Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Крыніцы, слонкі і чарапахі — цікавосткі 34-га нумара часопіса “Птушкі і мы”
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 19 ліпеня 2019 года
Выйшаў 34-ці нумар часопіса АПБ «Птушкі і мы» з цікавымі гутаркамі, фотаздымкамі, палявымі гідамі і нататкамі натуралістаў. Сёлета часопісу споўнілася 20 гадоў!
На старонках часопіса амбасадарка Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб дзеліцца думкамі пра працу прыродаахоўных арганізацый і расказвае пра сваю сустрэчу з ваўком у Налібоцкай пушчы.
Кіраўнік Лясной рабочай групы АПБ Андрэй Абрамчук расказвае пра тое, чаго ўдалося дамагчыся ў справе аховы лясоў і як ён звязаў жыццё з абаронай прыроды. Дарэчы, сёлета герою гутаркі нададзена званне Абаронца дзікай прыроды.
Ці шмат ты ведаеш пра балотных чарапах, што жывуць у Беларусі? Валеры Лукашэвіч расказвае пра незвычайную госцю з неаліту і яе неверагодна цікавае жыццё. Дарэчы, калі ты сустракаў_ла балотную чарапаху на поўнач ад Брэсцкай і Гомельскай абласцей, напішы пра гэта на адрас Lukashevich2@tut.by.
Эдуард Монгін і Сяргей Зуёнак знаёмяць чытачоў са слонкай – шматлікай, але ўсё ж загадкавай птушкай. АПБ удзельнічае ў міжнародным праекце па даследаванні слонкі ў Беларусі. Аўтары тлумачаць, як і навошта трэба лічыць слонак.
Беларусь слаўная сваімі крыніцамі. А што мы ведаем пра іх з навуковага ракурсу? Уладзімір Байчораў расказвае пра карту крыніц Беларусі, насельнікаў крыніц і рэдкія біятопы, звязаныя з крыніцамі.
Часопіс ужо прыляцеў сябрам арганізацыі, якія аплацілі сяброўскі ўнёсак. Хочаш атрымліваць «Птушкі і мы» таксама? Далучайся да АПБ або проста працягні сваё сяброўства на 2019 год!
Разам для птушак і людзей!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: