Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Знайшлі птушаня — што рабіць?
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 16 мая 2019 года
З траўня па ліпень птушаняты-подлеткі пакідаюць гнёзды, каб навучыцца самастойнаму жыццю. Расказваем, чаму нельга забіраць такіх птушанятаў.
У сезон “птушкападу” людзі нярэдка забіраюць птушанят, знойдзеных у траве, дадому. Яны хочуць дапамагчы, а ў выніку атрымліваецца мядзведжая паслуга і птушка гіне. Што не так?
Маладыя малыя грычуны. Фота Паўла Лычкоўскага
Птушаняты стараюцца пакінуць гняздо як мага хутчэй, бо кожны дадатковы дзень у гняздзе павялічвае небяспеку, што іх знойдзе драпежнік. Часта яны выскокваюць з гнязда яшчэ з кароткімі махавымі пёрамі і не могуць лятаць. Яны выскокваюць, спрабуюць паляцець і прызямляюцца на галінкі ці на зямлю. Ва ўсім патрэбная трэніроўка, і ў гэты “навучальны працэс” умешвацца нельга! На гнездавым участку дарослыя птушкі лёгка знаходзяць птушанят па крыках, прыглядаюць за імі і кормяць. Таму забіраць ці пераносіць птушанят у іншае месца (“ратаваць”) нельга: вы не паклапоціцеся пра іх лепш за бацькоў!
Дрозд-піскун корміць птушаня — Фота Сяргея Марыніча
Подлеткі звычайна пакрытыя часткова пухам, махавыя і рулявыя пёры ў іх могуць быць часткова ў трубачках. Птушаняты соваў пакідаюць гняздо рана, калі яны яшчэ ў пуху.
Подлеткі шэрай кугакаўкі. Фота Паўла Лычкоўскага
У вераб’іных птушанят на краях дзюбы — жоўтыя валікі, якія павялічваюць памеры дзюбы, каб бацькі не прамахнуліся з кормам, нездарма іх называюць “жаўтароцікамі”.
Часта подлеткаў памылкова прымаюць за «хворую» або «недаразвітую» птушку. Насамрэч з птушанём усё ў парадку: гэта «падлетак», і ён хутка вырасце ў дарослую птушку!
Прыкметы подлетка
Калі хоць адна з гэтых прыкмет ёсць, то перад вамі – подлетак. Птушаня вучыцца, не замінайце яму!
Калі ты бачыш подлетка за горадам — адыдзі далей і не турбуй птушаня і яго бацькоў.
Калі бачыш подлетка ў горадзе, то ацані месца: ці бяспечнае яно? Калі побач – ажыўленая сцежка, дарога, пляцоўка для выгулу сабак або дзіцячая пляцоўка, то лепш акуратна перанесці птушаня (недалёка!) да кустоў ці дрэваў паблізу, падсадзіць на галінку, падкінуць на брыль пад’езда або дах гаража, каб па вашым паху яго не знайшоў сабака або кот: бацькі знойдуць яго, а людзі-“выратавальнікі” – не.
Рабі гэта толькі ў самых небяспечных для птушак месцах і вельмі акуратна: падчас пагоні птушка адчувае стрэс, а людзі могуць пашкодзіць яе яшчэ далікатныя косткі або выдраць хвост. Таксама не варта спрабаваць пакарміць птушку.
Малады дрозд-піскун. Фота Сяргея Марыніча
Як мага хутчэй вярні птушку на тое самае месца, дзе ўзяў!
— Не забірайце птушанятаў дадому! — падкрэслівае спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы. — Гэта не кацяняты ці шчанюкі. Дзікія жывёлы павінны заставацца ў дзікай прыродзе! Вядома, не кожнае птушаня зможа стаць дарослай птушкай, іх чакаюць натуральныя небяспекі. Але гэта — законы прыроды. А вось калі вы ўзялі дадому моцнае птушаня, вы ўжо безумоўна «забілі» яго для прыроды. Да таго ж, птушаняты патрабуюць спецыфічнага догляду, у тым ліку — кармоў, і, на жаль, больш за палову выпадкаў такой «дапамогі» ад людзей сканчаюцца сумна, у найгоршым сэнсе гэтага слова.
АПБ звяртаецца да ўсіх, хто турбуецца за подлеткаў: калі ласка, не чапайце птушанят! Не стварайце цяжкасцяў ні птушкам, ні сабе!
Акрамя таго, нагадваем, што заканадаўства забараняе вымаць жывёл з дзікай прыроды: за такія дзеянні прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: