Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
У Магілёве спыніліся на адпачынак 250 дзікіх гусей, сярод іх – рэдкая чорная казарка
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 11 красавіка 2019 года
6 красавіка на ўскрайку Магілёва сябра АПБ Андрэй Чараднічэнка адзначыў вялікую чараду дзікіх гусей.
Больш за 250 белалобых гусей і гусей-гуменніц спынілася тут, каб адпачыць і падсілкавацца перад тым, як працягваць дарогу на поўнач.
Сябра АПБ Андрэй Чараднічэнка назірае гусей проста побач са сваім домам ужо не першы год: “Тут у нас недалёка ферма, і побач знаходзяцца палі для выпасу кароваў. Яны не апрацоўваюцца, на іх ёсць некалькі лужын, і тут пастаянна на міграцыі спыняюцца гусі. Гэта было і летась, і цяпер. Тут яны застаюцца надоўга. Раніцай у суботу я выйшаў чарговым разам, каб паназіраць за гусямі, паглядзець, ці ёсць нейкія змены ў іх колькасці. Падчас назіранняў заўважыў невялікую гусь, якая адрознівалася ад белалобай гусі і гусі-гуменніцы. Паглядзеў па вызначальніку, што яна падобная да чорнай казаркі, потым сфатаграфаваў і ўжо дакладна вызначыў, што гэта яна”.
Чорная казарка
Чорная казарка – від, які ў Беларусі сустракаецца падчас транзітных міграцый надзвычай рэдка, бо ніколі не адлятае далёка ад мора. Зімуюць гэтыя птушкі ў Паўночнай Германіі і Нідэрландах, а гняздуюцца на Таймыры і далей на ўсход у прыморскай тундры.
Андрэй Чараднічэнка птушкамі зацікавіўся яшчэ школьнікам. Ён наведваў арніталагічны гурток па кіраўніцтвам Аляксандра Мар’янавіча Ясевіча ў Смаргоні, але пасля заканчэння школы паступіў у медычны ўніверсітэт і закінуў гэты занятак, бо не было ні часу, ні аднадумцаў побач. Праз амаль 15 гадоў ён вярнууся да свайго хобі. “Мяне цікавіць захаванне дзікай прыроды і назіранне за ёй, — кажа Андрэй. — Нават назіраючы за звычайнымі відамі, кожны дзень можна ўбачыць нешта цікавае”.
Адметна, што гусі спяць і кормяцца побач з людзьмі: гэта найвышэйшая ступень даверу. Зона, дзе спыніліся гусі, закрытая для палявання, гэта практычна горад, і гараджане таксама не турбуюць птушак. У краінах, дзе няма вясновага палявання — у Польшчы і Літве — чароды дзікіх гусей можна сустрэць амаль паўсюль.
Фота і відэа Аляксандра Вінчэўскага
Падзяліся артыкулам у сацсетках: