Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Як зрабіць балота Дзікое зноў дзікім?
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 18 красавіка 2019 года
4 красавіка пачалося будаўніцтва плацін для аднаўлення гідралагічнага рэжыму на адным з самых статусных балотаў Беларусі.
Асаковае балота Дзікое, якое знаходзіцца каля Белавежскай пушчы, – адзін з першых заказнікаў Беларусі. Цяпер яго тэрыторыя далучаная да нацыянальнага парку.
Балота Дзікое. Фота Івана Мураўёва
Дзікое мае прыродаахоўнае значэнне для захавання біяразнастайнасці не толькі ў Беларусі, але і на планеце: тут гняздуецца адна з трох найбуйнейшых у краіне папуляцый вяртлявай чаротаўкі. У Еўропе засталося ўсяго некалькі такіх балотаў: большасць была калісьці асушаная дзеля сельскай гаспадаркі.
Аднаўленне гідрарэжыму адбываецца ў межах “Прыродаахоўнага праекта для Белавежскай пушчы”, які ажыццяўляецца АПБ і ДПУ “Нацыянальны парк “Белавежская пушча”” пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства (Германія). Супрацоўніцтва паміж арганізацыямі пачалося яшчэ ў 2013 годзе, а ў лютым 2019 года мемарандум аб супрацоўніцтве быў працягнуты яшчэ на 5 гадоў.
Урачысты пачатак прац на балоце Дзікім. Фота Андрэя Сергіені.
Пачатак будаўнічых работ ўрачыста адкрылі намеснік генеральнага дырэктара нацпарка Васіль Арнольбік, кіраўнік Еўрапейскага аддзела Франкфурцкага заалагічнага таварыства Міхаэль Брамбахер, намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Руслан Супрыновыч, дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі і намеснік старшыні Брэсцкага абласнога камітэта Мінпрыроды Сяргей Шылінчук.
Пачатак прац на балоце Дзікім. Фота Івана Мураўёва
Натуральны рэжым Дзікога быў парушаны маштабнай меліярацыяй: палову балота – вярхоўе Ясельды – асушылі, і сёння яна выкарыстоўваецца для сельскай гаспадаркі. Аднак кавалак у 330 гектараў на краю меліяратыўнай сістэмы, асушаны без інжынернага праекта, цяпер ніяк не выкарыстоўваецца і зарос хмызняком.
Меліяратыўны канал. Фота Івана Мураўёва
У 2018 годзе пры садзеянні АПБ гэты ўчастак быў перададзены нацпарку.
Менавіта гэтую частку Дзікога Інстытут эксперыментальнай батанікі вызначыў як адну з самых важных для балота. Яе мы пачалі забалочваць, каб стварыць буферную зону паміж натуральным балотам і сельскагаспадарчымі землямі. Гэта дазволіць вярнуць сюды натуральную балотную расліннасць і рэдкія віды жывёл, некаторым з якіх, як вяртлявай чаротаўцы і вялікаму арляцу, пагражае глабальнае знікненне.
У пушчы узровень грунтавых водаў увесь час падае, гэта сур’ёзна ўплывае на экасістэмы: высыхаюць яловыя лясы, ясеннікі, павышаюцца выкіды парніковых газаў.
Сімвалічнае будаўніцтва дамбы. Фота Юліі Якубовіч
На праектным участку пабудуюць 25 плацін з перападам у 30 сантыметраў. Аднаўленне балотнай расліннасці зойме дзясяткі гадоў.
Гаворыць Віктар Фянчук. Фота Івана Мураўёва
“Мы чакаем, што гэтыя землі створаць эфектыўны буфер паміж сельскагаспадарчымі землямі і натуральным балотам, адновіцца гідралагічны рэжым, натуральная балотная расліннасць і іншыя экасістэмныя функцыі, якія выконвае балота,” – адзначыў каардынатар “Прыродаахоўнага праекта для Белавежскай пушчы” Віктар Фянчук.
У планах на 2019 год у партнёраў таксама аднаўленне натуральнага меандравання ракі Саломенкі.
Удзельнікі адкрыцця прац па аднаўленні гідрарэжыму. Фота Юліі Якубовіч
Для экасістэмы Беларусі вада – найважнейшы яе элемент. Нашы балоты называюць лёгкімі Еўропы. Але ж многія з іх знаходзяцца ў сумным стане. Пакуль іх стан не палепшыцца, мы будзем працягваць забалочванні!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: