Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
З’езд АПБ адбыўся: ваўкі, слонкі і новая стратэгія
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 12 лютага 2019 года
9 лютага прайшоў чарговы З’езд АПБ. На штогадовую сустрэчу завітала паўтары сотні ўдзельнікаў з усіх куткоў Беларусі, а таксама госці з замежжа.
На З’езд завітала паўтары сотні гасцей
Удзельнікаў З’езду віталі Старшыня АПБ Васіль Грычык, прадстаўніца Мінпрыроды Таццяна Жалязнова і старшыня грамадскай арганізацыі “Багна” Канстанцін Чыкалаў.
Старшыня АПБ Васіль Грычык
Прадстаўніца Мінпрыроды Таццяна Жалязнова
Старшыня грамадскай арганізацыі «Багна» Канстанцін Чыкалаў
У Ганаровыя сябры АПБ прынялі нідэрландскага арнітолага Она дэ Бруэйна, які дапамог аднавіць папуляцыю барадатай кугакаўкі ў Беларусі, мецэната з ЗША Альфрэда Чэндлера, які шмат гадоў падтрымлівае дзейнасць АПБ, і доктара Міхаэля Ота з Германіі, фонд якога шмат зрабіў для захавання вяртлявай чаротаўкі і асаковых балот.
Сярод леташніх дасягненняў АПБ узгадалі пазначэнне геалакатарамі 30-ці вяртлявых чаротавак, падрыхтоўку 360 пашпартоў і ахоўных абавязацельстваў для рэдкіх відаў, а таксама 200 пашпартоў для 10.000 га рэдкіх біятопаў, удзел 25 валанцёраў у маніторынгу палявых птушак. Разам з валанцёрамі мы падлічылі жураўлёў на балоце Ельні падчас восеньскай міграцыі, адрамантавалі восем дамбаў на балоце Жадзе, каб спыніць адцёк вады, а таксама пазначылі перадатчыкамі трох гіганцкіх вячэрніц і восем двухколерных кажаноў на Палессі. З ініцыятывы АПБ 300 га балота Дзікога перайшлі з сельскагаспадарчага фонду Нацыянальнаму парку “Белавежская пушча”.
Падрабязней пра дасягненні АПБ у 2018 годзе можна пачытаць у брашуры “Лічбы і факты”.
Дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі
Задачы папярэдняй чатырохгадовай стратэгіі выкананыя цалкам або часткова на 82 %: са 108 задач цалкам рэалізаваныя 60, часткова – 29. На З’ездзе была прынятыя новыя стратэгічныя мэты да 2030 года і план на 2019-2022 гады. Яны вельмі амбіцыйныя, плануецца шмат прыродаахоўных мерапрыемстваў на Палессі. Запланавана павялічыць колькасць людзей, занепакоеных знікненнем відаў, асушэннем балотаў і высечкай лясоў, глабальнымі зменамі клімату, павысіць пазнавальнасць АПБ.
Новую стратэгію можна пракаментаваць цягам лютага, для гэтага свае заўвагі трэба даслаць на info@ptushki.org з пазнакай “Стратэгія”.
Спампаваць Стратэгію АПБ да 2022 года
Заолаг Ясон Бадрыдзэ
На З’езд АПБ завітаў госць з Грузіі – легендарны заолаг Ясон Бадрыдзэ, які два гады пражыў побач з дзікімі ваўкамі. Ён расказаў пра тое як рыхтаваць ваўчанятаў да рэінтрадукцыі (вяртання) ў прыроду, каб звер мог паспяхова паляваць і ўжыцца з іншымі ваўкамі. Напрыклад, падчас смактання малака шчаня мусіць масаваць лапамі малочную залозу маці. А калі яго кормяць з соскі без дыску і яму няма ўва што ўпірацца, адбываецца танічнае напружанне мышцаў, і ў мозгу ўтвараюцца і застаюцца на ўсё жыццё ачагі высокай актыўнасці. У выніку звер вырастае псіхічна неўраўнаважаным, схільным да канфліктаў у групе і непрыгодным для рэінтрадукцыі.
Арнітолаг Валер Дамброўскі
Арнітолаг Валер Дамброўскі расказаў пра Птушку 2019 года – вялікага арляца, даследаваннем якога ён займаецца амаль 20 гадоў. Гэты “балотны гарол” – выдатны індыкатар натуральнага стану балотаў і лясоў. Так, за 10 гадоў на трансфармаваных тэрыторыях колькасць вялікага арляца знізілася на 33 %! Гэта значыць, што для захавання віду трэба захаваць больш некратутых тэрыторый. Валер Дамброўскі адзначыў, што дзякуючы акцыі АПБ “Выратуй арляня!” і ахвяраванням беларусаў аднавіўся маніторынг арляцоў і новыя гнёзды атрымалі ахоўныя дакументы.
На З’ездзе адбылося галасаванне за Птушку 2020 года. Кандыдатамі сталі вялікі грыцук, рачная крычка і абраны карыстальнікамі інтэрнэту глушэц. Падлік галасоў і абвяшчэнне птушкі года адбудуцца толькі напрыканцы года – пакуль жа інтрыга захоўваецца.
Супрацоўніца АПБ і ФЗТ Элені Вендрас
Супрацоўніца АПБ і Франкфурцкага заалагічнага таварыства Элені Вендрас расказала пра экспедыцыі з пошукамі апошніх шымпанзэ ў Гане. Толькі з дапамогай аўтаматычных камер у адным месцы нарэшце яны іх знайшлі. Але, на жаль, ім не выпала паназіраць, як шымпанзэ выкарыстоўваюць прылады працы, бо гэтыя звяры харчаваліся какавай на мясцовых плантацыях. Браканьеры забіваюць тысячамі дзікіх жывёл, уключаючы і шымпанзэ, і будучыня афрыканскай фаўны ў святле росту насельніцтва застаецца пад пагрозай.
Кандыдат біялагічных навук Эдуард Монгін
Кандыдат біялагічных навук Эдуард Монгін пазнаёміў з праектам АПБ па захаванні слонкі, які пачаўся мінулай восенню. Эдуард заклікаў сябраў АПБ, валанцёраў і актывістаў дапамагчы з улікамі слонкі ў траўні-чэрвені. Калі кожны зробіць хаця б па адным уліку, карціна са станам папуляцыі будзе больш зразумелая. Усіх зацікаўленых просім пісаць Эдуарду на пошту ed.mongin@gmail.com.
Кандыдат біялагічных навук Марына Дзмітранок
Кандыдат біялагічных навук Марына Дзмітранок расказала пра палескіх чорных буслоў. Цікава, што ў заказніку “Сярэдняя Прыпяць” вельмі высокая шчыльнасць гэтага віду. Там чорныя буслы могуць гнездавацца ўсяго за 300 метраў адзін ад аднаго – такога няма нідзе ва ўсім свеце! На жаль, гэтым птушкам цяжка выжыць: на гнёздах драпежнічаюць арланы-белахвосты. З дзесяці буслянятаў, якіх у ліпені пазначылі перадатчыкамі, толькі ад аднаго ёсць інфармацыя. Ён зімуе ў Чадзе.
Дзмітры Вінчэўскі
Дзмітры Вінчэўскі расказаў пра цікавосткі леташніх назіранняў за птушкамі ўдзельнікаў Клуб200 АПБ. Усяго за 2018 год у Клуб200 АПБ паступіла 469 паведамленняў пра назіранні 63 рэдкіх відаў, з якіх адно – пра новы для Беларусі від – стрынатку-рэмеза, адлоўленую і закальцаваную Дзянісам Кіцелем і Юрыем Янкевічам на Віцебшчыне.
На З’ездзе ўзнагародзілі пераможцаў чэмпіяната па спартыўнай арніталогіі і трох чэмпіянатаў па фотабёрдынгу, а таксама адзначылі самых актыўных валанцёраў АПБ: Настассю Рэзнікаву, Рамана Хлебіна, Ксенію Панюціч, Любоў Дударэвіч, Ірыну Груздзіловіч, Алену Раманоўскую, Антона Мукавозчыка, Алу Караленка, Міхаіла Коўтуна, Алену Карпенка, Таццяну Юркавец, Ганну Шулганаву, Ніколь Ульрых.
Валанцёры АПБ
Найлепшымі па выніках года аддзяленнямі АПБ сталі Слуцкае раённае, Брэсцкае абласное і Гомельскае рэгіянальнае аддзялені.
Спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы правёў #птушыныквіз: трэба было адгадаць від па няпоўным фота птушкі. Толькі адзін чалавек правільна назваў усе 10 відаў – гэта былая супрацоўніца АПБ Вольга Лукшыц.
Напрыканцы З’езду сябры АПБ зацвердзілі фінансавую справаздачу і справаздачы Старшыні ды Рэвізійнай камісіі, абралі ў сябры Цэнтральнага савета Ігара Бышнёва, Алену Арцёменка і Ларысу Мартынаву, а таксама Максіма Каласкова абралі ў сябры Рэвізійнай камісіі.
Спадзяемся, што гэты год таксама пройдзе плённа. Далучайся да сябраў АПБ і дапамагай нам захаваць родную прыроду. Разам мы можам зрабіць болей!
Фота Марыі Вінчэўскай
Падзяліся артыкулам у сацсетках: