Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Вясна ідзе: якія птушкі ўжо вярнуліся ў Беларусь?
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 14 лютага 2019 года
Хаця даўно праверана, што першая ластаўка вясны не зробіць, птушкі ўносяць свае папраўкі ў самыя правільныя прыслоўі.
Птушкі вяртаюцца ў Беларусь. Фота Вадзіма Пракапчука
Па-сапраўднаму нечаканым і адначасова прыемным стала з’яўленне ў месцах свайго рэгулярнага гнездавання першых шэрых гусяў і шэрых жураўлёў. Як паведаміў Іван Каляда, 10 лютага адзінкавыя пары гэтых прыгожых птушак былі адзначаныя каля ўрочышча Зляціна на паўднёва-заходняй ускраіне Белавежскай пушчы. Гэта нядзіўна, бо апошнімі гадамі расце колькасць жураўлёў на зімоўцы на ўсходзе суседняй Польшчы. Апрача таго, у папярэднія зімы былі адзінкавыя факты зімоўкі гусяў і жураўлёў на тэрыторыі нашага Нацыянальнага парка.
У той самы дзень у пойме ракі Лясной Правай ля вёскі Вялікае Селішча Віктар Андрушкевіч адзначыў вялікую белую чаплю. 11 лютага ў ваколіцах вёскі Панасюкі пара лебедзяў-клікуноў па-вясноваму гучна “трубіла” на мясцовай, пакуль усё яшчэ замерзлай, залітай тарфапляцоўцы. Некалькі дзён запар 6 гусяў-гуменніц рэгіструюцца на рацэ лясной ля вёскі Вугляны (паведамленне Віталя Кузько). Тамсама 11 лютага азначаныя першыя кнігаўкі – пра гэта паведаміў Іван Іванюковіч. Усе гэтыя назіранні можна з пэўнасцю канстатаваць менавіта як факт першага вясновага з’яўлення ўсіх пералічаных вышэй водна-балотных відаў птушак, бо падчас снежаньскіх назіранняў і зімовых улікаў гэтыя віды не рэгістраваліся.
13 лютага на захадзе нашай краіны былі адзначныя першыя сёлета палявыя жаўрукі (Alauda arvensis), за якімі, без сумневаў, хутка прыляцяць і іншыя віды птушак, якія ў нас не зімавалі. І хаця гэтая падзея адбылася сёлета амаль на 20 дзён раней, чым летась, гэта не «рэкордны» прылёт — у 2016-м першых жаўрукоў бачылі ў Беларусі ўжо 9 лютага!
Падчас чарговага выезду для арніталагічных даследаванняў у заказнік і ТВП «Гродзенская Свіслач», Дзмітры Вінчэўскі і Юры Лукашэнка ў пойме ракі Верацейкі сустрэлі палявога жаўрука. Было гэта ў Бераставіцкім раёне Гарадзеншчыны, а прыкладна праз паўгадзіны Андрэй Храмогін, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ, адзначыў яшчэ адну птушку на паўднёвым ускрайку Гродна.
Лебедзі-клікуны. Фота Дзмітрыя Вінчэўскага
Іншых нашых блізкадыстанцыйных мігрантаў (якія зімуюць у Цэнтральнай і Заходняй Еўропе) пакуль не бачна, але таксама на Бераставіччыне Дзмітры і Юры адзначылі вялікую чараду лебедзяў-клікуноў (Cygnus cygnus), якія яўна не зімавалі тут у такой колькасці. Цікава, што яшчэ тыдзень таму згаданыя арнітолагі адзначылі тры асобныя пары гэтых птушак, якія перш чым прыступіць на размнажэння, павінны «пакінуць без дагляду» сваіх птушанят з мінулага года, а 13 лютага ўбачылі і такіх маладых клікуноў, якія трымаліся разам сямейнымі групамі, але яўна без дарослых.
Гракі. Фота Дзмітрыя Вінчэўскага
У гнездавой калоніі ў м. Вялікія Эйсманты (Бераставіцкі раён), гракі (Corvus frugilegus) актыўна збіралі матэрыял і папраўлялі свае гнёзды. Паводле апошніх уяўленняў, у нас зімуюць як «нашы» птушкі, якія потым у нас жа і гняздуюцца, і птушкі з больш паўночна-усходніх рэгіёнаў — напрыклад, Расіі. Частка ж беларускіх гракоў ляціць на зімоўку ў Чэхію і Германію.
Аднак, нягледзячы на яўны надыход вясны, пра які птушкі даведваюцца не толькі дзякуючы адлізе, але, у асноўным, праз паступовае павелічэнне светлай часткі сутак, зіма не збіраецца канчаткова адступаць, і пасля абеду ў даліне Нёмана і Свіслачы сыпаў снег:
Як адрэагуюць на гэта наступныя мігранты, даведаемся ўжо ў найбліжэйшыя дні, бо звычайна птушкі ўмеюць нашмат лепш за сіноптыкаў прагназаваць надвор’е.
Калі прыляталі некаторыя віды-мігранты за апошнія пяць гадоў (першыя рэгістрацыі для краіны) можна пабачыць на сайце “Птушкі штодня”.
Паводле Дзмітрыя Вінчэўскага і Вадзіма Пракапчука
Падзяліся артыкулам у сацсетках: