Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
У Тураве пройдзе двухдзённы фестываль кулікоў – запрашаем!
Абвестка,Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 29 красавіка 2019 года
25-26 траўня АПБ ладзіць VIII Фестываль кулікоў у старажытным Тураве. У праграме – чэмпіянат па фотабёрдынгу, бёрдвочынг, канцэрты і шмат забаваў.
Фестываль праводзіцца побач з унікальнай прыроднай тэрыторыяй – Тураўскім балоннем, якое мае статус Тэрыторыі, важнай для птушак міжнароднай значнасці, і з 2008 года абвешчана біялагічным заказнікам. Гэта адно з самых важных месцаў для гнездавання і адпачынку водна-балотных птушак падчас міграцыі ў Еўропе. Побач працуе першая ў Беларусі станцыя кальцавання птушак.
Удзел у фестывалі бясплатны.
Баталён. Фота Віктара Казлоўскага
Што будзе ў праграме?
З пятніцы па нядзелю на беразе Прыпяці будзе адкрыты кемпінг. Можна ўзяць намёт і спальнік, каб начаваць на ўлонні прыроды. Вазьмі з сабой рэпелент ад мошак і вопратку з доўгімі рукавамі. Вогнішча ў кемпінгу можна будзе паліць альбо на агульным месцы, альбо ў сваім мангале.
У абодва дні Фестываля кулікоў пройдуць экскурсіі па горадзе і на станцыю кальцавання, назіранні за птушкамі балоння з арнітолагамі, будзе працаваць фотазона, можна будзе паўдзельнічаць у цікавых спаборніцтвах.
Раніцай у суботу 25 траўня пройдзе чэмпіянат па фотабёрдынгу (хто здыме больш відаў за абмежаваны час) для ўсіх ахвочых. Рыхтуйце фотаапараты з добрым зумам!
Таксама ў гэты дзень вас чакаюць практычная лекцыя ад Цэнтра экалагічных рашэнняў пра асобны збор смецця, запуск паветраных змеяў на Замкавай гары, выступ ля вогнішча на беразе Прыпяці выдатнай паэткі Насты Кудасавай, а таксама Спеўны сход з Сержуком Доўгушавым.
У нядзелю 26 траўня дадаткова адбудуцца фотавыставы “Стары Тураў”, “Палессе ў міжваенны час” С. Хохмана і “Прырода беларускі / She is nature” ад Цэнтра экалагічных рашэнняў ды праекта “Вэтландс”, які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам і выконваецца Праграмай развіцця ААН сумесна з Мінпрыроды РБ. У нядзелю для гасцей будзе арганізаваны продаж сувеніраў, будуць праходзіць майстар-класы па вырабе гліняных кулікоў-свісцёлак і кулічкоў з паперы ды воўны, а таксама птушыных прынтоў на торбах. У праграме дня — выступы гуртоў, уключаючы зорак року AKUTE і “РЭХА”.
Фестываль арганізаваны пры падтрымцы Экалагічнага фонду Міхаэля Ота (Environmental Foundation Michael Otto) і Баварскага саюза абароны птушак (LBV).
Спампаваць карту фестываля ў вялікім памеры
Сачы за абнаўленнямі і падрабязнасцямі праграмы фестывалю на Фэйсбуку і УКантакце!
Запрашаем усіх бацькоў з дзеткамі, турыстаў, аматараў прыроды і актыўнага адпачынку на Фестываль кулікоў у Тураве! Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 8029-673-40-36 (Таццяна Яворская).
Падзяліся артыкулам у сацсетках: