У Тураве абвесцяць Абаронцаў дзікай прыроды — 2018
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі
ад 23 мая 2019 года
Гэтым званнем ганаруе глабальная прыродаахоўная асацыяцыя BirdLife International. Трох Абаронцаў дзікай прыроды Беларусі абвесцяць 26 траўня на Фестывалі кулікоў у Тураве, які мы ладзім разам з Тураўскім выканкамам.
Гэтым званнем з 2018 года штогод ушаноўваюць асоб або групы актывістаў за выбітную працу па ахове дзікай прыроды на нацыянальным ці мясцовым узроўні.

Летась першымі Абаронцамі дзікай прыроды ў Беларусі былі абвешчаныя вядомы арнітолаг Уладзімір Іваноўскі, былы супрацоўнік заказніка “Выганашчанскае” Мікалай Варабей і старшы дзяржаўны інспектар Тураўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Міхаіл Ярмоліч.
У студзені грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) як нацыянальны партнёр BirdLife International запрашала ўсіх прапанаваць свайго намінанта. З сямі кандыдатур Цэнтральным саветам АПБ было адабрана тры: гэта максімальная колькасць, якую можа намінаваць на званне кожны нацыянальны партнёр BirdLife International з 110 краін.
Пры адборы ўлічвалася адпаведнасць кандыдатуры пэўным крытэрам. Званнем Абаронцаў дзікай прыроды могуць ганараваць за дасягненні ў маніторынгу біяразнастайнасці, кіраванні ахоўнымі тэрыторыямі, народнай навуцы, далучэнні людзей да аховы прыроды, а таксама за іншыя значныя ўнёскі ў ахову дзікай прыроды.
Дыпломы беларускім героям уручаць 26 траўня на Фестывалі кулікоў у Тураве, арганізаваным пры падтрымцы Экалагічнага фонду Міхаэля Ота (Environmental Foundation Michael Otto) і Баварскага саюза абароны птушак (LBV). Завітвайце на фэст і натхняйцеся на добрыя справы дзеля нашай прыроды!
Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ: “Паглядзець на тураўцаў, мясцовых кулікоў, знакамітае ў Еўропе Тураўскае балонне, пазнаёміцца з беларускімі абаронцамі дзікай прыроды і супрацоўнікамі Каралеўскага таварыства абароны птушак з Вялікабрытаніі – ваш шанс адзін раз на год: 26 траўня на Фестывалі кулікоў”.
