ і Навукова-практычны цэнтр па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Далучайся да ўліку птушак і заахвочвай сяброў!

Телеграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: