Птушыныя радасці для Арловых і Арлоўскіх!

ад 2 мая 2019 года

У гонар птушкі 2019 года — вялікага арляца, якога яшчэ называюць балотным арлом, – мы дорым сёлета бясплатную падпіску на наш бюлетэнь часопіс для Арловых, Арлюкоў, Арляцовых, Арлоўскіх і ўсіх іншых, чыё прозвішча звязанае з арлом.

Калі тваё прозвішча вытворнае ад назвы сёлетняга крылатага сімвалу – проста запоўні форму і чакай у паштовай скрынцы нашыя птушыныя матэрыялы.

Кампанія “Вялікі арлец – птушка 2019 года”

Уладзімер Арлоў

Уладзімер Арлоў

На нашую рассылку падпісаўся вядомы беларускі пісьменнік Уладзімер Арлоў. Мы пацікавіліся, што для яго значыць птушыная сімволіка прозвішча.

«Упэўнены, што маё птушынае прозвішча дапамагае мне ў самых розных справах ад тых часоў, калі быў яшчэ малы. Бацькі часта спасылаліся на прозвішча, каб мяне лепей матываваць. Напрыклад, трэба было выправіць дрэнную адзнаку ў школе: «Ты ж Арлоў, а ў цябе тройка!». Калі баяўся першы раз ляцець на самалёце: «Ты ж Арлоў, а баішся ляцець!»

Пазней я ўзяў гэтую методу сабе на ўзбраенне і казаў ужо сам сабе : «Ты ж Арлоў, значыць павінен быць на вышыні, зрабіць тое або іншае найлепшым чынам». Дарэчы, з сорамам згадваю, што на пачатку заняткаў літаратурай хацеў узяць сабе псеўданім, каб не блыталі з некаторымі іншымі Арловымі. Упэўнены: каб зрабіў так, не здабыў бы сабе столькі чытачоў, колькі маю цяпер.

А яшчэ маё прозвішча натхніла мяне на стварэнне і выкарыстанне дзеяслова «арлець» і вытворных ад яго «паарлець» і  «выарлець» (сэнс, думаю, празрысты).»

Як бачым, арол натхняе і ў штодзённым жыцці, і ў творчасці.

Цудоўная беларуская паэтка Валянціна Аксак (Арлова) напісала верш “Вялікі арлец цікуе за мной”.

Вялікі арлец цікуе за мной

Ну нарэшце 
я ведаю 
як выглядае той, 
чый погляд адчула 
яшчэ да 
нараджэньня сусьвету.
Не сьвідруе вачыма, 
спакойна глядзіць, 
раскашуючы ў сіле сваёй 
і выгоднай пазыцыі, 
з якое нікому ня бачны, 
затое яму 
наўкольле адкрытае 
на ўвесь небакрай. 
Схамянуся, бывала, 
як стрэлам працятая, 
але й небясьпекі нідзе 
ані каліўца 
не запрыкмечу, 
то й віхуруся далей 
у мроях, 
нібы ахінутае 
звышняю мілажальлю 
неразумнае немаўля. 
Але вось цяпер
так раптоўна 
ўзьняла свае вочы 
да макаўкі 
заваконнай вярбіны, 
што ён не пасьпеў 
перакінуцца 
ў тоўсты каравісты сук. 
І мы 
нарэшце глядзім 
адзін на аднога 
ў рыжа-бурых, 
падсьвечаных вохрыстым сонцам, 
вечаровых мярэжах – 
вялікі ўладар-паляўнічы
і зьнячэўленае птушанё, 
якое высьлізвае зноўку 
з ягоных 
кшталцоных вякамі 
й няхібных ніколі 
паветраных ловаў.

А вось што кажа пра сваё прозвішча сябра АПБ Юлія Арлова:

«Мне вельмi падабаецца маё прозвiшча, а таксама тое, што мяне раней часта называлi арлом. Цяпер, калi людзi пытаюць, чаму я так люблю птушкаванне, самi адразу адказваюць на сваё пытанне: “А, ну, вядома, ты ж Арлова!”

Я мару пабачыць нашу птушку года i вельмi чакаю, калi адпраўлюся ў экспедыцыю на яе пошук.»

Юлія Арлова

Юлія Арлова

Калі маеш знаёмых Арловых – раскажы ім пра нашую акцыю і магчымасць падпісацца на паштовую рассылку АПБ з унікальнымі птушынымі матэрыяламі!

Спаси орлёнка



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: