“Чырванакніжнікі” пад пагрозай?

ад 16 жніўня 2019 года

На гэтым тыдні нам паступіла інфармацыя пра тое, што ўрад збіраецца значна скараціць ахоўныя зоны вакол месцаў гнездавання некаторых “чырванакніжных” відаў.

Гэта значыць, што цяпер паляванне, суцэльныя высечкі лесу і іншая дзейнасць будуць дазволеныя бліжэй да гнёздаў гэтых відаў. Гэта практычна нівелюе эфект статусу ахоўнага участка.

Мяркуецца, што адпаведныя змены ў заканадаўстве плануецца прыняць у найбліжэйшыя дні. Яны закрануць не толькі рэдкіх птушак, але і іншых “чырванакніжных” жывёл і раслін.

Напрыклад, у месцах пражывання жукоў (рагача, вялікага дубовага вусача), лічынкі якіх харчуюцца мёртвай драўнінай, раней забараняліся ўсе віды высечак, а цяпер прапануецца забараніць высякаць толькі сырую драўніну, хаця для гэтых лічынак ключавая менавіта мёртвая драўніна.

Таксама прапануецца зняць забарону на паляванне ў месцах пастаяннага залягання мядзведзя з лістапада па красавік – а гэта самы адчувальны перыяд для гэтага звера.

У месцах пастаяннага гнездавання многіх відаў птушак цалкам прыбіраецца забарона на паляванне – замест гэтага рэкамендуецца ў паляўнічых гаспадарках выдзяляць зоны спакою, то бок гэта не нешта абавязковае для выканнання, а толькі пажаданне, якое ў многіх выпадках выконвацца не будзе.

“Некаторыя віды, для якіх плануецца значна скараціць ахоўныя зоны вакол гнёзд, вельмі рэдкія, — кажа дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі. – Так, на сёння ў Беларусі вядомая толькі адна пара маркутоў і ніводнага гнязда сокала-падарожніка!”

Орлан-белохвост. Фото Николая Воробья

Арлан-белахвост. Фота Мікалая Вараб’я

Валеры Дамброўскі, кандыдат біялагічных навук: “Раней па многіх драпежных птушках была забарона на суцэльныя высечкі у радыюсе не менш за 300 м вакол гнязда, а для такіх буйных птушак, як вялікі арлец, арлан-белахвост і арол-маркут – не менш за 500 м. І гэта не значыць, што ў радыюсе 500 м было забаронена ўсё рубіць: гэта была проста зона спакою ў перыяд гнездавання. Цалкам высякаць лес было забаронена толькі за 200 м ад гнязда. Цяпер абмежаванне па высечцы ў гнездавы перыяд зменшылі для першай групы драпежных птушак (віды чорны каршун, чырвоны каршун, малы арлец, арол-карлік, сокал-пустальга, сокал-кабец, чорны бусел) да мінімум 100 м вакол гнязда, а для другой (віды арлан-белахвост, вялікі арлец, арол-маркут)  – да 200 м. Калі высечка вядзецца за 200-300 м у гнездавы перыяд, то вялікі арлец адназначна пакіне гняздо. А для многіх відаў, калі нават зімой вырубіш лес за 100 м ад гнязда, гэта мае вялікае значэнне, бо ўчастак робіцца адкрытым для чалавека, драпежнікаў, зменяюцца ўмовы. А такія чуллівыя для любога ўздзеяння на гнездавым участку як вялікі арлец, арлан-белахвост, арол-вужаед, будуць проста кідаць гнёзды, калі будуць прымененыя гэтыя рэкамендацыі, што скарачаюць амаль утрая зоны спакою.”

У праекце пастановы Мінпрыроды ёсць і пазітыўныя змены і дапаўненні Тэхнічны кодэкс практыкі аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання (ТКП). Напрыклад, значна павялічыўся спіс забароненай дзейнасці ў месцах пастаяннага гняздавання жураўлёў, больш дэталёва прапісана, якія воды нельга зліваць у месца пражывання асобных водных відаў, дададзеныя новыя віды жывёл.

Засмучае тое, што з боку Мінпрыроды гэтым разам не было прапановы абмеркаваць адпаведныя праўкі ў заканадаўчыя акты з грамадскасцю, гэта значыць са спецыялістамі, якія не былі задзейнічаныя наўпрост у распрацоўцы праекта, каб пазбегнуць шкоды для дзікай прыроды.

15 жніўня дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі пабываў на сустрэчы з намеснікам Міністра прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Аляксандрам Корбутам, які пагадзіўся з некаторымі крытычнымі заўвагамі. Было дамоўлена абмеркаваць іх з ім і іншымі спецыялістамі Мінпрыроды больш падрабязна ў найбліжэйшы час. Акрамя таго, плануецца абмеркаваць змены  ў ТКП з прадстаўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

https://www.facebook.com/APB.BirdLife.Belarus/



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: