Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
7 верасня — BirdRace-2019: збірай каманду!
Абвестка,Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 19 ліпеня 2019 года
XVI Адкрыты чэмпіянат Беларусі па спартыўнай арніталогіі – BirdRace-2019 — адбудзецца 7 верасня.
Гэта спаборніцтва ў назіранні за птушкамі, у якім удзельнікі цягам 12 гадзін стараюцца знайсці і пабачыць як мага больш відаў птушак. Гонка за птушкамі адбываецца па ўсёй тэрыторыі Беларусі: можна карыстацца любымі транспартнымі сродкамі і, вядома, оптыкай. Таксама можна вызначыць птушку па голасе і залічыць сабе гэты від, але толькі пры ўмове, што ўсе сябры каманды яе пачулі. Каманда, якая назбірае самую вялікую колькасць відаў, перамагае.
Ісландскія пясочнікі. Фота Дзяніса Змачынскага
Чэмпіянат-трэнінг для навічкоў і сяброўская сустрэча каманд пасля спаборніцваў пройдуць на аграсядзібе “Залессе” (в. Залессе, Пружанскі р., Брэсцкая вобл.).
Калі любіш актыўны адпачынак, абавязкова далучайся. Можаш стварыць каманду разам з сябрамі, калегамі або сям’ёй. Але важна, каб як мінімум два чалавекі з каманды былі поўнагадовымі.
Замежныя грамадзяне таксама могуць удзельнічаць, прычым як ва ўласных камандах, так і ў змяшаных беларуска-замежных.
Можна скарыстацца магчымасцю прыляцець у Беларусь без візы і паўдзельнічаць у чэмпіянаце. Тым больш бязвізавы рэжым працягнулі да 30 дзён. Запрашай сваіх замежных сяброў далучацца да спаборніцтваў!
Размаўляй пра птушак з аднадумцамі ў тэлеграм-чаціку Ціў-ціў!
«Чижики на Пыжике»
Крыху лічбаў. Летась удзельнікі адзначылі 169 відаў. А каманда-пераможца «Чижики на Пыжике» пабачыла 110 відаў.
12-гадзінная гонка за птушкамі — гэта не толькі азартныя спаборніцтвы, але і магчымасць зрабіць унёсак у навуку і развіццё беларускай арніталогіі: падчас BirdRace збіраецца ўнікальная інфармацыя пра тэрміны міграцыі і відавы склад. Штогод удзельнікі сустракаюць рэдкія віды птушак.
Пра пачатак прыёму заявак ад каманд для ўдзелу ў XVI Адкрытым чэмпіянаце Беларусі па спартыўнай арніталогіі – BirdRace-2019 будзе абвешчана ў жніўні.
Рыхтуйся і ты да цікавых сустрэч з птушкамі ў 2019 годзе. Можа быць, твая каманда зробіць новы рэкорд? Убачым 7 верасня!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: