Колькі лебедзяў, чаек і качак зімавала ў Беларусі сёлета?

ад 19 красавіка 2019 года

Сёлета падчас улікаў налічылі 27387 птушак 32 відаў. Вялікі дзякуй усім удзельнікам! Каго з птушак было найбольш і якія цікавыя віды былі заўважаныя?

Стая крякв в полёте

Качкі-крыжанкі ў палёце. Фота Мікалая Пратасені

У студзені ў многіх краінах свету традыцыйна праходзяць зімовыя улікі вадаплаўных і каляводных птушак. У гэты час птушкі канцэнтруюцца і іх можна больш-менш дакаладна палічыць і даведацца, у якім стане знаходзяцца розныя віды і папуляцыі. У Беларусі ўлікі ладзяцьі АПБ разам з НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі, да акцыі звычайна далучаюца дзясяткі валанцёраў.

Баклан у воды на снегу

Вялікі баклан. Фота Мікалая Пратасені

 

Рэдкасці на зімоўцы

Мы заклікалі ўсіх выйсці да найбліжэйшых незамерзлых вадаёмаў: рэчак, азёраў, ставоў – і пералічыць птушак. Той, хто аднойчы паспрабаваў займацца ўлікамі, звычайна далучаецца і на наступны год: такая птушыная прагулянка вельмі цікавая, а да таго ж дапамагае вучоным і прыродаахоўнікам сабраць патрэбную інфармацыю. Многім хочацца заўважыць які-небудзь рэдкі від. 

У Мінску заўважылі рэдкую марскую качку

Падчас апошніх улікаў адзначылі 7 відаў, якіх не было ў мінулых: качка-неразня, нырок-плёсаўка, нырок-маранка, вялікі баклан, балотны лунь, жоўтаногая і чорнагаловая чайкі. Два віды з мінулых улікаў у апошнія не патрапілі: вялікі бугай і гусь-гуменніца. Зорачка ў табліцы побач з назвай нагадвае, што назіранні яшчэ патрабуюць падцверджання арніталагічнай фаўністычнай камісіяй.

Хто сустракаецца на зімоўцы часцей за ўсё?

Кряквы идут по снегу

Качкі-крыжанкі, як заўжды, першыя па колькасці. Фота Таццяны Гаравой

Тройка «лідараў» змянілася ў параўнанні з мінулым годам. Лебедзяў-шыпуноў налічылі менш у паўтара разу, і яны «спаўзлі» з другога радка на чацвёрты. Комплекс відаў чаек клыгун-рагатуха па ўлічанай колькасці вырас чатырохкроць і заняў другі радок супраць трэцяга ў мінулагодніх уліках. На трэцім радку апынуўся звычайны гогаль, якога налічылі ўтрая больш, і ён са значным адрывам апярэдзіў лебедзя-шыпуна. На першым месцы — на дзіва стабільна па колькасці — качка-крыжанка. 

Максім Нямчынаў, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях
Па шматлікіх відах выніковая колькасць дужа залежыць ад таго, ці трапяць ва ўлік буйныя канцэнтрацыі птушак. Найхутчэй, менавіта гэтым у першую чаргу тлумачацца значныя змены колькасці відаў у «першай пяцёрцы». Адначасова маглі мець уплыў і іншыя фактары: ваганні колькасці папуляцый птушак, пераразмеркаванне ў прасторы (па вадаёмах) праз розніцу ў надвор’і і г. д. Менавіта для больш поўнага і карэктнага разумення гэтых суадносін і важна мець адначасовыя звесткі з усёй тэрыторыі краіны. Таму АПБ запрашае ўсіх далучацца да штогадовай кампаніі па ўліках водных і каляводных птушак на зімоўцы і шчыра дзякуе ўсім, хто ўжо бярэ актыўны ўдзел!

Усяго ж сёлета на зімоўцы налічылі 27387 асобін 32 водных і каляводных відаў птушак. У мінулым годзе колькасць склала 24897 і 27 адпаведна.

Найбольшая колькасць птушак налічаная у Мінску і раёне, вялікія колькасці (больш за тысячу) таксама адзначаныя ў Брэсце і раёне, на Навалукомскім вадасховішчы, рацэ Лясной.

Параўнальную табліцу з вынікамі ўлікаў 2019 і 2018 гадоў можна спампаваць тут.

Дзякуй удзельнікам зімовых улікаў!

АПБ атрымала 51 анкету ад 18 аўтараў, агульны ўдзел склаў 215 чалавека-улікаў. НПЦ НАН РБ па біярэсурсах шчыльна ахапіў Мінск і раён намаганнямі 17 чалавек — супрацоўнікаў і валанцёраў. 

Крылатый дозор на зимних учетах водоплавающих птиц

Сябры клуба АПБ «Крылаты дазор» праводзяць улікі вадаплаўных. Фота Ірыны Бірынай-Паўлавай.

Вялікі дзякуй аўтарам анкет і ўдзельнікам ад НПЦ: Інне Грыневіч, Дзянісу Пасанену, Андрэю Шэўчыку, Мікалаю Пратасеню, Алесі Мядзведзевай, Вользе Каваль, Аляксандру Казарэзу, Сяргею Калачынскаму, Людміле Карукінай, Сямёну Леваму, Аляксандру Собалеву, Святлане Цэнкер, Андрэю Чараднічэнку, Юрыю Янкевічу, Андрэю Прыгуну, Ірыне Бірынай-Паўлавай, Раману Хлебіну, Віталю Кашчэеву, Андрэю Барадзіну, Даніілу Жураўлёву, Ксеніі Жураўлёвай, Юліі Алтунюва, Аляксандру Пышко, Ганне Чарнаморац, Аляксандры Ларчанка, Віктару Натыканцу, Дзмітрыю Жураўлёву, Івану Багдановічу, Ірыне Самусенка, Максіму Каласкову, Максіму Тарантовічу, Марыне Дзмітрынок, Наталлі Карліёнавай, Алегу Астроўскаму, Паўлу Пакулю.

Самец кряквы на снегу

Качка-крыжанка. Фота Ірыны Бірынай-Паўлавай

Чым болей людзей з розных раёнаў краіны  будзе далучацца да ўлікаў, тым больш дакладную інфармацыю аб птушках мы зможам сабраць. Таму, калі сёлета ў цябе не атрымалася далучыцца да акцыі, чакаем цябе ў наступным студзені сярод удзельнікаў “птушынага перапісу”!

Не карміце качак хлебам!

 Телеграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: