Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Ратуйма супергрызуноў! У Беларусі шукаюць дзікіх хамякоў, суслікаў і палятух
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 4 чэрвеня 2019 года
Мы распачалі экалагічную ініцыятыву па захаванні рэліктавай тэрыафаўны Беларусі, якой пагражае знікненне.
Спецыялісты шукаюць калоніі рабых суслікаў і звычайных хамякоў, а таксама месцы жыцця палятух у межах ініцыятывы “Хамяк, суслік і палятуха: выратаваць супергрызуноў!” праекта “Экаманіторынг”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Мінпрыроды.
Хамяк
Асноўная мэта праекта – знайсці і захаваць рэдкія віды грызуноў Беларусі і іх месцы жыцця. Рабы суслік і хамяк – стэпавыя віды, якія ў Беларусі заўсёды жылі побач с сельскагаспадарчымі палеткамі, палятуха – гэта індыкатар натуральных і малапарушаных экасістэм. Усе яны – у Чырвонай кнізе Беларусі. Праз скрытны лад жыцця знайсці іх нялёгка. З дапамогай грамадзян і сучасных прыбораў для пошуку спецыялісты спадзяюцца знайсці новыя месцы, населеныя гэтымі відамі.
Рабы суслік
Рабы суслік жыў калоніямі ў норках на сухіх лугах цэнтральнай Беларусі, актыўны днём. Яго колькасць з 1960 года скарацілася на 98 %. Хамякі жылі на ўскрайках палёў на паўднёвым захадзе краіны, сустракаліся і на паўднёвым усходзе. Цяперашні стан папуляцый невядомы. Узімку суслікі і хамякі кладуцца ў спячку. Галоўныя пагрозы гэтым відам у Беларусі, калі яны яшчэ засталіся, – пашырэнне сельскагаспадарчых палёў, знішчэнне нор і пасадка лесу ў месцах іх жыцця.
Пампуй прэзентацыю пра суслікаў!
Прайдзі тэст «Што ты ведаеш пра суслікаў?»
Палятуха. Фота Дзяніса Кіцеля, удзельніка экспедыцый па яе пошуку ў Беларусі
Палятуха – начны лясны звярок, які лічыўся пасля 1996 года зніклым на тэрыторыі Беларусі, пакуль не быў зноўку знойдзены ў 2017 годзе спецыялістамі АПБ. Пакуль вядома толькі некалькі тэрыторый на паўночным усходзе краіны, дзе жыве палятуха. Для яе галоўная пагроза – суцэльныя высечкі ў стараўзроставых лясах, фрагментацыя лясоў, высечка дуплістых дрэваў.
Ініцыятыва “Хамяк, суслік і палятуха: выратаваць супергрызуноў!” ажыццяўляецца АПБ у партнёрстве з Гарадоцкім лясгасам, Эколага-краязнаўчым грамадскім аб’яднаннем “Неруш” і Навукова-практычным цэнтрам НАН Беларусі па біярэсурсах.
Падзяліся артыкулам у сацсетках: