Як падтрымаць тураўскіх кулікоў?

ад 25 кастрычніка 2019 года

Дапамажы вывучэнню і захаванню кулікоў на Тураўскім балонні! Арнітолагі збіраюць сродкі, каб станцыя кальцавання магла працягваць працу.

Перадгісторыя станцыі кальцавання ў Тураве

Гэта самая першая станцыя кальцавання ў Беларусі, якая 30 жніўня будзе адзначаць 20-годдзе няспыннай працы.

Менавіта вынікі працы станцыі дазволілі закрыць вясновае паляванне ў ваколіцах Турава, нягледзячы на моцнае лобі паляўнічых, а баталёна ўключылі ў нацыянальную Чырвоную кнігу ўва многім таксама дзякуючы працы ў Тураве.

Тураўскае балонне ўнікальнае як месца гнездавання і месца прыпынку падчас міграцыі водна-балотных птушак, найперш кулікоў. Менавіта спецыялісты станцыі  адзначылі тут адны з найбуйнейшых у Еўропе згуртаванняў баталёна (120 тысяч птушак) і вялікага грыцука (20 тысяч птушак).

Чым адметнае Тураўскае балонне?

 

Як працуе станцыя?

Аналагаў такой станцыі ў Беларусі няма. Тут навукоўцы атрымліваюць унікальныя дадзеныя пра кулікоў: колькасць, відавы склад, дынаміку міграцыі, поспех размнажэння, уплыў розных фактараў на выжыванне птушак, адкуль яны прыляцелі і куды лятуць далей, колькі гадоў жывуць і г. д. Дадзеныя станцыі кальцавання паказваюць, што ў пойме Прыпяці ўвесну спыняецца на адпачынак каля паўмільёна кулікоў!

Тут праводзіцца маніторынг стану папуляцый кулікоў і іншых водна-балотных птушак. За 20 гадоў тут акальцавана больш за 50 тысяч птушак!

Кулікі – індыкатар стану водных экасістэмаў. Кулікоў ловяць у бяспечныя пасткі-лабірынты і сеткі, узважваюць, абмяраюць і кальцуюць.  Гэта дазваляе даведацца, адкуль і куды лятуць птушкі. Кулікі з беларускімі кольцамі адсюль былі адзначаныя больш чым у 50 краінах Еўропы, Афрыкі і Азіі.

Таксама дзякуючы кальцаванню можна меркаваць пра ўзрост птушак. Напрыклад, у 2016 годзе на Тураўскім балонні была адзначаная самая старая ў свеце марадунка з кальцом 17-гадовай даўніны, а сёлета тут адзначаны самы стары ў Беларусі вялікі грыцук, якому 16 гадоў.

Самы стары беларускі вялікі грыцук

Самы стары беларускі вялікі грыцук. Фота Віктара Натыканца

На станцыі кальцавання не толькі вывучаюць птушак, але і сочаць, каб балонне было заўсёды прыдатнае для птушак. Неаднаразова атрымалася прыпыніць планы па будоўлі на поплаве. З дапамогай спецыялістаў станцыі АПБ ініцыявала на балонні мясцовы заказнік. Спецыялісты станцыі звычайна першыя сярод валанцёраў, якія штогод чысцяць балонне ад кустоў, каб было больш месца для кулікоў , качак і крычак.

 “Гэты сезон быў цяжкі: вясной не было вады, — гаворыць арнітолаг станцыі Павел Пінчук. —. Таму колькасць кулікоў сёлета нізкая. У другой палове траўня і ў пачатку чэрвеня вада рэзка паднялася, і многія гнёзды кулікоў, крычак, чаек загінулі. У канцы траўня мы ладзілі акцыю па ратаванні гнёздаў – падымалі іх вышэй.

Спасённое гнездо малой крачки

Выратаванае гняздо малой крычкі. Фота з архіву станцыі кальцавання

На што патрэбныя грошы?

Грошы патрэбныя на новыя сеткі для адлову птушак і на рамонт пастак-лабірынтаў. Сеткі служаць каля трох гадоў, і нярэдка бывае, што іх прагрызаюць кажаны, якія туды трапляюць.

Пасткі-лабірынты

Пасткі-лабірынты. Фота з архіву станцыі кальцавання

Сродкі патрэбныя і для набыцця байдаркі. Птушкі адлоўліваюцца на астравах, утвораных паводкай пры разліве Прыпяці. Звычайна працуюць дзве групы: адна ловіць птушак, а другая праводзіць улікі. Гэтая праца праводзіцца круглыя суткі. Увечары ,калі ставяцца сеткі, нярэдка плывуць адразу на дзвюх байдарках. Папярэднія байдаркі праслужылі 15 гадоў і зрабіліся зусім старэнькія пасля напружанай працы. Дарэчы, дзякуючы ахвярадаўцам адну байдарку ўжо набылі! Засталося набыць другую.

Таксама дзякуючы ахвяраванням у верасні можна будзе скончыць рамонт вышкі для назірання за птушкамі. Асноўную працу ўжо зрабіла Жыткавіцкае раённае аддзяленне АПБ, засталося толькі давесці вышку да ладу, каб кожны ахвочы мог на спецыяльна абсталяваным месцы паназіраць за кулікамі і каб навукоўцы маглі з яго праводзіць улікі птушак.

Станцыі вельмі патрэбная дапамога, каб яна магла эфектыўна клапаціцца пра птушак!

ПАДТРЫМАЦЬ ГРАШЫМА

Инстаграм АПБ



Падзяліся артыкулам у сацсетках:


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: