Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Як уратаваць супергрызуноў?
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 14 чэрвеня 2019 года
Хамяк, рабы суслік і вавёрка-палятуха апынуліся ў Беларусі на мяжы знікнення. Мы сабралі 10 фактаў пра нашую экалагічную ініцыятыву па іх ратаванні.
Яна мае назву “Хамяк, суслік і палятуха: выратаваць супергрызуноў!” і праводзіцца ў межах праекта “Экаманіторынг”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Мінпрыроды.
Суслікі. Фота Паўла Лычкоўскага
1. У Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (2015) уключана шэсць відаў грызуноў, тром з якіх і прысвечаная гэтая ініцыятыва праекта. Але ў Міжнародны чырвоны ліст (www.iucn.org) уключаны як Уразлівы від толькі суслік, адзіны з трох, увесь арэал якога прыходзіцца на Еўропу.
2. З 1996 года рэгістрацый палятухі ў Беларусі не было, але ў 2017 годзе актывісты АПБ Дзяніс Кіцель і Андрэй Абрамчук знайшлі некалькі тэрыторый на поўначы Беларусі. Але на сёння невядома дакладнае распаўсюджанне гэтага віду, і ініцыятыва праекта дазволіць знайсці па максімуме ўсе тэрыторыі гэтых звяркоў, якія захаваліся, а таксама вывучыць і зняць магчымыя пагрозы.
3. Сучасны стан папуляцыі хамяка ў Беларусі вучоным невядомы. Некалькі гадоў таму пошукі ў старых месцах скончыліся нічым. Але зусім нядаўна пасля абвяшчэння аб пачатку гэтай экалагічнай ініцыятывы мы атрымалі першае паведамленне пра сустрэчу з хамяком за апошнія 10 гадоў.
4. У 1980-х было вядома 89 калоній рабога сусліка. Некалькі гадоў таму апошнія вядомыя калоніі былі выпадкова знішчаныя. Пасля абвяшчэння ініцыятывы праекта мы ўжо атрымалі першыя звесткі пра існуючыя. У межах праекта мы іх праверым, а таксама паспрабуем знайсці іншыя калоніі.
5. Хамяк і суслік літаральна за некалькі дзесяцігоддзяў на 80-90 % скарацілі колькасць і амаль зніклі. Са шматлікіх грызуноў, якія лічыліся шкоднікамі сельскай гаспадаркі, яны трапілі на старонкі Чырвонай кнігі, нават міжнароднай. У рамках ініцыятывы на кожнае месцапражыванне гэтых відаў будуць падрыхтаваныя пашпарты і ахоўныя паперы.
6. Спецыялісты ў рамках ініцыятывы праекта падрыхтуюць адмысловыя Планы дзеянняў па захаванні гэтых відаў. Інфармацыя пра распаўсюджанне і пагрозы будзе сабраная за 18 месяцаў праекта.
Палятуха. Фота Дзяніса Кіцеля, удзельніка экспедыцый па яе пошуку ў Беларусі
7. Шукаць супергрызуноў будуць у кожным шостым раёне Беларусі! Мы праверым наступныя 19 раёнаў: хамяк і суслік — Камянецкі, Брэсцкі, Жабінкаўскі, Кобрынскі, Пружанскі, Ляхавіцкі, Баранавіцкі раёны Брэсцкай вобласці, суслік — Навагрудскі, Карэліцкі раёны Гродзенскай вобласці, суслік — Нясвіжскі, Капыльскі, Клецкі, Слуцкі раёны Мінскай вобласці, хамяк — Гомельскі, Добрушскі раёны Гомельскай вобласці, палятуха — Віцебскі, Гарадоцкі, Шумілінскі, Лёзненскі раёны Віцебскай вобласці.
Пампуй прэзентацыю пра суслікаў!
8. Адмысловая праца запланаваная з людзьмі-суседзямі рэдкіх відаў. Эксперты ініцыятывы правядуць сустрэчы з настаўнікамі, школьнікамі, леснікамі і мясцовымі жыхарамі, каб расказаць ім пра біялогію гэтых відаў, пра пагрозы і як яны могуць дапамагчы выратаваць іх. Нам патрэбна знайсці мясцовых захавальнікаў дзікай прыроды — валанцёраў, якія змогуць маніторыць знойдзеныя папуляцыі відаў, што знікаюць, і прымаць меры па іх ахове самі або паведамляць інспекцыям Мінпрыроды, АПБ ці вучоным.
9. Мясцовыя жыхары звычайна добра ведаюць гэтыя віды, і мы спадзяемся атрымаць шмат інфармацыі наўпрост ад людзей. Будзе створаная таксама інтэрактыўная анлайн-карта па распаўсюджанні рэдкіх грызуноў у Беларусі – каб людзі маглі дадаваць новыя месцы жыцця гэтых грызуноў, якія мы можам праверыць і аддаць пад ахову.
10. Квадракоптэры дапамогуць у пошуках калоній сусліка і сцяжын хамякоў на вялікіх тэрыторыях, а фотапасткі – атрымаць цікавыя матэрыялы аб пагрозах і біялогіі звяркоў. Цеплавізары дапамогуць назіраць за хамякамі і палятухай уначы, а эндаскопы – знайсці жылыя дуплы і норы.
Прайдзі тэст «Што ты ведаеш пра суслікаў?»
Падзяліся артыкулам у сацсетках: