Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
Мінскія птушкі: як прайшоў трэці сезон экскурсій з арнітолагам?
Апошнія навіны,Навіна арганізацыі ад 23 ліпеня 2019 года
Сёлетняя серыя птушыных экскурсій Free Walking Tour у мінскіх парках скончылася.
У гэтым сезоне арнітолагі вадзілі групы цікаўных птушкароў па некалькіх гарадскіх парках Мінска. Каля 400 чалавек прыйшло паназіраць за птушкамі з гідам-арнітолагам і даведацца пра іх цікавыя факты. Кожная птушыная экскурсія была непаўторная: ніколі не ведаеш, якія незвычайныя сустрэчы чакаюць цябе гэтым разам.
Прыемна было сустрэць пустальгу на прагулцы па помніку прыроды “Дуброва”. Сустрэча ў Лошыцкім парку запомнілася нашэсцем шчыгелаў і таўстадзюбаў, а прыемнай нечаканкай стала жоўтая пліска.
Далучайся да тэлеграм-чата аматараў птушак “Ціў-ціў”!
Бойка шпакоў і вялікага дзятла, якая адбылася на самай першай экскурсіі ў парку Чалюскінцаў, таксама была яркай і эмацыйнай.
І вядома ж, салаўі Вострава птушак нязменна віталі нас на чэрвеньскіх сустрэчах у парку Перамогі. З 11 птушыных экскурсій тры былі тэматычныя і прысвечаныя салаўям.
Дзякуй усім за цудоўныя прагулкі і кампанію. Спадзяемся, што вам было цікава, а аповеды арнітолагаў былі пазнавальныя. Мы заўжды радыя бачыць вас і з нецярпеннем чакаем нашых сустрэч у наступным, чацвертым, сезоне.
А пакуль, каб не сумаваць без птушак, далучайцеся да АПБ!
Нашыя сябры атрымліваюць унікальную рассылку ад АПБ з актуальнай інфармацыяй пра дзікую прыроду, карыснымі лайфхакамі і цікавымі фактамі. Яркі часопіс “Птушкі і мы”, налепкі і іншыя прыемнасці – гэта абавязковы камплект сябра АПБ.
І самае галоўнае: кожны сябра – гэта голас у абарону нашай дзікай прыроды. Чым нас болей, тым мацней ён гучыць.
Да сустрэчы, сябры!
Падзяліся артыкулам у сацсетках: