Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Здымай птушак — удзельнічай у конкурсах «Жывой вясны»!
Абвестка,Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 2 красавіка 2019 года
Самы час праявіць пільнасць і выправіцца на прагулку з фотаапаратам. Мы абвяшчаем конкурсы “Жывой вясны”!
Буслы ўжо вярнуліся ў Беларусь – хутчэй занось свайго на анлайн-карту і далучайся да творчых конкурсаў міжнароднай кампаніі “Жывая вясна”.
Першы конкурс: «Вясна ў аб’ектыве».
Калі: з 20 сакавiка па 31 траўня 2019 года.
Якiя працы прымаюцца?
Да конкурса прымаюцца ўласныя фота з выявамі дзікіх птушак-вестуноў вясны (белы бусел, вясковая ластаўка, звычайная зязюля, чорны свіргуль, шчурка-пчалаедка, ластаўка-зямлянка), зробленыя ў прыродзе. Каб не турбаваць дзікіх птушак каля гнёзд, фатаграфіі апошніх двух відаў каля гнёзд для ўдзелу ў конкурсе не прымаюцца.
Вясковая ластаўка. Фота Мікалая Вараб’я
Хто можа ўдзельнічаць?
Конкурс не мае ўзроставых абмежаванняў.
Як даслаць працу на конкурс?
Дасылай свае фота з першымі назіраннямі птушак на сайт праз форму «дадаць назіранне» ці адпраўляй на паштовую скрыню springalive@ptushki.org з пазнакай «фота-конкурс» ці пакідай у адмысловых альбомах у сацсетках Укантакце і Фэйсбуку
Вынікі будуць падведзеныя 15 чэрвеня 2019 года, а найлепшыя працы з’явяцца на сайце АПБ ptushki.org. Трое пераможцаў атрымаюць прызы!
Дасылаючы фота на гэты конкурс, удзельнікі пагаджаюцца, што BirdLife International і яе нацыянальныя партнёры маюць права публікаваць конкурсныя работы ў любым фармаце.
Другi конкурс: Найлепшае вiдэа на тэму «Бяспечныя нябёсы!».
Калі: з 20 сакавiка па 31 траўня 2019 года.
Якiя працы прымаюцца?
Канкурсанты мусяць падрыхтаваць і падаць асабіста запісанае кароткае відэа, не даўжэйшае за 30 секунд, на тэму “Бяспечныя нябёсы!”. У ім трэба адлюстраваць, што б значылі для вас словы “бяспечныя нябёсы”, калі б вы былі птушкай. Відэа можа быць сабранае з кароткіх фрагментаў і фатаграфій (напрыклад, відэакліп).
Хто можа ўдзельнічаць?
Падлеткі да 16 гадоў.
Як даслаць працу на конкурс?
Адправіць відэа можна на электронную пошту springalive@ptushki.org з пазнакай «відэа-конкурс» праз Wetransfer. У лісце пазнач свой узрост, імя, прозвішча, нумар тэлефона.
Вынікі будуць падведзеныя 15 чэрвеня 2019 года, а найлепшыя працы з’явяцца на сайце «Аховы птушак Бацькаўшчыны». Трое пераможцаў атрымаюць прызы!
“Сустракай вясну разам з птушкамі, удзельнічай у конкурсах кампаніі і атрымлівай прызы! Ствары міні-фільм або зрабі фота, магчыма, менавіта твая творчая праца натхніць іншых назіраць за птушкамі і стаць бліжэй да дзікай прыроды!” — кажа каардынатар кампаніі Ксенія Малюкова.
Даведка:
З 1 сакавіка па 31 траўня можна далучыцца да стварэння інтэрактыўнай карты вясны, якую нясуць нам птушкі. Убачыш першых буслоў, вясковых ластавак, чорных свіргулёў, зязюль, шчурак-пчалаедак ці ластавак-зямлянак – занясі дату назірання на сайце “Жывой вясны”. Складзем разам анлайн-карту прыбыцця птушак з Афрыкі на Радзіму!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: