Чэмпіянат па фотабёрдынгу “Фокус на кулікоў”- 25 траўня

ад 4 мая 2019 года

АПБ запрашае на спаборніцтвы па фатаграфаванні птушак, якія пройдуць падчас Фестывалю кулікоў у Тураве! Тут знаходзіцца заказнік “Тураўскі луг”, які АПБ арандуе для аховы прыроды.

Бекас

Бакас. Фота Валерыя Дамброўскага

Што трэба рабіць?

Фатаграфаваць птушак у натуральным асяроддзі! Як? Вось некалькі парадаў.

А каб перамагчы ў Чэмпіянаце, табе трэба за 6 гадзін наздымаць як мага больш розных відаў птушак.

За кожны від табе будуць налічвацца балы. Прычым найбольш балаў за кожны здымак атрымаюць тыя, хто правільна вызначыць від сфатаграфаванай птушкі.

Чибис

Кнігаўка. Фота Т. Раманавай

Як запісацца на Чэмпіянат?

Спампуй форму простай заяўкі, запоўні яе і дашлі на адрас levy@ptushki.org.

Заяўкі прымаюцца да 17.00 чацвярга 23 траўня. 

Ты можаш удзельнічаць індывідуальна або ў камандзе з двух чалавек.

Удзел у Чэмпіянаце бясплатны. Для адбору фотаздымкаў удзельнікам трэба мець ноўтбук.

Па выніках будуць вызначаныя пераможцы (1, 2, 3 месцы), таксама будзе асобна абраны найлепшы здымак Чэмпіянату. Як і на папярэдніх спаборніцтвах, журы можа ўвесці дадатковыя намінацыі і адзначыць яшчэ некалькі цікавых фота ці ўдзельнікаў. Пераможцы атрымаюць сертыфікаты (гл. ніжэй).

У спаборніцтвах можна ўдзельнічаць як на машыне, так і без. Залік будзе асобны. Акрамя таго, гэтым разам не будзе абмежавання па тэрыторыі.

Сямён Левы, каардынатар Чэмпіянату
Чэмпіянат па фотабёрдынгу ўпершыню пройдзе ў Тураве — адным з найлепшых месцаў для бёрдвочынгу і фатаграфавання птушак. І канец траўня — гэта час, калі вернуцца ўсе птушкі, што зімавалі ў цёплых краінах. За 6 гадзін спаборніцтваў разнастайнасць сфатаграфаваных відаў мусіць быць максімальнай у параўнанні з мінулымі гадамі. Канчатковы вынік шмат у чым будзе залежаць ад таго, як удзельнікі сплануюць свой маршрут і размяркуюць час у дарозе.

 

Далучайцеся да прыгожага і цікавага захаплення, знаёмцеся з птушкамі бліжэй праз аб’ектыў фотаапарата! 

Чэмпіянат па фотабёрдынгу пройдзе ў межах Фестывалю кулікоў.

Праграма Чэмпіянату:

24 траўня – заезд удзельнікаў. Кемпінг каля Прыпяці або гасцініца ці аграсядзіба.

25 траўня – 7:00 – 13:00 спаборніцтвы.

               13:00 – 14:00 абед.

               14:00 – 18:00 адбор фотаздымкаў і перадача іх журы.

               17:00 – 22:00 праца журы, абмен уражаннямі паміж удзельнікамі.

26 траўня – 11:00 – 12:00 узнагароджванне пераможцаў і прызёраў.

 

Глядзіце таксама праграму фестываля 25-26 траўня.

Спампаваць правілы Чэмпіянату.

Перевозчик

Кулік-перавозчык. Фота Т. Раманавай

Прызёрам чэмпіяната ў абедзвюх галоўных намінацыях будут прапанаваныя на выбар тры прызы.

Сертыфікат «Вечар на дубальтавым току» ад Тураўскай станцыі кальцавання птушак: арніталагічная экскурсія з арнітолагам у пойме Прыпяці і фатаграфаванне дубальтаў падчас току з засідкі (травень-чэрвень).

Сертыфікат «Птушкі Сасновага Бору» ўключае наведванне станцыі кальцавання птушак «Сасновы бор» (в. Сасновы Бор, Расонскі р-н, Віцебская вобл.) і ўдзел у ловах і кальцаванні птушак. Сертыфікат забяспечвае адзін дзень бясплатнага пражывання і харчавання на сядзібе «Заімка Лесуна», дзе і месціцца станцыя.

Сертыфікат «Кальцо вялікага арляца» дае магчымасць праехаць з камандай спецыялістаў па самых «дзікіх» кутках Беларусі, дзе яшчэ захаваліся месцы жыцця вялікага арляца – віду драпежных птушак, які знікае ва ўсім свеце, — для пошуку гнёздаў і кальцавання птушанятаў.

Калі і як можна будзе скарыстацца сертыфікатамі, будзе абмеркавана індывідуальна з кожным іх атрымальнікам.   

Поспехаў!

Инстаграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: