Нашых абаронцаў дзікай прыроды адзначылі на глабальным узроўні
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі
ад 27 мая 2019 года
Глабальная прыродаахоўная асацыяцыя BirdLife International уганаравала званнем Абаронцаў дзікай прыроды трох прадстаўнікоў Беларусі.
Іх назвалі 26 траўня на Фестывалі кулікоў у Тураве, які ладзіць нацыянальны партнёр гэтай асацыяцыі ў Беларусі — грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) — разам з Тураўскім выканкамам.
Восенню 2018 года АПБ звярнулася да людзей з прапановай намінаваць годных людзей. Цэнтральны савет АПБ выбраў трох чалавек з 6 кандыдатаў, імёны і інфармацыя пра заслугі якіг былі дасланыя ў Кембрыдж. Сертыфікаты абаронцаў прыйшлі ў Мінск на днях.
Абаронцамі дзікай прыроды – 2018 сталі старшыня Слуцкага раённага аддзялення АПБ Тамара Каляда, сябра Цэнтральнага савета АПБ, заолаг, арнітолаг Андрэй Абрамчук і орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання пасёлка Вопытнага Мінскага раёна.

Тамара Каляда
Тамара Каляда атрымала званне за працу з настаўнікамі і дзецьмі. Гэтая нястомная жанчына каардынуе працу 37 дзіцячых клубаў АПБ “Крылаты дазор” у Слуцкім раёне, якія аб’ядноўваюць 345 дзяцей. З яе ўдзелам быў адкрыты Музей салаўя ў Слуцку. Штогод пад яе кіраўніцтвам у Слуцкім раёне ў розным экалагічных акцыях і конкурсах удзельнічае больш за 9000 дзяцей.

Андрэй Абрамчук
Андрэй Абрамчук практычна аднаасобна падрыхтаваў намінантныя формы для больш чым 70 прыродных тэрыторый Беларусі для намінацыі на еўрапейскі статус “Смарагдавая сетка”. Наш урад падтрымаў гэтыя прапановы, Савет Еўропы прысвоіў гэты высокі статус усім тэрыторыям, уключна з Тураўскім балоннем. Больш за тое, Абрамчук удзельнічаў у намінацыі больш чым дзесяці Тэрыторый, важных для птушак, і трох Рамсарскіх тэрыторый глабальнага значэння. Акрамя таго, ён сам знайшоў у нашых лясах, балотах каля 1150 месцаў, дзе жывуць або растуць рэдкія жывёлы і расліны, і падрыхтаваў неабходныя дакументы для іх аховы.
Орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання пасёлка Вопытнага – гэта актыўная група жыхароў Мінскага раёна, якая спыніла высечку 6 га лесу з сотага квартала Бараўлянскага спецлясгаса. Яны арганізавалі, прафінансавалі асабістымі сродкамі два навуковыя абследаванні супрацоўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук лясных масіваў каля пасёлка Вопытнага. У выніку гэтых абследаванняў было знойдзена 13 “чырвонакніжных” відаў і аформленыя адпаведныя ахоўныя абавязацельствы.

Юрый Филипащ — у цэнтры
Сертыфікат Абаронцы дзікай прыроды прымаў стараста органа самакіравання Юрый Філіпаў: “Я ўражаны той колькасцю людзей, якія сапраўды зацікаўленыя ў захаванні нашай прыроды, якія гэта разумеюць, цэняць, аддаюць на гэта шмат сілы і часу. Вялікі вам дзякуй за гэта! Насамрэч вельмі прыемна ведаць, што такія людзі ёсць яшчэ недзе.”
